Бібліятэка пад сонцам і… дожджыкам

Ці маюць патрэбу кніга і чытанне як спосаб адпачынку ў рэкламе? Для пастаянных карыстальнікаў – не. Але для тых, хто ў летнія дні праходзіць міма вокнаў бібліятэкі і не здагадваецца, наколькі насычанае і цікавае тут жыццё, гэтая праблема актуальна як ніколі.

Таму па добрай традыцыі гарадская бібліятэка прапануе ўсім атрымаць новыя ўражанні на летняй пляцоўцы, якая адкрылася ў гэтыя дні перад цэнтральным уваходам у бібліятэку.

Для хлопчыкаў і дзяўчынак з летніх прышкольных лагераў, якія сабраліся на адкрыцці, супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі выдатную забаўляльна-гульнявую праграму “Вакол свету за 90 дзён”. Прадстаўленне пачалося на імправізаванай сцэне – круглай пляцоўцы каля памятнага валуна, дрэвы вакол былі ўпрыгожаны шарамі, сцяжкамі і кветкамі. Увазе дзяцей была прадстаўлена выстава з сямі тэматычных раздзелаў, якая запрашала ўсіх здзейсніць літаратурнае падарожжа ў розныя часткі свету. Малыя адгадвалі загадкі па гісторыі і геаграфіі, удзельнічалі ў міні-віктарынах, разгадвалі літаратурныя крыжаванкі, расшіфроўвалі карты-рэбусы, чыталі вершы. Цяжэй за ўсё дзецям прыйшлося на апошнім этапе, на жаль, пра Беларусь і пра родны горад яны ведаюць значна меньш, чым пра іншыя краіны. Краязнаўчую віктарыну змаглі адолець толькі некаторыя юныя знаўцы.

Самыя актыўныя і знаходлівыя вандроўцы атрымалі салодкія прызы. Але галоўным падарункам стала атрыманая магчымасць з карысцю запоўніць вольны час на адкрытай летняй пляцоўцы. Работнікі бібліятэкі абяцаюць дзецям штотыднёвыя інтэрактыўныя пазнавальна-гульнявыя праграмы, а дарослым – займальныя літаратурныя святы. Будзе магчымасць і свабоднага абмену літаратурай сярод насельніцтва, стэлажы буккросінгу на час дзеяння пляцоўкі будуць размяшчацца на вуліцы.

Такім чынам, чытальная зала пад адкрытым небам чакае чытачоў кожны аўторак і сераду з 11.30 да 16.00 гадзін (з улікам надвор’я, зразумела).

Алена Зялевіч // Раённыя будні. – 2016. – 22 чэрвеня (№ 47). – С. 6.

Закладка Постоянная ссылка.

Комментарии запрещены.