«Я ўсё спазнаў…»

Вечар-партрэт

Вяд. 1: Я ўсе спазнаў: і радасці, і гора,

          Я з сотні рэк пакаштаваў вады,

          І ноч у ноч мне сніўся светлы горад

          І не даваў спакою ўсе гады.

          Ён клікаў, уставаў цудоўнай явай,

          Далёкі, але блізкі мне такі.

          На ўсіх шляхах, за кожнай пераправай

          Яго ўспаміналі землякі.

Добры дзень, дарагія сябры! Радкі гэтага верша належаць беларускаму пісьменніку, паэту Сяргею Грахоўскаму, якому прысвечана наша сустрэча.

Вяд. 2: Сяргей Іванавіч Грахоўскі – паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык – адзін з тых, чый жыццёвы шлях быў азмрочаны дзесяцігоддзямі сталінскага ГУЛАГу. Творчасць гэтага таленавітага паэта, а быў ён найперш паэт, вызначаецца ў беларускай літаратуры незвычайна пленнымі і важкімі мастацкімі дасягненнямі ў самых розных жанрах, прыцягвае ўвагу гуманістычнай скіраванасцю, шчырым лірызмам і моцным публістычным пафасам.

Вяд. 1: Нарадзіўся Сяргей Грахоўскі 25 верасня 1913 года ў мястэчку Нобель Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер Зарэчнянскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям’і. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў мястэчку Глуск, на радзіме маці, куды бацькі пераехалі ў 1914 годзе. Пазней пісьменнік апаэтызуе гэты цудоўны, прыгожы гарадок на беразе Пцічы ў шматлікіх вершах, напіша прачулыя ўспаміны пра свае родныя мясціны, людзей, што тут жылі, добрым, цёплым словам узгадае сваіх сяброў, з якімі разам вучыўся, пачынаў спасцігаць тайны і прыгажосць паэтычнага слова.

Чыт. Цвіце за аселіцай грэчка
У роснай лясной старане,
Далёкае наша мястэчка
Забыла, напэўна, мяне.

А мне яно сніцца і сніцца
У пыле пясчаных дарог,
Апошні званар на званіцы,
Глухі і ссівелы, як Бог.

Старыя замшэлыя дахі
Гарбарняў, дамоў і адрын,
Сады і садкі каля шляху
I хмельны салодкі язмін.

Да самай апошняе рыскі
Усё тут знаёмае мне:
Пад бэлькаю крук ад калыскі,
Шпакоўня на гулкім гумне.

Складаю далоні і клічу
Равеснікаў даўніх маіх
I юныя бачу абліччы
Жывых і даўно нежывых.

Мяне не пазналі суседкі
Сягоння такога, як ёсць,
Таму запрашаю у сведкі
Забытую тут маладосць.

Прыпомню: рыпелі качоты,
Плылі пад чаромхай чаўны,
I месяц глядзеў на пяшчоты
Семнаццатай нашай вясны.

Маўчаць і схіляюць галовы
У рэдзенькіх пасмах сівых
Даўно адзінокія ўдовы
Сяброў незабыўных маіх.

У будні і ў гучныя святы
Схіляю і я галаву,
Нібы сапраўды вінаваты,
Што за аднагодкаў жыву.

Смыліць, як у сэрцы насечка,
Як самы шчымлівы радок:
Мястэчка, мястэчка, мястэчка —
Навек дарагі гарадок.

                                            (С. Грахоўскі “Мястэчка”)

Вяд. 2: Адсюль, з гэтага дарагога сэрцу куточка, ад родных вытокаў павялі будучага паэта шляхі-дарогі ў вялікае жыццё. Працаваў пасля Глускай школы на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, далучыўся да мясцовай філіі “Маладняка”, якой кіраваў Міхась Лынькоў — тагачасны рэдактар бабруйскай газеты “Камуніст” — і які першы заўважыў талент юнака, надрукаваўшы яго верш “Восень”. Лынькоў падтрымліваў маладога аўтара і пазней, калі яны абодва жылі ў Мінску.

Вяд. 1: Скончыўшы літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педінстытута (1935), С. Грахоўскі працаваў рэдактарам на беларускім радыё і выкладчыкам на рабочым факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Увайшоў у самы цэнтр літаратурнага жыцця, пазнаёміўся і пасябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі. Пра гэты перыяд сваёй ранняй творчасці пазней аўтар раскажа ў кнізе “Так і было” (1986), дзе паўстаюць маладыя, незабыўныя — Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў, Уладзіслаў Галубок і яго тэатр, Пятрусь Броўка, Язэп Пушча, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Дубоўка, Васіль Вітка і іншыя пісьменнікі, што зведалі трывожную атмасферу эпохі 30-х гадоў.

Вяд. 2: Хваля сталінскіх рэпрэсій, якая стала ўбірацца ў сілу ў пачатку 30-х, імкліва набірала ўсё большыя памеры. “Надышла восень страшнага для беларускай інтэлігенцыі 1936 года. У адну ноч знікала па некалькі пісьменнікаў. Усіх апанаваў страх, гаварылі толькі шэптам. Часам дзівіліся, што маглі забраць такога сумленнага і ідэйнага хлопца, але думалася: мяне не возьмуць, я ж ні ў чым не вінаваты, а ў яго, мабыць, нешта было”, — характарызаваў Сяргей Грахоўскі жудасную атмасферу тых гадоў.

Вяд. 1: Яго самога арыштавалі ў тую ж восень, 19 кастрычніка, па стандартным абвінавачванні ў “беларускім контррэвалюцыйным нацыяналізме”. А пазней, 2 кастрычніка 1937 года, — так званы суд вынес сваё рашэнне аб пакаранні: 10 гадоў лагера. С. Грахоўскі прайшоў па турэмных і лагерных этапах разам з тымі беларускімі творцамі, якія не былі расстраляны. Пакаранне за неіснуючую віну адбываў на лесараспрацоўках Расіі. Чорная паласа працягласцю амаль у дзесяцігоддзе перакрэсліла юнацкія спадзяванні, перакрамсала маладосць, разбурыла першую сям’ю. Жонку выключылі з інстытута, пазбавілі жылля. Маладая маці з сынам, народжанным пасля арышту бацькі, да восені начавала ў скверы. Дзіця памерла, сям’я распалася.

Чыт. Здрабнелі зоркі ў тую ноч,
I месяц заблудзіўся дзесьці. 
Мяне вядуць у змрок, а воч
Ніяк ад дому не адвесці. 
Яшчэ зірнуў апошні раз
I ад пакуты аж заенчыў, 
Калі ў маім акне пагас
I без таго слабы агеньчык. 

Шумела лісце, дождж імжыў, 
У сцены біўся вецер з гулам. 
I з гэтае хвіліны жыў
Я не ў наступным, а ў мінулым. 
Паўзла дарога, як змяя, 
Пранізваў холад мозг і цела, 
I знічка ранняя мая
У чорным небе праляцела.

Вязуць па вуліцах пустых, 
Я не ў сваёй, а ў іх уладзе. 
Мутнее зрок, тупее слых, 
У думках — поўнае бязладдзе, 
Не мог тады я зразумець
Той таямнічае работы, 
Што будуць дваццаць год рыпець
I па душы таптацца боты.

                                        (С. Грахоўскі “19 кастрычніка”)

Вяд. 2: Пасля заканчэння тэрміну зняволення Сяргей Грахоўскі вярнуўся на Беларусь. З 1946 па 1949 год настаўнічаў на Случчыне, выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе. Усё, нібыта, наладжвалася. Пра гэты перыяд свайго жыцця паэт згадваў: “А як я акрыяў, калі ў 1947 годзе Прэзідыум Вярхоўнага Савету Беларусі зняў з мяне судзімасць, як захацелася жыць, натхнёна працаваць, верылася, што будзе ўсё лепш і лепш. Я быў класным кіраўніком дзесятага класа, сябраваў са сваімі вучнямі-пераросткамі і іх бацькамі”. Але светлым надзеям не суджана было спраўдзіцца. У 1948 годзе паднялася новая хваля суцэльных арыштаў, пачалася новая “чыстка” грамадства.

Вяд. 1: 19 мая 1949 года да Грахоўскага, які рыхтаваўся праводзіць кансультацыю перад выпускным экзаменам у школе, прыйшлі чэкісты. Маёр і капітан доўга ператрасалі сшыткі, планы ўрокаў, падручнікі і, нічога не знайшоўшы, усё роўна загадалі збірацца. Паўторны арышт быў абгрунтаваны ранейшым абвінавачваннем і скончыўся высылкай на вечнае пасяленне ў Новасібірскую вобласць.

 Вяд. 2: На новым “месцажыхарстве” давялося асвойваць і новыя спецыяльнасці: спачатку сталярства, пазней, калі атрымаў пасаду “заўхоза” ў мясцовай школе, змушаны быў спрабаваць сябе ў шматлікіх іншых “прафесіях”. Пазней, дзякуючы клопатам добрых і спагадлівых людзей, атрымаў у школе “гадзіны” – быў прызначаны настаўнікам. Толькі выкладаць давялося зусім не літаратуру, а маляванне, чарчэнне і нямецкую мову, якой зусім не ведаў. Прыйшлося гэтыя дысцыпліны асвойваць разам з вучнямі.

Вяд. 1: Самым невыносным было ўсведамленне таго, што абазначалася ў так званым “воўчым білеце” – адзіным дакуменце, які выдаваўся ссыльным, — словам “навечна”. Не ўяўлялася, як магчыма пражыць усё жыццё па-за межамі радзімы, ніколі не ўбачыць болей родных краявідаў, сяброў, блізкіх…

Чыт. Мяне выхоўвалі,
Мяне захоўвалі,
Я то з’яўляўся,
То знікаў,
Мяне вадзілі
I ахоўвалі,
Хоць я нікуды
Не ўцякаў.

I пад замкамі,
I пад пломбамі,
Нібы каштоўнасць,
Бераглі
I неба клеткамі
I ромбамі
Разлінавалі,
Як маглі.

Мяне узважвалі і мералі,
Здымалі
Ў профіль і анфас,
Але ні разу
Не праверылі
Душы няўнасць
I запас.
Шкада,
Што не здымаюць копію
З яе юрысты
I ўрачы,
I ні адна дактыласкопія
Не можа тут дапамагчы.
Мая душа
Супраціўлялася,
Бо верыла і тым жыла,
І не чарсцвела
Не ламалася —
Была такою, як была.
                                       (С. Грахоўскі “Душа”)

Вяд. 1: Неўзабаве падзеі пачалі новы адлік: смерць “правадара народаў”, выкрыццё злачынстваў Берыя, і, нарэшце, доўгачаканае вызваленне. 19 жніўня 1955 года пісьменніка выклікалі ў райаддзел НКУС і абвясцілі, што ён вызвалены са ссылкі “без зняцця судзімасці”.

Вяд. 2: Як і тысячы такіх жа пакутнікаў, памечаных беспадстаўна навешанымі ярлыкамі, Сяргей Грахоўскі да канца жыцця адчуваў псіхалагічны цяжар прыпісанай яму віны, насцярожанасці і недаверу да сябе.

 Чыт. Стук мяне палохае ўначы, 
Нават калі дома не начую, 
Бо вярзецца, як звіняць ключы, 
I каваных ботаў крокі чую. 

Сцюжа працінае да касцей, 
Калі нехта тупае за мною, 
Быццам хоча зноў паслаць «гасцей» 
З ордэрам і страшнай навіною. 

Я не сплю спакойна па начах
Вось ужо амаль што паўстагоддзя, 
Бо дасюль не пакідае страх… 
У чужыя дзверы стукаць годзе! 
                                           (С. Грахоўскі “Стук”)

Вяд. 1: Усё ўбачанае і перажытае за калючым дротам, трагізм і безвыходнасць становішча ахвяр сталінскіх рэпрэсій, ператвораных у бязмоўную дармавую рабсілу, складаюць змест дакументальна-публіцыстычных аповесцей “Зона маўчання”, “З воўчым білетам”, “Такія сінія снягі”.

Чыт. “Я пасціў двадцаць гадоў перад споведдзю. І вось настала пара маёй позняй восені, пара шчырай споведзі, бо зазімак стукае ў дзверы, а халодная кароткая вясна маіх няспраўджаных летуценняў прамільгнула даўно і незваротна.

    Я двойчы прайшоў усе кругі пекла і не зламаўся, не знік на таежных скрываўленых трасах. Смерць з дня ў дзень цікавала кожнага з нас, глядзела ў ашклелыя вочы і збірала шчодрую даніну. А я не паддаўся ёй.

   У самай страшнай бядзе толькі чалавек ратуе чалавека, толькі дабро і спагада вядуць з цемры безнадзейнасці да жыцця і збавення. Нас з тысяч вярталіся адзінкі, з мільёнаў – сотні. Усё меней і меней застаецца сведак тае страшнае пары, калі кожны баяўся ўласнага ценю, не адважваўся прызнацца да закатаванага бацькі, а бацька – да сына, калі па праведнай крыві з рыпам ступалі катавы боты.

   Я бачыў усё і ўсё перажыў. Лёс злітаваўся і наканаваў мне жывым выйсці з пекла і стаць Сведкаю на Суддзе Гісторыі. Я памятаю сотні прозвішчаў, імёнаў і абліччаў сваіх пабрацімаў па няволі, што не выйшлі з пекла і засталіся ў вечнай мерзлаце. Я памятаю садыстаў-следчых, злачынцаў-“суддзяў”, наглядчыкаў, лагерных начальнікаў і канваіраў. Памятаю ўсё да драбніц і клянуся кожным словам, кожным радком гаварыць толькі праўду, каб ведалі людзі і ніколі не далі сябе ашукаць. Сведчу, каб нашы нашчадкі спазналі сапраўдную волю, роўнасць і шчасце на роднай акрыялай і расквітнелай зямлі.”

Вяд. 1: “Зона маўчання” – кніга , на якую не можа не адгукнуцца сэрца і памяць усіх, хто прачытае яе, бо тут пісьменнік сапраўды выступае сведкам на суддзе Гісторыі. Упершыню ў беларускай літаратуры так рэзка і адкрыта пастаўлена пытанне пра безабароннасць чалавека перад дзяржаўным беззаконнем і аб лёсе яго пад прэсам жорсткіх абставін.

Вяд. 2: Другая частка трылогіі “Зона маўчання” – “З воўчым білетам” – апавядае пра вяртанне вязня пасля 10 гадоў зняволяння на Радзіму. Атрымаўшы даведку (“воўчы білет”) аб вызваленні, ён, былы “вораг народу” нідзе не мог уладкавацца на працу. З такімі людзьмі нават баяліся размаўляць, узнаўляць знаёмствы. І на працягу трох гадоў ён адчуваў напружаную часовасць свайго існавання “з воўчым білетам” пад пільным наглядам нкусаўцаў, пакуль зноў не быў высланы “навечна“ у Сібір. 

Вяд. 1: “Такія сінія снягі” – трэцяя частка “Зоны маўчання” якраз і расказвае пра гэты перыяд жыцця пісьменніка і яго сям’і. 
      Там дзе такія сінія снягі, моцныя маразы, далёка ад роднай Беларуі, і пачалі абжывацца бестэрміновыя вязні Гулагу, не спадзяючыся адчуць сябе калі-небудзь вольнымі людзьмі. “…аж не верыцца, што ўсё перажытае было са мною. А было, і нічога забыць нельга. Я дзяліў горкую долю свайго народа і шчаслівы, што цяпер магу паспавядацца за сябе і сваіх сяброў…”

Чыт. Праціналі яе навылёт халады,
Ледзяныя снягі замяталі на кручы,
То цяпла не ставала, то чыстай вады,
I з гадамі рабіўся шыпшыннік калючы.

Не хапала заўсёды чагосьці ў жыцці,
Толькі вечна жыла неадольная прага
Хоць у познюю восень яшчэ расцвісці
На крутым узбярэжжы крывінкамі ягад…

Калі сцюжа астудзіць жывую душу,
Можа, каліва я па сабе не пакіну,
I пакуль не замоўк, аднаго папрашу:
На грудку ў галавах пасадзіце шыпшыну.

Вяд. 2: Многа бачыў у жыцці С. Грахоўскі, і сярод каштоўнасцей, без якіх жыццё страчвае сэнс, каханне для яго займае асаблівае месца.

Вяд. 1: Аб тым, як у 1942 годзе сустрэў у лагеры сваю жонку Валянціну Міхайлаўну, Сяргей Грахоўскі ўспамінаў у аповесці “Зона маўчання”: “Пакуль выклікалі астатніх, я ўгледзеў каля ганка страшнай баковачкі оперупаўнаважанага маленькую, як падлетак, зусім беленькую, у сіняй сукеначцы ў крапінку, дзяўчынку. Па шчоках каціліся буйныя слёзы. Мне яе зрабілася асабліва шкода. Яна здавалася бездапаможнаю і адзінокаю, нечым вылучалася з натоўпу кідкіх прыгажунь, запомнілася мне адразу і запала ў душу.” І потым працягвае: “… У канцы жніўня раздажджылася. Твань на дарогах і ў зоне была непралазная, ліпкая і чорная, а нудны і сцюдзёны дождж ліў удзень і ўначы. Коўзаючыся па гразі, мокрыя, панурыя, ішлі ў сталоўку дзяўчаты, а яна паўзла, як на лыжах, у вялікіх лапцях на босых маленькіх ножках. Мне здалося, што яна ўжо на мяжы пагібелі, і захацелася хоць чым-небудзь ёй дапамагчы… Здаецца, звалі яе Аляю”.

Вяд. 2: На той час Сяргей Іванавіч быў ужо лагерным старажылам, а большасць зняволеных дапамагалі адзін аднаму. Ён прывёў Алю ў капцёрку, дзе дзяўчыне выдалі чаравікі, няхай не вельмі зграбныя і прыгожыя, але ж не прамакалі. “Не ведаю, пераканаўча я хлусіў ці не, гаворачы, што яе прэміравалі за старанную работу на пагрузцы і … па разутасці. Удвух мы ўгаварылі яе ўзяць абнову і распісацца ў ведамасці, а яна ўсё даводзіла, што многія дзяўчаты працуюць куды лепш”.

Вяд. 1: Асудзілі Алю на пяць гадоў, Грахоўскаму заставалася сядзець яшчэ чатыры. У лютым 43-га іх лагерны пункт расфарміравалі, жанчын адпраўлялі на трэці асобны лагпункт. “І я марыў трапіць на адзіны “нелесапавальны” лагпункт, ды і баяўся страціць сімпатычную мне Алю”, — успамінаў пісьменнік. Да гэтага часу ён ужо да драбніц ведаў яе кароткае жыццё ў невялічкім рабочым пасёлку ў сям’і гутніка. Правучылася два гады ў педінстытуце, а калі ў 1939 годзе ўвялі плату за вучэнне, вымушана была паехаць настаўнічаць у вясковую школу непадалёк ад свайго пасёлка. На пачатку вайны капала акопы і супрацьтанкавыя траншэі, калі да сяла падышлі немцы, пад абстрэлам і бамбёжкаю знаёмымі ляснымі сцежкамі прабілася дадому. Праз некалькі дзён пайшла ў міліцыю аформіць прапіску ў кватэры бацькоў. Пайшла і не вярнулася. Пад канвоем адправілі ў абласную турму.

Вяд. 2: Кароткія сустрэчы з Аляю ратавалі Грахоўскага ад безнадзейнасці і адзіноты, ён часам прысвячаў ёй вершы, яна іх перапісвала ў самаробны блакноцік і зберагла. Так нарадзілася каханне, якое ў любы момант магло быць перапынена. Але, мабыць, нехта зверху моцна аберагаў іх адносіны, і ў трэці лагпункт перавялі разам. Калі Грахоўскаму заставалася сядзець яшчэ паўтара гады, а Алі — два, нарадзілася дачушка Таня. (Сл. 24 )Ледзь акрыялую Алю перавялі на бальнічны лагерны пункт. Там, за зонаю, былі яслі для арыштанцкіх дзяцей, а ў зоне — спецыяльны барак для мамак. Яны бачылі сваіх дзетак толькі некалькі разоў на дзень пры кармленні, якое доўжылася не больш за 15 хвілін. Як мог скласціся лёс сям’і, страшна было падумаць. Калі дзіця адымалі ад грудзей, маці звычайна засылалі на далёкі лагпункт, каб бацькі не сустрэліся ніколі.

Вяд. 1: Здарыўся цуд: у канцы сакавіка Алю выпусцілі. Яна з дачкою паехала жыць да сваіх бацькоў. У ліпені 1946 года, калі Тані быў год і пяць месяцаў, Аля прывезла яе на знаёмства з бацькам. А ў кастрычніку Грахоўскі сам апынуўся на волі і нарэшце злучыўся з сям’ёй.
Чыт. Не чулі мы пра шлюбныя палацы,
Не бачылі ні кветак, ні фаты,
Ты да мяне забегла пасля працы
I неабходнай стала назаўжды.

Я мітусіўся па пустым пакоі,
Пакуль стары імбрычак запяе,
Абветранай калючаю шчакою
Хацеў далоні адагрэць твае.

Казалі мы не тое, што хацелі
Сказаць у вечаровай цішыні.
А снежань так дарогі замяцеліў,
Што не даехаць блізкім і радні.

Ты выпырхнула з мокрай целагрэйкі
I да мяне нячутна падышла.
Сняжынкамі завеяныя вейкі
Здаваліся праменнямі святла.

Скацілася па небасхіле зорка
Трымцела замарожанае шкло…
Нас не віталі, не крычалі: «Горка!»,
Бо нам і так нясоладка было.

I ўсё ж я быў шчаслівы, як ніколі.
З тае пары агеньчык не ачах,
Як ты мой цень убачыла на столі,
А я пазнаў сябе ў тваіх вачах.

З табою нас пярсцёнкі не звязалі,
Сваты не падлівалі нам віно,
А мы ад шчасця так і не сказалі,
Як неабходны аднаму адно.
                                   (С. Грахоўскі “Шлюб”)

Вяд. 2: Першым на Беларусь пасля дзесяцігадовага зняволення вярнуўся Сяргей Іванавіч. Аля прыехала пазней, пад новы 1947 год. Грахоўскі чакаючы яе вельмі перажываў, як паставіцца да гэтага кватэрная гаспадыня, якая і так бурчала за любую дробязь. “Чаго добрага, у яе хопіць спрыту праверыць пашпарт, а ў ім пра шлюб ніякіх адзнак няма, бо там, дзе нас звёў лёс, загсаў не было. Пасля вырашылі пакуль што не звязваць сябе юрыдычна — не было гарантыі, што не могуць мяне зноў схапіць, а жонку пацягнуць за “сувязь”, за “недоносительство”. Гэты страх стрымліваў нас да самай маёй рэабілітацыі. Толькі з дакументам “о прекращении дела” адважыліся зарэгістравацца, а за сведак былі двое нашых дзяцей”, — пісаў Грахоўскі ў аповесці “З воўчым білетам”.

 

Вяд. 1: Валянціну прынялі на працу настаўніцай матэматыкі, да таго ж сталі карыстацца попытам яе здольнасці швачкі, дырэктар школы прапанаваў ім куток у сваім доме, бо пакойчык, які сям’я здымала, зімой станавіўся сапраўднай лядоўняй, а неўзабаве перабраліся з Расіі жончыны бацькі, і галоўнае, з Грахоўскага знялі судзімасць — жыццё пакрысе наладжвалася.

Вяд. 2: Але нядоўгім было шчасце… Калі Сяргей Грахоўскі быў паўторна асуджаны і высланы ў Навасібірскую вобласць, Валянціна Міхайлаўна разам з дачкой і бацькам паехала за мужам.

Вяд. 1:   Пабольшала сям’я — нарадзіўся сын Аляксандр. Летам талакою, з дапамогаю другіх ссыльных, паставілі дом. А пасля 1953-га зарадзілася надзея на змены да лепшага. Нарэшце прыйшоў чаканы пакет: 19 кастрычніка 1955 года, роўна праз 19 гадоў пасля першага арышту, Сяргей Іванавіч быў поўнасцю рэабілітаваны.

Так скончыліся доўгія пакуты гэтай сям’і. А ў літаратурную спадчыну беларускага народа ўвайшлі лірычныя вершы Сяргея Грахоўскага, прысвечаныя яго “дзекабрыстцы” Алі — Валянціне Міхайлаўне Грахоўскай.

Чыт. Я цябе прыгадаў

Басаногаю, шустраю, тонкай,

Пад нагамі рассыпала

Раніца зерні расы,

I тады, у далёкія тыя часы,

Я цябе уяўляў

Залатою сасонкай,

I здавалася, будзеш

такою заўжды —

Маладою, іскрыстаю,

крышачку колкай.

Ды хіба ж загадаеш,

Каб вечна квітнелі сады

I ніколі на небе

не гаслі вясёлкі?

Ды хіба ж загадаеш каму,

Каб гады

Над табою і мною

улады не мелі,

Каб спынілася плынь

веснавое вады,

Каб да старасці скроні

у нас не сівелі?

Пасівелі, а сэрца

не хоча старэць —

Мабыць, вызнана мала

і зроблена мала.

Мы гарэлі ў агні,

але нам не згарэць,

Навальніца прайшла,

але нас не зламала.

Ты заўсёды была

клапатліваю жонкай,

Ты суровай была

міласэрнай сястрой.

Я цябе і цяпер

уяўляю сасонкай,

Што яшчэ палымнее

вячэрняй зарой.                             

                  (С. Грахоўскі “Валянціне”)

Вяд. 2: Вярнуўшыся на Беларусь пасля рэабілітацыі, на працягу двух гадоў Сяргей Грахоўскі працаваў на Беларускім радыё, з 1957 па 1959 год – загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса “Бярозка”, у 1959-1960-м – быў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў БССР, з 1960 па 1973-ці – літаратурным рэдактарам часопіса “Вясёлка”.

Вяд. 1: Гэтыя гады сталі для пісьменніка перыядам вельмі актыўнай творчай працы. Стымулам тут былі і вымушаны “прастой” у творчасці, і мноства эмоцый ад перажытога, і безліч ўражанняў ад зведанага і ўбачанага, якія вярэдзілі душу, патрабавалі выйсця.

 

Вяд. 2: Першы яго верш быў надрукаваны ў часопісе “Беларускі піянер” (1926), калі аўтару споўнілася 13 год. Першы ж вершаваны зборнік “Дзень нараджэння” (1958) пабачыў свет толькі праз 32 гады. А паміж гэтымі датамі – страчаная маладосць, абарваныя юнацкія мары і надзеі, пакутніцкі шлях і таму многія вершы першага зборніка пазначаны пякучым болем душы, нагадваюць пра жыццёвыя страты, з’яўляюцца ўспамінамі пра маладосць, маці, каханую.

Чыт. Калі пушок прабіўся над губою

I ў сны прыйшло дзявочае імя,

Я ні аб чым не раіўся з табою,

Матуля адзінокая мая.

Мне сорамна здавалася часамі

Сярод хлапцоў — цыбатых забіяк —

Назваць цябе, як у маленстве, «ма-ма»,

Таму часцей не называў ніяк.

А вечарамі, слова не сказаўшы,

Ішоў блукаць каля чужых варот

I пазіраў, як у акенцы нашым

Мільгаў у лямпе да світання кнот.

Не спала ты асеннімі начамі,

Хоць падала ад зморы галава,

Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,

Прывычная да гора удава.

Ты прала кужаль, ты капала гліну,

А ў час жніва зусім не чула рук,

Ды гаварыла ласкава пра сына:

«Хай падрасце, няхай паспіць сынок»,

I зноў сама збіралася па дровы,

А ў валасах гусцела сівізна —

«Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,

Хоць бы, як колісь, мамаю назваў».

…Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,

I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,

Што гэтае святое слова «мама»

Сказаць ужо няма каму.

                                       (С. Грахоўскі “Мама”)

Вяд. 1: З-пад пяра творцы адзін за адным выходзяць зборнікі паэзіі: “Дзень нараджэння” (1958), “Чаканне” (1960), “Табе зайздросціць сонца” (1963), “Памяць” (1965), “Тры вымярэнні” (1967) і шмат іншых. Сяргей Грахоўскі плённа працаваў і ў прозе – выдаў нарыс “Горад маладосці” (1960), зборнік апавяданняў “Які вялікі дзень” (1966), аповесці “Ранні снег” (1975), “Гарачае лета” (1974), “Сустрэча з самім сабой” (1988), кніга ўспамінаў “Так і было” (1986).

Вяд. 2: Валодаючы высокім красамоўствам і фенаменальнай памяццю, Сяргей Іванавіч мог бясконца цытаваць свае паэтычныя радкі, пераклады, вершы іншых паэтаў з такой эмацыянальнай сілай, пачуццём перажытасці, што нікога ў зале не пакідаў абыякавым. Цёплыя, сяброўскія адносіны звязвалі яго з многімі мастакамі, архітэктарамі, скульптарамі, кампазітарамі. Ён сам выдатна маляваў пейзажы, добра спяваў, наогул захапляўся жыццём — радаваўся, здзіўляўся кожнай неардынарнай справе, чалавеку. Сустрэчы з Грахоўскім для самых розных чытачоў, студэнтаў былі сапраўднай падзеяй. З такіх сустрэч і сам паэт вяртаўся ўзрушаным, памаладзелым, поўным энергіі і творчых задум.

Вяд. 1: Падарожжы, назіранні, сустрэчы ўзбагачалі, натхнялі пісьменніка на паэзію і прозу, у якіх абазначаецца шырокая геаграфія, вывучаная ім не па кнігах, а ўласным жыццём. Таму і такімі цікавымі, глыбоказмястоўнымі былі яго перадачы на Беларускім радыё і тэлебачанні, дзе С. Грахоўскі вёў рубрыку “Літаратурная Беларусь”. У гэтыя гады як бы адкрылася другое творчае дыханне паэта. І сёння, аглядаючы панараму яго пісьменніцкага лёсу, можна канстантаваць, што са сваіх амаль 90 гадоў жыцця — 75 ён аддаў літаратуры. Пасля поспеху першага паэтычнага зборніка натхненне не пакідала яго да апошніх дзён, быццам кампенсуючы марна страчаныя нявольніцкія гады. Не насіў ён у сэрцы злабы і крыўды, бо разумеў — не Радзіма і народ судзілі выдатных сваіх сыноў, а нялюдская дыктатарская ўлада. Наадварот, акрылены адчуваннем свабод, паэт пачынае сцвярджаць: “Жыццё заўжды — натхнённая паэма, якую трэба радасна пражыць…”. І гэта пры тым, што не заўсёды радаснымі і бясхмарнымі былі ягоныя дні.

Чыт. Чалавеку патрэбна не слава,

А людская увага і ласка,

І сардэчнае шчырае слова,

І вясёлая добрая казка.

 

Чалавеку патрэбна усмешка

Незнаёмых вачэй і знаёмых,

Каб дажджамі размытая сцежка

Стала лёгкай на кручах і стромах.

 

Чалавеку не трэба спагады, —

Дабрата чалавеку патрэбна,

Каб, мінаючы прорвы і спады,

Узбірацца на стромкія грэбні,

 

Каб сяброў сустракаў клапатлівых

На дарогах, далёкіх ад дому,

І каб сам быў заўсёды шчаслівы,

Калі шчасце прыносіш другому.

                                  (С. Грахоўскі “Чалавеку патрэбна не слава…”)

Вяд. 2: Не шукаў ён спакою, цішыні пасля перажытага і ўсёй наступнай творчасцю даказваў, што “на гэтым свеце — замест спакою неба, мне да спадобы неспакой зямлі…”  Сёння яго творчасць уяўляецца як адна вялікая, па-мастацку жыццёвая кніга, прасякнутая Праўдай, Любоўю, Сумленнем. Якраз у гэтых паняццях заключаецца асноўнае крэда С.Грахоўскага — пісьменніка і чалавека.

Вяд. 1: Яго імем названа адна з цэнтральных вуліц Глуска, на якой устаноўлены барэльеф пісьменніка, а таксама першая сярэдняя школа, дзе ён вучыўся. Многія творы Сяргея Грахоўскага перакладаліся на азербайжанскую, англійскую, асецінскую, балгарскую, грузінскую, латышскую, літоўскую, малдаўскую, польскую, рускую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, французкую, югаслаўскую мовы.

Вяд. 2: Зямны шлях Сяргея Грахоўскага абарваўся 11 снежня 2002 года. Пісьменнік прайшоў яго сумленна і годна, пераадолеўшы ўсе выпрабаванні, якіх надта шчодра адмераў яму лёс. А нам ў спадчыну засталіся творы, напоўненыя светлым талентам яго дабраты…

 

Падрыхтавала Кетрык І.А., бібліятэкар АБМ

Метки: , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий