Таленты роднай зямлі

літаратурна-музычная вечарына

Гучыць музыка Іванова “Спеў дубраў”.

Дэманструюцца слайды з краявідамі Пружан.

На фоне музыкі чытальнік:

 Мая Пружанская зямліца

Твае палі і сінь нябёс

Мне будуць бачыцца і сніцца

Куды б мяне ні кінуў лёс.

 

Павер мне, мой бацькоўскі краю,

Як песні пра цябе пяю,

Здаецца мне – я засяваю

Насеўкам родную зямлю.

 

І словы-зерняткі глыбока

Кладуцца ў свежую раллю

І ты жывым іх поіш сокам

Гадуеш песню ты маю.

 

Мая ты родная зямліца!

Хто палюбіў цябе навек.

Таму ты – творчасці крыніца

І той – шчаслівы чалавек.

(М.Засім. Родная зямліца)

/Працягвае гучаць музыка/

Вядучы 1. Калі гэтую зямлю убачыць хоць раз у жыцці – не забудзеш. Калі з чыстых яе крыніц вып’еш глыток вады – прыбавіцца сіл і радасці.

Калі пройдзеш па гэтай зямлі, — палюбіш яе.

Вядучы 2. А калі нарадзіўся на гэтай зямлі, то дзе б ні апынуўся, сэрца будзе неадступна клікаць да лясных і азёрных даляў, да духмянага чабору на ўзгорку, да жытнёвага поля, будзеш бачыць родную зямлю то цяжкім коласам, то сенажаццю, то бульбай, спечанай у попеле вогнішча, заўсёды будзеш чуць яе песні: сумныя, вясёлыя, жаўрукова-радасныя, з маленства – і на ўсё жыццё – родныя.

Вядучы 1. І сёняшнюю нашу сустрэчу мы прысвячаем талентам нашай роднай зямліцы, тым, хто яе праславіў і апеў. А зямліца наша нарадзіла, узгадавала і дала крылы для магутнага палёту многім нашым землякам. Яны – наш гонар.

/На экран праецыруецца партрэт М.Засіма/

Чытальнік. “Гэй, паэты вёскі й поля

Я ваш сябра, Засім Коля

З-пад Пружанаў, з вёскі Шэні,

І ў мяне, браты, у кішэні

Часта грошай брак на марку,

Рэдка ў страве бачу скварку,

Бульбай усенька пакрываю,

Гумы цяжкія цягаю.

Ды не падаю на дусе!

Для працоўных Беларусі

Цераблю я шлях дзярновы,

У верш уплятаю сталі словы

І аб радасці змагання

Пяяць буду да сканання.

Вядучы 1. Гэты верш азнаменаваў выхад летапісца Пружаншчыны на шырокую ніву заходнебеларускай літаратуры.

Вядучы 2. Паэт самародак Мікола Засім, з вёскі Шані, першым з нашых землякоў быў прыняты ў саюз пісьменнікаў Беларусі яшчэ ў далёкім 1945 годзе. Чым жа адметна яго паэзія?

Вядучы 1. Мікола Засім – адзіны паэт на Беларусі, які адлюстраваў партызанскую эпапею ад яе пачатку да канца, стварыў паэтычны летапіс барацьбы ў заходніх абласцях Беларусі.

Менавіта ў героіка-вызваленчай тэме Засім дасягнуў найбольшай вышыні. І гэта – не выпадковасць. Ён актыўна змагаўся з ворагам, у партызанскім атрадзе і вершы свае ён пісаў у паходах, у перапынках паміж баямі, у халоднай зямлянцы.

Вядучы. Пісаць пра волю – гэта мала

Без справы слова – гэта грош.

Трэ, каб адна рука трымала

Пяро, другая – востры нож.

Нажом пары фашыста-звера,

Пяром апісвай яго скон:

Такіх паэтаў трэ цяпер нам

Для нашых грозных,  мужных дзён.

 

Вядучы 2. “У яго свой голас, свая тэма, свая арганічна склаўшаяся манера пісьма” – так ацаніў творчасць М.Засіма яшчэ ў 1949 годзе вялікі рускі пісьменнік Аляксандр Твардоўскі. Пры жыцці Засіма ён тройчы сустракаўся з ім, меў сяброўскія адносіны. Творы Засіма Твардоўскі лічыў вартымі таго, каб іх чыталі па ўсёй вялікай краіне і за мяжой.

Вядучы 1. Блаславенне Твардоўскага для Засіма аказалася шчаслівым. Падборка яго вершаў была надрукавана ў часопісе “Новый мир”, у “Анталогіі беларускай паэзіі” (М., 1952), у зборніку Твардоўскага “Аб літаратуры” (1973), калектыўных зборніках у Маскве і Ленінградзе, у некаторых рэспубліках былога СССР.

Яго вершы хвалілі П.Пястрак, М.Танк, А.Куляшоў, а перакладалі Міхаіл Луконін і Аляксандр Твардоўскі.

Вядучы 2. У Беларусі выйшла 5 яго самастойных зборнікаў.

“Прайшоў, як кажуць цэлы свет,

Ад дому ж не адбіўся, —

Тады сапраўдны ты паэт,

Паэтам нарадзіўся.

Дарогай праўды ты ішоў,

Сумлення не забрудзіў

І шчасце там сваё знайшоў,

Скуль выправіўся ў людзі”.

Вядучы 1. Родная зямліца надарыла Засіма даўгалеццем, бо і сёння жывуць яго вершы. А яго словы пра родную зямліцу вядомы ва ўсёй Беларусі ды і далёка за яе межамі. І кожнаму – яны блізкія і дарагія. Многія з яго вершаў – жыццёвы і творчы запавет паэта для нас: і вучняў, і настаўнікаў:

Чытальнік (са зборнікам у руках):

“Жыві, вучыся і змагайся

Ты за жыццё, маё дзіця,

Заўсёды праўды дамагайся

Не сходзь с сапраўднага пуцця.

Бо толькі той да Перамогі,

Дачурка, дойдзе заўсягды

Няпраўдзе хто збівае рогі,

Збівалі нашы як дзяды.

Ты будзь спартсменкай, трактарысткай,

Ты будзь настаўніцай, ўрачом,

Дзе б ні была, там будзь ты чыстай

Як бацька мой калісь, Арцём…

/Выконваецца песня “Першай настаўніцы” муз. В.Слабады/

/Музычная застаўка: “Спеў дубраў”. На экран праецыруецца

 партрэт Р.Шырмы/

 

Вядучы 1. Сярод славутых імён, якія навечна ўпісаны залатымі літарамі ў гісторыю беларускай культуры, з поўным правам, яркай зорачкай свеціцца імя нашага земляка Рыгора Раманавіча Шырмы.

Вядучы 2. Невялікя вёсачка Шакуны, у якой ён нарадзіўся, стала першай крынічкай, з якой ён чэрпаў бясцэнныя скарбы народнай творчасці. Усе свае сілы Р.Р.Шырма аддаў развіццю беларускай культуры, беларускага песеннага мастацтва. Па вёсках усёй Беларусі збіраў ён народныя песні, якія запісваліся ў сэрцы, бо магнітафонных дзіваў тады не было. Уявіце сабе, якая гэта праца!

Чытальнік.  Колькі птахаў пявучых у родных лясах,

Колькі нот непаўторных у іх галасах

Колькі тонаў, адценняў, ладоў, перабораў,

Столькі песень у сэрцы  ў дзядзькі Рыгора.

Колькі ў краі бацькоўскім празрыстых крыніц,

Колькі іх між пагоркаў булькоча-звініць,

Бегучы ручайкамі да сіняга мора, —

Столькі песень у сэрцы ў дзядзькі Рыгора.

Дык якім жа павінен ён волатам быць,

Каб у сэрцы адным гэтак многа ўмясціць

Ой, не дзіва, скажу вам, не дзіва, не дзіва,

Калі песняю песень у сэрцы — Радзіма!         /Н. Гілевіч/

                                      

/Гучыць народная песня “Люблю наш край” ці

“Беларусь — мая песня” Семяняка Ю, Браун М./

Вядучы. Як стваральнік акадэмічнай харавой капэлы Р.Р.Шырма вядомы ўсяму свету. Спявала капэла. А разам з ёй спявала, плакала і замірала ў захапленні душа таго, хто яе слухаў, ачышчаючыся ў высокім полымі мастацтва.

Чытальнік 1.”На хвіліну заплюшчу вочы —

Ціха-ціха сасна задрыжыць.

І журботны голас дзявочы

Над табой пачынае кружыць.

Потым хлынуць у цёмную залу

Вадапады лістоў і зарніц,

Сініх рэчак цёплыя хвалі,

Звон наднеманскіх навальніц.

 

Чытальнік 2. Часам прыслухаюся нясмела

Мне здаецца, зноў я чую спеў

Родных рэк, палёў, вятроў і дрэў —

Адгалоскі Шырмавай капэлы.

Каб яе паслухаць, замірала

Усе жывое, ад зямлі да зор,

Нарач бушаваць пераставала

Бог сцішаў сваіх анёлаў хор.

Вось і зноў я спеў капэлы чую,

Знаць няпраўда, што тварэц яе,

Адышоў. І сёння ён жыве,

Калі песня шчырае хвалюе.

/Гучыць “Зорка Венера”. Выконваецца харэаграфічная кампазіцыя/

Вядучы 1. Салідныя тамы назбіраных за жыццё беларускіх народных песень, увенчаныя высокай узнагародай — Дзяржаўнай прэміяй БССР, — гэта літаральна зліткі золата, здабытыя нястомнаю працаю Рыгора Раманавіча. Ім і хадзіць па залатым курсе, пакуль беларускае слова будзе гучаць на зямлі.

Вядучы 2. Мастацтву свайго народа, культуры і песні Р.Шырма аддаў усе сваё свядомае жыццё. І імя яго — своеасаблівы сімвал нашай роднай культуры.

Вядучы 1. Рыгор Раманавіч Шырма… Гонар нашага народа. Годнасць нашага народа. Яго неўміручая, пявучая душа…

/Музычная застаўка “Спеў дубраў”. На экран праецыруецца

партрэт Забэйды-Суміцкага/

Вядучы. Міхась Забэйда-Суміцкі. Яшчэ адна сусветна вядомая зорка у беларускім песенным мастацтве.

Чытальнік (на фоне музыкі)

“Ты запеў нам песню аб бярозе белай,

Як у зялёнай хусце стройная стаіць,

І аб тым, як явар уначы нясмела

Аб сваім каханні лістам шалясціць.

Ды як ціха вецер лісцямі з бярозы

Засыпае сумна незабыты след,

Што пакінуў кожны з нас там, на дарозе,

Як ішоў ды з хаты ў непрыхільны свет.

Вядучы 2. Быў час, калі пра Забэйду-Суміцкага забыліся. Бо амаль ўсё жыццё пражыў на чужыне. Цудоўны голас яго гучаў у тэатрах Харбіна, Мілана, Варшавы, Прагі, Вільні. Ды спяваючы на 16-ці мовах, ён заўсёды аддаваў перавагу беларускай песні.

Вядучы 1. Жыццёвыя карані Забэйды-Суміцкага пачыналіся на Ружаншчыне, з якой спявак да скону дзён быў звязаны духоўнымі ніцямі.

Дзе б ні жыў, дзе б ні спяваў, заўсёды ўключаў мелодыі сваёй Радзімы ў свае канцэртныя праграмы. Тэма Беларусі, і гэта галоўнае ў яго дзейнасці, ніколі не пакідала спевака… Песня стала яго мовай.

Чытальнік. Часта думаю:

Што, каб не матчына песня?

Чым бы дыхаў?

На холадзе чым сагрэўся б?

Папрасімцам, напэўна,

Бадзяўся б па свеце,

Жабраком

Між чужых і радні

Пабіраўся б.

……………………………………………

 Мне з табой, мой скарб,

На планеце не цесна,

Я з табой —

І вялікі,

І знатны,

І дужы,

Я хачу зберагчы цябе,

Матчына песня,

Каб запоўніць табою

Спусцелыя душы!

Я хачу

Пасяліць цябе ў сэрцах

Нашчадкаў,

Каб ніколі мяне

Папракнуць не змаглі,

Каб было перад смерцю

Мне лёгка ад згадкі,

Што я жыў недарэмна

На роднай зямлі.

Вядучы 1. Усё сваё жыццё ён жыў надзеяй вяртання на Радзіму. Не давялося. Памёр 21 снежня 1981 года. Пахаваны на могілках у Празе. На магіле помнік з надпісам на чэшскай і беларускай мовах. “Жыў песняй і песняй даваў людзям радасць”.

Вядучы 2. І праз песню — адзіная повязь з Бацькаўшчынай — ён заўсёды адчуваў сябе сынам свайго народа.

Як і завяшчаў Міхась Іванавіч, творчая спадчына яго трапіла ў адрас беларускага музея.

А запісы яго беларускіх песень – бясцэнны скарб нашай нацыянальнай культуры. Шчыра і пяшчотна гучыць голас спевака, голас “салаўя на бацькаўшчыне мілай”.

/Гучыць запіс адной з песень М.Забэйды-Суміцкага/

/Музычная застаўка “Спеў дубраў”/

Вядучы 1. Час няўмольна ляціць наперад, і з кожным новым днем расцвітае наша Пружаншчына, робіцца багацейшай і прыгажэйшай. І па-ранейшаму, багата наша зямліца на шчодрых і таленавітых людзей.  

Вядучы 2.   Я хаджу, закаханы ў твае краявіды,

І шапчу, як прызнанне: О, мой край дарагі!

Зноў нясу табе ў споведзь: і трывогі, і крыўды,

І надзеі, і ўцехі, і любоў, і грахі…

 

Пасля доўгіх растанняў і далёкіх вандровак

Я вярнуся навекі ў засень клёнаў тваіх.

Толькі з роднага долу, толькі ў роднай дуброве –

Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для людзей.

Вядучы 1. Разляцеліся бы птахі далёка ад родных мясцін па волі лёсу многія нашы таленавітыя землякі. Але цяга да роднага слова, да родных мясцін не пакідаюць іх. Яны – як жыватворны глыток “з крыніцы памяці і веры ў жыццё”.

/Выходзяць чытальнікі з кнігамі ў руках, па чарзе прадстаўляюць сёняшнія таленты Пружаншчыны – зачытваюць некалькі радкоў, даюць кароткія звесткі аб іх. змяшчаюць кнігі на выставу/

Чытальнік 1. Васіль Сёмуха. Вядомы беларускі перакладчык і крытык. Яго радзіма – хутар Ясінец на Ружаншчыне.

А ведае яго ўвесь свет. Перакладае творы сусветнай літаратуры з армянскай, іспанскай, нарвежскай, польскай, нямецкай і іншых моў.

Пераўвасобіў па-беларуску “Біблію”. Удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Чытальнік 2. Як далёкія продкі мае,

Рэкам і німфам

Пакланяюся,

Перад рэчкай дзяцінства

Са смешнаю назваю Мухавец

У сваіх успамінах

Схіляюся.

Ад ракі пачынаецца бацькаўшчына,

Ад жанчыны – народ.

Веру,

Што гэты выток

Не перасохне

Ніколі.

Дзякуй табе,

Мой народ,

За жыццё і Радзіму,

За тое,

Што ніколі яшчэ

У чужых людзях

Мне не давялося саромецца,

Што я – беларус.

Гэта Віктар Шуткевіч. Масціты маскоўскі журналіст, якога магнітам цягнула ў Чахец – вёску маленства і правінцыйныя Пружаны – гарадок, з якога пачаўся яго шлях. Гэтая цяга не дазволіла яму вырачыся роднай мовы: працуючы ўласным карэспандэнтам “Комсомольской правды” ў Польшчы, Віктар Шуткевіч выдаў на радзіме беларускамоўны зборнік сваіх вершаў “Сімвал веры”. Паветра родных аселіц гаіла яму душу, натхняла на творчасць.

Апошняй яго кнігай у яго кароткім жыцці стала кніга “Деревня Париж”. Частка першая — пад назвай “Малая Родина”. Як мог, увекавечыў у ёй памяць аб земляках.

Чытальнік 3. “Не старэюць паэты

Як і зямля,

Што кожнай вясною

Сябе абнаўляе.

Як сама вясна

Маладая

Як каханне,

Што смерці не знае,

Як салаўіная песня

У гаі…”

Паэтэса Ніна Радзівончык, нарадзілася ў вёсцы Ляхі, а вучылася ў Пружанскай СШ №1. Працавала настаўніцай, рэдактарам аддзела выдання першай БСЭ, старшым карэктарам часопіса “Полымя”.

У 2003 годзе выдадзены першы самастойны зборнік паэзіі “Паляшучка”.

Чытальнік 4. …Каля чашы возера гранёнай

Думы свае думаць без віна

Мне прырода часам – як ікона,

Ёй гатоў маліцца давідна.

Многа ў неба вымаліць мне трэба

Замаліць таксама трэба шмат.

Божа, дай надзённага мне хлеба

І адзенне падары без лат.

Памажы жыццё пражыць сумленна,

Зберажы ад згубы і граху

На апалым лісці – на каленях

Памалюся я табе крыху.

Барыс Давідзюк. Нарадзіўся ў вёсцы Хвалава. Скончыў беларускі палітэхнічны інстытут. Працуе інжынерам-будаўніком. Падборку яго вершаў чытайце ў часопісе “Маладосць” (1995, №12).

Чытальнік 5. Паэт Мікола Папека. Нарадзіўся ў вёсцы Турная Івацэвіцкага раёна. Скончыў Украінскую сельгасакадэмію, прафесійны пчаляр. З 1986 года жыве на Пружаншчыне.

Як паэт заявіў аб сабе з 1999 года адметнымі публікацыямі ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях і асобным уласным зборнікам “Чарнавікі”, які выйшаў у серыі “Берасцейскае вогнішча”. Таварыства вольных літаратараў у Полацку прызнала “Чарнавікі” лепшай мастацкай кнігай 1999 года і адзначыла яе прэміяй “Гліняны Вялес”.

Крытыкі адзначаюць М.Папеку як самабытнага прадстаўніка сучаснай пошуковай паэзіі і як “глыбока нацыянальнага паэта”.

“Чорны бусел,

Чорны бусел – белагруд,

Памажы ты Беларусі,

Будзь жа тут,

Дзе даўно ўжо

Жоўталотаць не расце

Белы бусел

Не клякоча на страсе”.

/Музычная застаўка “Спеў дубраў”/

Вядучы 1.     “Добры дзень табе, мой бор стазвонны,

 Векавы і юны харашун!

 Я прыходжу пад сівыя кроны,

 Каб раскрыць перад табой душу.

 Я, прыходжу чысціні напіцца,

 Павучыцца ў сосен дабраце…

 Быццам лёгка – светлая ігліца

 Мудрасць у душы маёй расце”.

Гэтыя радкі, поўныя любві да прыроды нашага краю, належаць беларускаму паэту Міколе Антаноўскаму. Хоць нарадзіўся ён на Піншчыне, мы па праву лічым яго сваім земляком. Бо з 1982 года ён жыве ў Пружанах. І гэта яна, наша Пружанская зямліца стала надзейнай крыніцай яго творчасці. Тут ён стаў у 1996 годзе членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдаў два зборнікі паэзіі “Святаяннік” і “Падсочаны бор”.

Крытыкі адзначаюць іх як прыкметную з’яву ў сучаснай беларускай паэзіі.

Вядучы 2. Лірычны герой вершаў Міколы Антаноўскага – чалавек з абвостраным пачуццём трывогі за лёс свайго краю, неабыякавы да імклівых падзей часу.

Хвалююць сэрца паэта такія адвечныя катэгорыі як сумленне, дабрыня, спагада і справядлівасць. Але ж гэта дадуць адчуць нам самі вершы паэта. Іх выконвае аўтар. Сустракайце – паэт Мікола Антаноўскі, галоўны рэдактар газеты “Раённыя будні”.

/Чытае вершы. Калі не прысутнічае на свяце, іх выконваюць чытальнікі/

Вядучы 1. Адкрыйце, сябры, старонкі маленькага зборніка паэзіі М.Антаноўскага “Святаяннік”. Усяго 30 старонак. Кожная з іх – нібы гаючы сок у наш жорсткі час, бо прасякнуты вераю ў жыццё, у чалавека, у яго няскоранасць перад цяжкасцямі.

Нягледзячы на ўсе нягоды і складанасці, жыццё працягваецца. І мы павінны рабіць усё, каб яно было лепшым, дастойным нашай чалавечай годнасці.

Вядучы 2. Жадаем поспехаў і творчых здабыткаў Мікалаю Дзмітрыевічу, будзем чакаць новых зборнікаў яго шчырай, светлай паэзіі.

/Гучыць песня “Святаяннік” сл. М.Антаноўскага, муз. В.Слабады/

Вядучы 1. Больш шырокае адлюстраванне матэрыялаў аб усіх літаратурных талентах Пружанскай зямліцы вы знойдзеце пры неабходнасці ў тэматычных папках ці іншых матэрыялах на нашай выставе “Таленты Пружанскай зямліцы”.

Вядучы 2. Бярыце, чытайце, узбагачайцеся. Усё напісанае і створанае нашымі землякамі – гэта цэлы сусвет паэтычных пачуццяў і перажыванняў. Яны – ад чыстага сэрца, ад шчырай душы, з любоўю да роднай зямлі. Як і нашы песні, што зараз выканаюць для вас вучні нашай школы пад кіраўніцтвам сваёй таленавітай настаўніцы Святланы Аляксандраўны Машкала.

/Выконваюцца песні пра Беларусь/

Вядучы 1. Сярод паэтаў нашай Пружаншчыны людзі сталыя і зусім юныя, маладыя. Гэта азначае, што канца ў паэзіі няма і быць не можа…

Вядучы 2. Гэту думку сцвярджае тая з’ява, што ў нашай школе таксама ёсць юныя паэты, якія робяць першыя спробы пяра. І сёння яны выносяць іх на ваш суд. І хай яшчэ не ўсё гладка у іх вершах, галоўнае, што ёсць любоў да паэзіі, шчырае жаданне пісаць. А вучыцца ёсць у каго: (паказвае на выставу) вось як багата Пружаншчына талентамі. Сёння свае вершы чытаюць: ______________________________________________________________________

/Вучні школы выконваюць свае вершы/

Вядучы 1. “Тварыце, юныя паэты,

Пішыце шчыра аб усім,

Што вас хвалюе ў свеце гэтым

Такім і зыбкім, і цяжкім.

 

А шчасце ў тым, што сонца свеціць,

Што хмаркі радасна плывуць,

Што я жыву на белым свеце,

Бацькі, сябры мае жывуць.

 

Што летам дрэўцы зелянеюць,

Што дожджык дробны церушыць.

Тварыце, нельга вам спыняцца!

Няўжо не шчасце гэтак жыць?!”

 

Вядучы 2. “Шукай паэзію ў жыцці

У простых, будніх справах

Па свеце лёгка з ёй ісці

І з ёю жыць цікава”.

Вядучы 1. Спевы, танцы, паэзія, жывапіс, тэатр – увогуле не так важна, чым займаецца чалавек. Сапраўды, важна толькі тое, што душа яго знаходзіцца ў бясконцым пошуку, душа жыве ў творчасці.

Вядучы 2. І на прыканцы нашай сустрэчы мы хочам пазнаёміць вас яшчэ з адным цудоўным, творчым чалавекам. Гэта Марыя Мікалаеўна Кулецкая, народны майстар Беларусі, бібліятэкар нашай раённай дзіцячай бібліятэкі, дзе кожнага з нас яна сустракае ветлівай усмешкай з жаданнем прабудзіць любоў да кнігі і незлічоных скарбаў сваёй радзімы.

Вядучы 1. А яе творчасць – гэта таксама сапраўдны скарб. Яна малюе, пляце прыгожыя вырабы з саломкі, выразае і выпальвае па дрэве, вышывае і вывязвае кручком і пруткамі. Тчэ цудоўныя паясы. Ды і гэта яшчэ не ўсё. Яшчэ яна займаецца роспісам па шкле і авалодала навыкам выцінанкі.

Вядучы 2. Творчая сцяжынка Марыі Мікалаеўны знайшла свой працяг. Побач з маці цяпер крочыць і дачка Ірына. І тое, што яна абыйшла ў нечым Маці, гэта толькі дадае гонару і радасці ў яе душы. Народны майстар Беларусі Ірына Мамановіч ужо дасягнула сапраўднай творчай вышыні. На яе ліку – удзел у шматлікіх выставах па гарадах Беларусі, “Славянскім базары” у Віцебску, Польшчы, Літве, Францыі, у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры РБ.

Вядучы 1. На вялікіх і малых палотнах Марыі Мікалаеўны і Ірыны квітнее ўсімі фарбамі родная Пружаншчына, дзе такія любыя і знаёмыя лясы, палі ды  ціхія крыніцы – матывы, навеяныя фальклорам, народнымі казкамі ды й самім жыццём мастачак.

А самае галоўнае, любоўю да роднай зямліцы, якая іх нарадзіла, узгадавала і стала крыніцай іх творчасці.

/Слова М.М.Кулецкай/

Вядучы 2. Дзякуй, Марыя Мікалаеўна за радасць сустрэчы з вашым цудоўным мастацтвам.

Вядучы 1. Шчыры дзякуй усім вам, што завіталі да нас у госці і далучыліся да жыватворнай крыніцы талентаў нашай роднай Пружанскай зямліцы.

/На экране – слайды з краявідамі Пружан на фоне сцішанай музыкі

 “Спеў дубраў”/

Вядучы 1. І ў холад, і ў спеку, у дождж і пасля дажджу, удзень і ўночы, з ветрам і без ветру, маладзіком і ўпоўдню, летам і зімою – яна заўсёды прыгожая, наша родная, наша любая Пружаншчына.

Пружана, Пружана, любіма мясціна!

Мяне ты вітаеш, як роднага сына

І дзе ні жыву, я табой ганаруся –

Дужэйшым раблюся, табой як прайдуся…

Вядучы 2. Да пабачэння, да новых сустрэч!

/Некалькі хвілін працягвае гучаць музыка “Спеў дубраў”/

Складальнік Н.К.Шабуня

 

Метки: , , , , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий