Цудоўную праграму пад агульнай назвай «Бібліятэчны гарадок» падрыхтавалі да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь бібліятэкары. Па цікавых «старажытных і сучасных вулачках» цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Засіма амаль тры гадзіны з вялікім задавальненнем «шпацыравалі» госці.
На «Вуліцы майстроў» іх чакалі выставы творчых работ самых таленавітых супрацоўнікаў бібліятэк раёна і членаў іх сем’яў, а таксама славутых пружанскіх майстроў.
Замілавалі вока прыгожыя карціны ад Валянціна Каршункова з Новых Засімавіч, крыжыкам вышытыя «казачныя» творы загадчыцы Ліноўскай сельскай бібліятэкі Алены Антончык і Наталлі Місюля з Клепачоў. Прывабіла сваёй арыгінальнасцю мноства работ ад чытачоў Хараўской бібліятэкі, дзе забуялі яркімі колерамі папяровыя кветкі і іншыя вырабы, выкананыя ў тэхніцы тарцавання.
Заглянулі госці і ў распісныя шкельцы ад народнага майстра РБ Марыі Кулецкай, павіталіся з «драўляным людам» знакамітага майстра Мікалая Тарасюка, з задавальненнем пачаставаліся духмянай гарбатай з аладкамі, блінамі і мёдам…
І, нарэшце, збочылі на «Літаратурны бульвар», дзе разгарнулася галоўнае дзейства — прэзентацыя песні «Пружанская малітва», словы якой напісала добра вядомая ўсім нашым чытачам аўтарка выдатных гістарычна-краязнаўчых артыкулаў «раёнкі» і яе былы адказны сакратар Ірына Сядова.
Менавіта яна асабіста і распавяла гісторыю стварэння гэтага шчымлівага і ўзнёслага верша, напісанага ў свой час як прадмова да яе кнігі «Нябеснае і зямное».
І вось, дзякуючы намаганням сяброў Ірыны Уладзіміраўны, такіх жа, дарэчы, рупліўцаў сваёй справы, як і яна сама, была напісана фантастычная духоўная музыка — харавы паліфанічны шэдэўр, які выканаў і запісаў вакальны калектыў педагогаў Іванаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя Напалеона Орды.
Аўтар музыкі — ветэран культуры з г. Іванава Валянцін Перапёлкін, таленавіты кампазітар, выканаўца, педагог. У яго творчую скарбонку, багатую на творы вялікай жанравай формы (араторыі, оперы, канцэрты-рэквіемы, мюзіклы), цяпер уваходзіць і наша «Малітва», дзе, дарэчы, гучаць такія словы: «Блаславі наш край, Божа, і абарані…» Прызнацца, слёзы на вочы наварочваліся, калі я слухала гэтую «анёльскую» музыку…
Пасля такой кранальнай лірычнай прэзентацыі песні ўсе жадаючыя паўдзельнічалі ў не менш узнёслай акцыі «Жывая класіка»: прачыталі вершы, як ужо кажуць у народзе, чатырох паэтычных стаўпоў Пружаншчыны — «чатырох Міколаў»: Засіма, Купрэева, Антаноўскага і Папекі.
Сваё захапленне гэтымі творцамі і ўдзячнасць арганізатарам свята выказалі мясцовыя паэты Ніна Дыдышка, Аляксей Радзівончык, кіраўнік клуба ветэранаў Святлана Несцерава, а таксама самая маленькая госця імпрэзы з в. Новыя Засімавічы Яна Мамедава.
Адметна, што дзяўчынка, якая нядаўна прыехала з рускамоўнымі бацькамі з Узбекістана і сёння з дапамогай бабулі вывучае беларускую мову, выбрала для свайго выступлення вядомы верш Янкі Купалы «Мая малітва».
Дарэчы, самых маленькіх гасцей чакаў асаблівы літаратурна-гістарычны маршрут. Яго падрыхтавалі супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі імя Алены Лось. У «Казачным скверы» для маленькіх чытачоў яны правялі розныя гульні, віктарыны і конкурсы і паказалі міні-спектакль тэатра маляванай лялькі па матывах беларускіх казак.
У «Чароўным завулку» дзеці разыгралі бяспройгрышную латарэю і акунуліся ў магічную атмасферу, якую стварыў фокуснік Максім Гумен.
Пасля яны разам з дарослымі прайшліся па «Гістарычнай плошчы», дзе ў пазнавальна-гульнёвай праграме-квэсце згадалі пра архітэктурныя жамчужыны Пружаншчыны, іх гісторыю.
Свята 3 ліпеня ў чарговы раз нагадала пра тое, што, нягледзячы на розныя погляды і захапленні, усе мы — адзіны, моцны і незалежны народ з даўняй гісторыяй і неабсяжнай будучыняй, паўплываць на якую мы можам толькі разам.
Алена Зялевіч