Сямейны «круіз»

Мерапрыемства, якое прайшло ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Засіма і было прымеркавана да Міжнароднага дня сем’і, уразіла ўсіх надзвычай цёплай і прыязнай атмасферай. Вечарына пад назвай «Марскі круіз», арганізаваная сумесна з культработнікамі Сонечнага СДК, дапамагла інвалідам аддзялення дзённага знаходжання Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адчуць сябе жаданымі гасцямі на борце «круізнага лайнера», які «панёс» іх у далёкае плаванне.

Падымаючыся на палубу, «асаблівыя» пасажыры з задавальненнем расказывалі «экіпажу карабля» пра свае сем’і і сваё разуменне сямейнага шчасця. А потым адправіліся ў захапляльны і вясёлы «круіз». Па дарозе гасцям давялося праверыць «марскія» веды ў інтэлектуальнай віктарыне і ў эстафеце. Яны ўзгадалі самых бясстрашных і вынаходлівых капітанаў усіх часоў і народаў, якія сталі героямі кніг і фільмаў, а таксама прынялі ўдзел у конкурсе «Марскі бой».

Глыбей акунуцца ў таямнічы свет акіянаў «асаблівым» пасажырам дапамаглі вядомыя фільмы, мультфільмы, песні на марскую тэматыку, якія суправаджалі іх на працягу ўсяго «круіза».

Напрыканцы імпрэзы арганізатары гэтага цудоўнага сямейнага свята і галоўны яго спонсар ТАА «Нятканы свет» уручылі гасцям свае падарункі. Бібліятэчны «круіз» пакінуў пасля сябе лёгкі брыз у душах удзельнікаў, многія з якіх выказалі пажаданне калі-небудзь пабываць на сапраўдным моры. Дык сем футаў пад кілем вам, сябры!

Алеся Смайлік

Метки: , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий