Вярнуцца ў БССР!

віктарына-падарожжа

(да 100-годдзя з часу абвяшчэння БССР)

/ відэазастаўка “100 лет БССР” (урывак з дакументальнага фільма “100 лет БССР”) /

Вяд. 1.  1 студзеня 2019 года споўнілася 100 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

БССР — цэлая эпоха, якая праіснавала амаль усё XX стагоддзе і была неад’емнай часткай Савецкага Саюза. І калі для маладога пакалення гэта гісторыя, то для народжаных у савецкі час — настальгія па дзяцінстве і маладосці. Прапануем вам вярнуцца ў БССР і ўспомніць, як жылі ў той час, аб чым марылі жыхары рэспублікі і чым ганарыліся.

Вяд. 2.  На працягу беларускай гісторыі яе тэрыторыя належыла то адной, то другой дзяржаве, з-за чаго ў краіне часта мянялася галоўная дзяржаўная мова. А на працягу 17 гадоў ХХ стагоддзя ў Беларусі было 4 дзяржаўныя мовы адначасова. Якія, як вы лічыце? (руская, беларуская, польская і ідыш)

Вяд. 1. Беларуская, ідыш, польская і руская — гэтыя чатыры мовы былі дзяржаўнымі ў БССР з пачатку 1920-х гадоў. На іх афармляліся шыльды дзяржустаноў і на іх перакладаліся законы Савецкай Беларусі. Выпускаліся чатырохмоўныя часопісы і газеты. На гербе БССР, зацверджаным ў 1927 годзе, надпіс “Пролетарии всех стран, соединяйтесь!” была выканана на ўсіх дзяржаўных мовах.

Вяд. 2.  Яўрэі, палякі і рускія — у рамках нацыянальнай палітыкі, якая праводзілася ў БССР у 1920-я гады — маглі аддаваць сваіх дзяцей у школы з нацыянальнай мовай навучання. Таксама на сяле ствараліся нацыянальныя калектыўныя гаспадаркі. Акрамя яўрэйскіх, рускіх і польскіх калгасаў у БССР у 1920-я гады былі ўтвораны літоўскія, латышскія і нават кітайскія. У 1936 годзе ідыш і польская мовы былі пазбаўлены статусу дзяржаўных.

Вяд. 1. Якая мова мела галоўную ролю сярод чатырох дзяржаўных моў БССР? (беларуская) У 1920-я гады яе былі абавязаны вывучаць усе чыноўнікі і партыйныя дзеячы Беларусі. У тым ліку і тыя, хто прыехаў у Савецкую Беларусь з іншых рэспублік СССР.

Вяд. 2.  Камісія па ажыццяўленню нацыянальнай палітыкі ЦВК БССР, створаная ў 1924 годзе, перыядычна правярала работнікаў дзяржустаноў на веданне мовы. Тых, хто правальваў праверку, каралі. Як? (штрафавалі)

Вяд. 1. На беларускую мову таксама перакладаліся шматлікія перыядычныя выданні БССР. Напрыклад, газета “Звязда”, якая першапачаткова выходзіла па-руску, з 1927 года стала выходзіць цалкам на беларускай мове. Па-беларуску ішло і выкладанне ў тэхнікумах і ВНУ.

Вяд. 2.  Увогуле, у сярэдзіне 1920-х гадоў у БССР з’явіліся дзясяткі новых выданняў, вялікая частка з якіх выходзіла на беларускай мове. Асабліва варта адзначыць з’яўленне некалькіх ілюстраваных часопісаў самай рознай тэматыкі, выкананых на высокім паліграфічным узроўні. Так, напрыклад, у 1930 годзе выйшаў у свет першы нумар часопіса “Чырвоная Беларусь”. У выданні, у якім выкарыстоўваліся шырокафарматныя ілюстрацыі, асвятляліся падзеі, якія адбываліся ў БССР, у саюзных рэспубліках і ў свеце. “Чырвоная Беларусь” была па сутнасці аналагам амерыканскага часопіса… Якога? (“Time”). У выданні таксама публікавалі свае вершы, апавяданні і нарысы вядомыя беларускія літаратары таго часу.

Вяд. 1. З 1924 года ў Беларусі пачаў выходзіць савецкі “Cosmopolitan” — жаночы ілюстраваны часопіс(“Беларуская работніца і сялянка”) Як называецца гэта выданне зараз? (“Алеся”). Часопіс не толькі асвятляў палітыку, але таксама даваў практычныя бытавыя парады і размяшчаў выкрайкі модных касцюмаў.

Вяд. 2.  Зрэшты, беларусізацыя ў 1920-я гады мела цалкам прагматычныя мэты — савецкае кіраўніцтва імкнулася данесці камуністычныя ідэі да рабочых і сялян на той мове, якую яны разумелі. Бо ў той час па-беларуску размаўляла колькі працэнтаў насельніцтва БССР? (67%) Згортванне “беларусізацыі” пачалося ўжо ў пачатку 1930-х, калі ў СССР быў узяты курс на русіфікацыю саюзных рэспублік.

Вяд. 1. Савецкі Саюз сёння ўспрымаецца як выключна атэістычная краіна. Але ў першыя гады існавання БССР многія царкоўныя святы ў календары заставаліся непрацоўнымі днямі. І гэта нягледзячы на адасабленне царквы ад дзяржавы і антырэлігійную прапаганду. Так, у 1927 годзе Ператварэнне і Успенне суседнічалі ў спісе непрацоўных дзен з гадавінай Кастрычніцкай рэвалюцыі, а Першамай адзначаўся пасля Вялікадня.

Вяд. 2.  Таксама ў міжваеннай БССР існавала сваё свята, якое можна параўнаць з сённяшнімі ўрачыстасцямі на 3 ліпеня. Гаворка пра 11 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень у 1920 годзе Мінск у ходзе наступлення Чырвонай Арміі быў вызвалены ад… Каго, як вы лічыце? (“белапалякаў”).

Вяд. 1. У 1920-е і 1930-я гады гэты дзень стаў асноўным сталічным святам. У гадавіну вызвалення сталіцы праходзілі ваенныя парады, газеты друкавалі ўспаміны гараджан, відавочцаў “белопольской” акупацыі і апавяданні ветэранаў-чырвонаармейцаў, мастакі і літаратары прысвячалі гэтай перамозе свае працы. Пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР значэнне свята стала змяншацца. Вялікая Айчынная вайна і вызваленне Беларусі ў 1944 годзе канчаткова выцеснілі дзень 11 ліпеня са спісу галоўных святаў краіны.

Вяд. 2. Падкажыце, а якім увогуле дзяржавам належылі беларускія землі ў ХХ стагоддзі? (Расійскай імперыі, СССР, Рэспублікі Польшчы)

Да 1917 года беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. З 1921 года землі Заходняй Беларусі адышлі Рэспубліцы Польшчы. А на ўсходніх тэрыторыях адрадзілася Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.

Вяд. 1. Праз 18 гадоў тэрыторыі Заходняй Беларусі былі ўведзены ў склад БССР. Але якім чынам гэта адбылося? (На падставе дагавора аб падзеле сфер уплыву паміж Германіяй і СССР, у верасні 1939 году савецкія войскі занялі тэрыторыю Заходняй Беларусі, у выніку чаго гэтыя тэрыторыі былі ўведзены ў склад БССР)

Вяд. 2. У выніку аб’яднання плошча БССР склала каля 225 тыс. км², а насельніцтва – больш 10 млн. чалавек. Тэрыторыя Беларусі была падзелена на 10 абласцей. Паспрабуйце іх назваць (Беластоцкая, Брэсцкая, Баранавіцкая, Пінская, Палеская, Мінская, Вілейская, Віцебская, Магілёўская, Гомельская).

/ урывак з дак. фільму “100 лет БССР” (пачатак ВАВ) /

Вяд. 1. Вялікая Айчынная вайна стала адной з самых значных старонак у гісторыі Беларусі. Небывалая па сваіх маштабах і жорсткасці бітва савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў павярнулася для БССР найцяжкім выпрабаваннем.

/ урывак з дак. фільма “100 лет БССР” (нямецкая акупацыя Беларусі) /

Вяд. 2. Аднак беларускі народ не жадаў скарыцца акупантам. Захопнікам давялося сутыкнуцца з разнастайнымі формамі супраціву — партызанскім рухам, падпольнай барацьбой, арганізаваным сабатажам. Партызанскі рух, якім кіраваў Цэнтральны камітэт Кампартыі Беларусі, набыў на беларускіх землях незвычайны размах.

Вяд. 1. За тры гады барацьбы ў тыле ворага, з чэрвеня 1941 года па ліпень 1944 года, партызаны і падпольшчыкі забілі і паранілі… Колькі акупантаў? (каля паўмільёна) Пусцілі пад адхон 11128 варожых эшалонаў і 34 бронецягнікі, разграмілі 948 штабоў і гарнізонаў ворага, падбілі 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат рознага калібру, 939 ваенных складоў.

/ урывак з дак. Фільма “100 лет БССР” (вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі) /

Вяд. 2. У 1945 годзе кожная беларуская сям’я радавалася вялікай перамозе і з надзеяй глядзела ў будучыню. Безумоўна, пасляваенны перыяд – неймаверна цяжкі час, калі трэба было аднаўляць усе здабыткі даваеннага жыцця. І менавіта у гэты час у БССР з`яўляецца свой асабісты гімн на вершы Міхася Клімковіча і музыку Нестара Сакалоўскага. У якім годзе ён прагучаў упершыню? (у 1955 годзе) У нашы дні вершаваныя радкі Клімковіча дапоўніў паэт Уладзімір Карызна, і гімн савецкага часу працягвае жыццё як Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

/ відэакліп “Государственный гимн Белорусской ССР (1956-1991)” /

Вяд. 1. Пасля вайны пачаўся прынцыпова новы перыяд у гісторыі БССР. Калі ў 1920-х-1930-х гадах Беларусь была ў асноўным аграрнай рэспублікай, то з канца 40-х гадоў яна становіцца высокаразвітым індустрыяльным рэгіёнам СССР. Дзякуючы дапамозе іншых рэспублік Беларусь у кароткі час набывае рэпутацыю зборачнага цэха ўсяго саюза. З’яўляюцца першыя брэнды з БССР, якія пазнала і палюбіла ўся краіна, а затым і ўвесь свет.

Вяд. 2. У 1954 годзе на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе імя Леніна з’явіліся першыя беларускія тэлевізары, і выпускалі іх амаль два дзясяткі гадоў. Першынец называўся проста і коратка. Як? (“Беларусь”) Тэлевізійны першапраходзец меў экран дыяганаллю 31 см (памер выявы 18 × 24 см) і быў разлічаны на прыём аж цэлых трох тэлевізійных каналаў.

Вяд. 1. У 1972 годзе на базе Мінскага радыёзавода імя Леніна з’явілася аб’яднанне, якое выпускае тэлевізары і зараз. Як яно называецца? (“Горизонт”)

Вяд. 2. Першая мадэль беларускага халадзільніка называлася “Мінск-1” і была ўбудаванай. Яна так і паступала ў крамы: разам са стальніцай і шафай для посуду злева.

А ў якім годзе пачаліся пастаўкі беларускіх халадзільнікаў за мяжу? (у 1973 годзе) У гэты ж час з канвеера сыходзіць першы ў СССР двухкамерны халадзільнік “Мінск-7”.

Вяд. 1. Гісторыя гэтай беларускай веласіпеднай маркі вядзе адлік з 1947 года. За ўсю гісторыю пад гэтай маркай было прададзена больш за 55 млн ровараў. У 2008 годзе гэта марка становіцца афіцыйным партнёрам Беларускай федэрацыі веласіпеднага спорту. І на Алімпійскіх гульнях у Пекіне на ровары гэтай маркі выступіла васьмікратная чэмпіёнка свету Наталля Цылінская. На гэтых роварах у 2012 годзе беларускія спартсменкі ўсталявалі алімпійскі рэкорд і два нацыянальныя рэкорды на алімпійскім велатрэку ў Лондане. Назавіце гэтую марку (“Аист”)

Вяд. 2. Гісторыя знакамітага на ўвесь Савецкі Саюз і за яго межамі мінскага гадзіннікавага завода пачалася ў далёкім 1953-м годзе. Спачатку было арганізавана прадпрыемства на базе расійскага завода “Заря”, і толькі потым яно было пераназвана. Як ён называецца зараз? (“Луч”) За ўсю гісторыю свайго існавання прадпрыемства асвоіла больш за 1700 розных мадэляў гадзіннікаў, многія з іх атрымалі прызнанне далёка за мяжой, а некаторыя нават былі адзначаны залатымі медалямі.

Вяд. 1. Тэхніку “Белаз” ведаюць далёка за межамі краіны, бо гэта па-сапраўднаму сусветны брэнд. Завод быў заснаваны ў 1948 годзе і пастаянна нарошчваў тэмпы вытворчасці бульдозераў, пагрузчыкаў і самазвалаў.

У 2013 годзе Беларускі аўтамабільны завод прадставіў самы вялікі ў свеце самазвал БелАЗ-75710.

/ урывак з дак. фільма “БелАЗ-75710. Самый большой самосвал на планете Земля”( БелАЗ-75710 з лёгкасцю пераязджае легкавы аўтамабіль) /

Вяд. 2. А зараз паспрабуйце адгадаць, колькі важыць БелАЗ-75710 і калі б вы захацелі сабе набыць такую машынку, то колькі вам прыйшлося б заплаціць? (важыць — 360 тон, прыкладная цана – каля $ 9 млн.)

/ урывак з дак. фільма “БелАЗ-75710. Самый большой самосвал на планете Земля”(характарыстыкі БелАЗ-75710) /

Вяд. 1. Мінскі трактарны завод на сённяшні момант уваходзіць у васьмёрку буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце. Завод распрацоўвае і вырабляе колавыя і гусенічныя трактары, мотаблокі, прычапныя і навясныя прылады для сельскагаспадарчых, будаўнічых, лясных і камунальных работ. У якім жа годзе ён быў заснаваны? (у 1946 годзе)

Вяд. 2. Сёння сярод шырока вядомых брэндаў Беларусі выступаюць не толькі вытворцы бытавой тэхнікі і машынабудаўнічых гігантаў, але і інавацыйныя IT-кампаніі з сусветным імем, сучасныя хімічныя прадпрыемствы, папулярныя маркі абутку і адзення, высакаякасныя прадукты харчавання, натуральная касметыка і парфумерыя, хатні тэкстыль і ювелірныя ўпрыгожанні. Брэнды Беларусі карыстаюцца шырокай папулярнасцю сярод пакупнікоў з розных краін свету.

/ урывак з дак. фільма “100 лет БССР” (мастацтва БССР у 60-я-70-я гады) /

Вяд. 1. У літаратуры ў той час адной з галоўных стала тэма Вялікай Айчыннай вайны. У ліку першых буйных твораў аб вайне – беларускі раман пра партызанскі рух “Глыбокая плынь” Івана Шамякіна, раманы “Мінскі напрамак” Івана Мележа і “Векапомныя дні” Міхася Лынькова. Чалавек у іх раскрываецца перш за ўсё праз яго гераічныя ўчынкі.

Вяд. 2. Шырокую вядомасць сваімі ваеннымі творамі “Жураўліны крык”, “Альпійская балада”, “Трэцяя ракета” набыў… Які беларускі пісьменнік? (Васіль Быкаў) “Альпійская балада” — гэтая аповесць пра тры дні жыцця ўцекачоў з палону беларуса Івана і італьянкі Джуліі. Гэта гісторыя пра тры кароткія дні, якія ўмясцілі ў сябе цэлую вечнасць, якія падарылі былым вязням канцлагера бязмежную любоў і надзею на выратаванне.

Вяд. 1. За гэты кароткі перыяд яны перажываюць самыя неверагодныя прыгоды ў сваім жыцці. Галодныя, змучаныя, напалоханыя і разгубленыя, учарашнія вязні нечакана сутыкаюцца з грандыёзнай веліччу альпійскай прыроды, як бы існуючай па-за часам, і акунаюцца ў прыгажосць гор Еўропы, з цяжкасцю ўсведамляючы, што навакольнае яшчэ можа быць выдатным, а мужчына і жанчына ўсё -такі здольныя думаць не толькі пра вайну і небяспеку.

У 1965 годзе па аповесці “Альпійкая балада” быў зняты аднайменны фільм рэжысёра Барыса Сцяпанава, які і зараз глядзіш з вялікім задавальненнем.

/ урывак з фільма “Альпійская балада” (Джулія спрабуе праспяваць рускую песню) /

Вяд. 2. Падзеі мінулай вайны адлюстраваны таксама ў “Хатынскай аповесцi” Алеся Адамовіча, яго творах “Вайна пад стрэхамi” і “Сыны iдуць у бой”.

У 1960-я гг. вядучым літаратурным жанрам стаў раман. Былі напісаны раманы “Птушкi i гнёзды” Янкі Брыля, “Людзi на балоце” з трылогіі  “Палеская хронiка”. Якога пісьменніка? (Івана Мележа)

Вяд. 1. Важнай падзеяй у беларускай літаратуры стаў выхад ў 1965 г. рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваiм”. У ім адлюстраваліся падзеі, звязаныя з наспяваннем паўстання 1863-1864 гг. Гістарычнай тэматыцы былі прысвечаны яго раманы і аповесць… Якія? Падкажыце мне (раманы “Чорны замак Альшанскi”, “Хрыстос прызямлiуся ў Гароднi” і аповесць “Дзiкае паляванне караля Стаха”).

Вяд. 2. Рэвалюцыйнай тэматыцы былі прысвечаны аповесці Івана Шамякіна “Браняпоезд”, “Таварыш Ленiн”, “Лёс майго земляка”. Але шырока вядомымі сталі яго раманы “Вазьму твой боль” і… Які? (“Сэрца на далонi”)

Вяд. 1. З літаратурай было цесна звязана развіццё тэатральнага і музычнага мастацтва. Атрымала вядомасць камедыя Андрэя Макаёнка “Лявонiха на арбiце”. Доўгі час ставіліся оперы “Калючая ружа” Юрыя Семянякі, прысвечаная жыццю студэнцтва, “Ясная свiтанне” Алеся Туранкова пра ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

Вяд. 2. Тры вакальна-інструментальныя ансамблі,  пачынаючы з 1970-х гадоў, сталі візітнай карткай беларускай эстрады. Назавіце іх (“Верасы”, “Сябры” і “Песняры”). Зараз вы пачуеце самыя знакамітыя іх песні. Паспрабуйце здагадацца,  дзе хто спявае.

/ відэакліп “Беловежская пуща” (у вык. ВІА “Песняры”) /

Вяд. 1. Вакальна-інструментальны ансамбль “Песняры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна быў створаны ў Мінску ў 1969 годзе. Вядомы шырокай аўдыторыі па песнях “Касіў Ясь канюшыну”, “Беловежская пуща”, “Белоруссия”, “Вологда”, “За полчаса до весны” і  іншым.

У аснове стылю “Песняроў” ляжаў беларускі фальклор: яны ўключалі ў рэпертуар эстрадныя апрацоўкі народных песен, а тэксты былі прысвечаны беларускай культуры і гісторыі.

/ відэакліп “Завіруха” (у вык. ВІА “Верасы”) /

Вяд. 2. Вакальна-інструментальны ансамбль “Верасы” створаны ў 1971 годзе. Найбольш вядомыя песні гурта: “Малиновка”, “Завіруха”, “Карнавал”, “Я у бабушки живу”, “Музыка для всех”.

/ відэакліп “Алеся” (у вык. ВІА “Сябры”) /

Вяд. 1. Вакальна-інструментальны ансамбль “Сябры” створаны ў 1974 годзе. Акрамя песні “Алеся”, яшчэ адной усенародна вядомай працай калектыву стала песня “Вы шуміце, бярозы!”, якую беларускі кампазітар Эдуард Ханок напісаў у 1983 годзе.

Вяд. 2. Для гэтых калектываў пісалі песні розныя кампазітары, але хто стварыў самыя вядомыя? (Ігар Лучанок) Назавіце некалькі яго песен (“Журавли на Полесье летят”, “Алеся”, “Спадчына”, “Вероника”, “Мой родны кут”, “Авэ Марыя”). У 1982 годзе Ігару Лучанку было прысвоена званне Народнага артыста Беларускай ССР.

Вяд. 1. Ганаровае званне “Народны артыст Беларускай ССР” было ўстаноўлена 20 снежня 1928 года. Прысвойвалася Прэзідыумам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР выдатным дзеячам мастацтва, якія праславіліся ў справе развіцця тэатра, музыкі і кіно. З распадам Савецкага Саюза ў Беларусі званне “Народны артыст Беларускай ССР” было заменена званнем “Народны артыст Рэспублікі Беларусь”.

Вяд. 2. Шмат таленавітых беларускіх акцёраў былі ўдастоены звання “Народны артыст Беларускай ССР”. Успомнім самых знакамітых з іх. Зараз вы ўбачыце ўрыўкі з фільмаў, дзе іграе народны артыст БССР. Назавіце мне яго імя.

/ урывак з фільма “Белыя Росы” (гераіня С. Станюты лае сына) /

Вяд. 1. Стэфанія Станюта нарадзілася ў Мінску ў 1905 годзе. Яна заспела царскі перыяд, перажыла савецкую ўладу і некалькі гадоў пражыла ў суверэннай Беларусі. Увесь свой доўгі век у 95 гадоў яна прысвяціла тэатру і кіно. У асноўным Стэфанія іграла другарадныя ролі, былі сярод іх і непісьменныя сялянкі, і элегантныя жанчыны, і ва ўсіх амплуа Станюта глядзелася гарманічна. У 1957 годзе была ўдастоена звання “Народны артыст Беларускай ССР”.

Гучная слава прыйшла да актрысы з ролямі ў кіно, калі жанчыне было каля 70 гадоў. Яе мудры маршчыністы твар запомніўся беларусам па многіх фільмах. І тым не менш менавіта тэатр да апошняга заставаўся справай яе жыцця, якому яна прысвяціла ўсю сябе.

Вяд. 2. Гэты акцёр нарадзіўся ў 1930 годзе ў Адэсе, а памёр зусім нядаўна — 26 чэрвеня 2016 года ў Мінску. Больш за паўстагоддзя працаваў на беларускай зямлі: спачатку іграў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларускай ССР ім. М. Горкага, а з 1995 па 2010 год быў старшынёй міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”. У яго фільмаграфіі ёсць месца такім карцінам як “Служили два товарища”, “Сказка о Звездном мальчике”, “Пламя”, “Битва за Москву”, “В июне 41-го”.

/ урывак з фільма “Сказка о Звёздном мальчике” (выказванні героя Р. Янкоўскага аб пачуццях) /

Вяд. 1. Расціслаў Янкоўскі. Званне “Народны артыст Беларускай ССР” атрымаў у 1967 годзе.

У гэтым жа годзе народнай артысткай стала актрыса, якая пачала здымацца ў кіно ў 1958 годзе. Шырокую вядомасць атрымала пасля ролі Аляксандры Мацвееўны Громавай ў фільме Сяргея Мікаэляна “Вдовы” у 1976 годзе. Сярод іншых яе запамінальных прац – карціны “Молодая жена” і “Белые Росы”.

/ урывак з фільма “Молодая жена” (гераіня Г. Макаравай гаворыць з унучкай пра вяселле) /

Вяд. 2. Галіна Макарава.

У 1980 годзе званне атрымаў артыст, які пачынаў сваю кар’еру у мастацкай самадзейнасці. Потым былі тэатральна-мастацкі інстытут і Купалаўскі тэатр. Самыя вядомыя яго ролі ў кіно — Васіля Дзятліка ў “Людзях на балоце” і Андрэя Ходаса ў фільме “Белые Росы”.

/ урывак з фільма “Белые Росы” (герой Г. Гарбука гаворыць з бацькам аб кватэры) /

Вяд. 1. Генадзь Гарбук.

Беларускія артысты ўнеслі вялікі ўклад у развіццё савецкага кіно. Увогуле, фільмы кінастудыі “Беларусьфільм”, якая была заснавана ў 1924 годзе, карысталіся шырокай папулярнасцю. Акрамя экранізацый твораў беларускіх пісьменнікаў, на студыі было створана шмат дзіцячых фільмаў і фільмаў пра вайну, дакументальных, навукова-папулярных і навучальных фільмаў, а пачынаючы з 1972 года — яшчэ і больш за 125 розных па тэхніцы мультыплікацыйных стужак. Паспрабуйце назваць самыя вядомы фільмы кінастудыі “Беларусьфільм” (“Белые Росы”, “Приключения Буратино”, “Про Красную Шапочку”, “Я родом из детства”, “Город мастеров”, “Часы остановились в полночь”, “Дикая охота короля Стаха”, “Знак беды”, “В августе 44-го…”, Кортик”, “Брестская крепость”, “Питер Пэн”, “Сказка о Звёздном мальчике”, “Альпийская баллада”)

Вяд. 2. У выяўленчым мастацтве таго часу пераважала героіка-патрыятычная тэматыка. Сярод твораў манументальнага мастацтва асабліва вылучаюцца мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Курган Славы” і… Які яшчэ?  (“Брэсцкая крэпасць-герой”)

/ урывак з дак. фільма “100 лет БССР” (БССР у 70-я-80-я гады) /

Вяд. 1. У выніку, 19 верасня 1991 года БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь, пасля чаго заставалася ў складзе СССР яшчэ каля трох месяцаў.

Вяд. 2. Чатыры літары БССР. За імі больш 72 гадоў добрага і дрэннага, здзяйсненняў і памылак, мірнай працы і гераічных подзвігаў. І самае галоўнае, людскіх лёсаў нашых з вамі продкаў, якія жылі на сваёй зямлі, любілі яе і імкнуліся да таго, каб іх нашчадкі, мы з вамі, жылі лепш і шчаслівей, чым яны самі. Менавіта таму зробленае імі годна нашай любові і ўдзячнай памяці.

Складальнік: намеснік дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.

Крыніцы.

  1. Альпийская баллада : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  2. Барило, Юлия Топ самых узнаваемых актёров белорусского театра : [Электронный ресурс] / Юлия Барило. – Режим доступа : https://planetabelarus.by.
  3. Белаз : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.belnovosti.by.
  4. Беларусьфильм : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  5. Бренды Беларуси : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://belarusfacts.by.
  6. Верасы : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  7. Галина Макарова : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://stuki-druki.com.
  8. Игорь Лученок : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  9. История Беларуси : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.belarus.by.
  10. История Белоруссии : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  11. Минский тракторный завод : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  12. Первый среди гигантов – БелАЗ 75710 : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://machinspec.com.
  13. Песняры : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  14. Под знаком качества. От “Зари” до “Луча” : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://ndsmi.by.
  15. Развитие культуры в БССР во второй половине 1940-х-1980-е гг. : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.zavtrasessiya.com.
  16. Садовский, Владимир Идиш — государственный язык, за незнание “мовы” — штраф. Беларусь 90 лет назад : [Электронный ресурс] / Владимир Садовский. – Режим доступа : https://news.tut.by.
  17. Семь брендов БССР : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.kirovsk.by.
  18. Список народных артистов Беларуси : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  19. Сябры : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
  20. 100 лет БССР: в годы Великой Отечественной войны : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.kirovsk.by.
  21. Топ 50 интересных фактов о Беларуси : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.visit-belarus.com.
  22. Топ самых знаменитых и узнаваемых белорусских актеров : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://4esnok.by.
Метки: , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий

Войти с помощью: