вечарына мастацтва да 110-годдзя
Алены Аладавай
Вяд. 1. У плеядзе выдатных беларускіх жанчын XX стагоддзя, якія пакінулі ў гісторыі нашай краіны свой яркі след, імя Алены Васільеўны Аладавай трэба назваць адным з першых. Уклад яе ў беларускую культуру такі значны, што не заўважыць яго немагчыма. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, які лічыцца адным з сімвалаў сталіцы — сапраўднае дзецішча Алены Васільеўны.
Вяд. 2. Гэта яна, далікатная, жыццярадасная, незвычайна энергічная, дзіўна працавітая жанчына, апантаная справай збіральніцтва і калекцыянавання твораў мастацтва, стала натхняльніцай узвядзення гэтага цудоўнага будынка, напаўнення яго духоўнымі каштоўнасцямі і беражлівым захаваннем іх для народа і гісторыі.
/ урывак з дак. фільма “История создания и развития Национального художественного музея Республики Беларусь” (Алена Аладава) /
Вяд. 1. Алена Васільеўна Аладава (у дзявоцтве — Пук) нарадзілася 22 мая 1907 года ў Пружанах. Яе бацька, Васіль Ісаевіч, паходзіў з сялян з Кобрынскага павета, але быў адукаваны і нават скончыў у Маскве Настаўніцкі інстытут. Маці, Алена Сільвестраўна Карпызава, была родам з настаўніцкай сям`і.
Вяд. 2. Бацькі Алены, хоць і жылі ў беларускай глыбінцы, але амаль штогод ездзілі ў Маскву, наведвалі тэатры, мастацкія выставы. Так што Алена Васільеўна з дзяцінства расла ў атмасферы культуры і асветы.
Вяд. 1. Яна была першынцам у сям`і. Пасля яе нарадзіліся яшчэ Валянціна, Таццяна і Мікалай. У 1915 годзе бацькі атрымалі прызначэнне ў Парычы Бабруйскай акругі. Тут Алена скончыла школу другой ступені, пачала маляваць, займалася ў драмгуртку і спявала ў хоры, якім кіраваў яе бацька.
Вяд. 2. У 1925 годзе сям`ю спасцігла вялікае гора — памерла маці. Бацька неўзабаве ажаніўся і перабраўся жыць у Жлобін. Але ў 1930 годзе яго раптам арыштавалі, перавезлі ў Оршу і там расстралялі як контррэвалюцыянера. Алена, як старэйшая сястра, узяла на сябе ўсе клопаты пра малодшых. Гэты абавязак яна пранесла праз гады. Усё сваё жыццё родныя Алены Васільеўны і іх дзеці заўсёды знаходзілі сардэчны прыём, надзейны прытулак і сапраўдную падтрымку ў яе доме.
Вяд. 1. З 1921 года Алена вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на педагагічным факультэце, адначасова працуе ілюстратарам у Беларускім дзяржаўным музеі, а па вечарах наведвае рабочую студыю пры Доме мастака. Жыццярадасная, актыўная дзяўчына пастаянна знаходзілася ў віры творчага жыцця. У 1925 годзе Алена ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці экскурсавода на I Усебеларускай мастацкай выставе і потым працавала на ўсіх наступных выставах.
Вяд. 2. У 1928 годзе, пасля заканчэння універсітэта, Алена Васільеўна выйшла замуж за кампазітара Мікалая Ільіча Аладава. Гэтаму шлюбу быў наканаваны доўгі шчаслівы лёс. Мікалай Ільіч Аладаў, нашчадак старадаўняга пецярбургскага дваранскага роду, быў чалавекам энцыклапедычна адукаваным і любіў усё прыгожае, незвычайнае, арыгінальнае. Выпускнік Пецярбургскай кансерваторыі, Аладаў ужо ў тыя гады лічыўся класікам. Ён стаяў ля вытокаў Саюза кампазітараў Беларусі, быў адным з стваральнікаў нацыянальнай кансерваторыі, заснавальнікам розных жанраў беларускай прафесіянальнай музыкі. За год да жаніцьбы стварыў музычную камедыю «Тарас на Парнасе», якая хутка заваявала папулярнасць.
У 1930 годзе ў маладой сям’і нарадзіўся сын Вальмен, праз тры гады — сын Гельмір. А пасля вайны дачка Радаслава.
Вяд. 1. Дзяржаўная карцінная галерэя БССР адкрылася ў 1939 годзе і да вайны арганізавала дзве буйныя мастацкія выставы, адна з якіх з поспехам прайшла ў Маскве падчас Дэкады беларускага мастацтва. Алена Васільеўна ўжо была ў штаце супрацоўнікаў галерэі і заканчвала завочнае аддзяленне Інстытута філасофіі, літаратуры і мастацтва ў Маскве, рыхтавалася да дзяржаўных іспытаў. Але ў лёс умяшалася вайна.
/ урывак з дак. фільма “История создания и развития Национального художественного музея Республики Беларусь” (лёс музея ў час вайны) /
Вяд. 2. Немцы былі амаль пад Мінскам, а Алена Васільеўна з трыма супрацоўнікамі ўсё ўпакоўвалі экспанаты галерэі. Вельмі турбаваліся за лёс слуцкіх паясоў. У галерэі іх была вялікая калекцыя — 49 адзінак! Яны тэлефанавалі ва ўсе інстанцыі: «Дашліце машыны! Ратуйце нацыянальныя скарбы!». Але ніхто машын не даслаў. А неўзабаве і тэлефоны змоўклі. Усе спешна пакідалі горад. Нарэшце, дырэктар карціннай галерэі Мікалай Пракопавіч Міхалап абвясціў, што трэба неадкладна сыходзіць — немцы могуць увайсці ў сталіцу ў любы момант. З болем у сэрцы, пакінуўшы галерэю на двух вартаўнікоў, Аладава разам з сям`ёй рушылі на ўсход, у бок Калодзішчаў.
Вяд. 1. У Калодзішчах ім з вялікай цяжкасцю атрымалася сесці ў адзін з адыходзячых эшалонаў. Набіты бежанцамі, ён ледзь цягнуўся да Масквы. Праз кожныя паўгадзіны гучаў трывожны гудок паравоза, і ўсе саскоквалі з платформаў і беглі ў кусты хавацца ад варожых самалётаў. З кожным прыпынкам у эшалон набівалася ўсё больш людзей, у тым ліку вельмі падазроных.
Вяд. 2. Аладавы вырашылі на адным з прыпынкаў адстаць ад цягніка. Далей на ўсход прабіраліся пешшу — праз лясы, праз балоты, не раз ратуючыся ці то ад пераапранутых немцаў, ці то ад паліцаяў. Але, дзякуй Богу, на шляху сустракаліся і добрыя людзі, якія давалі ім хлеб, бульбу, малако. У адной вёсцы іх абулі ў сялянскія лапці. Горкі, Ельня, Саратаў — такі нялёгкі маршрут Аладавых у эвакуацыю: дзе пешшу, дзе на спадарожцы, дзе ў вагоне.
Вяд. 1. У Саратаве, калі Аладавы з’явіліся на парозе хаты сваіх знаёмых, іх выгляд у запыленай, зношанай вопратцы і лапцях прывёў усіх у жах. Усіх адразу вымылі, а вопратку апарылі кіпенем, каб пазбавіць яе ад насякомых. Злоўжываць гасціннасцю знаёмых яны не сталі, заняліся пошукам кватэры. Але не так гэта было проста — знайсці жыллё ў горадзе, перапоўненым бежанцамі. Першы час, пакінуўшы дзяцей у знаёмых, Алена Васільеўна і Мікалай Ільіч начавалі на лаўках у скверы.
Вяд. 2. Яшчэ цяжэй было знайсці працу. Таму спачатку вельмі гаравалі і нават галадалі. Набліжалася зіма, а сям’я была без цёплай вопраткі. Муж хадзіў у летняй шынэлі, сыны — у чужых абносках. Усё гэта прыводзіла Алену Васільеўну ў жах. І яшчэ пастаянна яе раздзіралі трывожныя думкі аб пакінутых экспанатах карціннай галерэі. Які лёс іх у акупаваным Мінску? Пастаянна думалася, што калі б у машыны музея ў той цяжкі час быў вадзіцель, атрымалася б вывезці ў эвакуацыю хаця б самае каштоўнае.
Вяд. 1. Патрэба і гэтыя трывожныя думкі падштурхнулі Алену Васільеўну да таго, каб скончыць шафёрскія курсы. Але вадзіць машыну доўга не прыйшлося. Неўзабаве ёй прапанавалі працу намесніка дырэктара Саратаўскага мастацкага музея імя Радзішчава. А потым і Мікалая Ільіча ўзялі ў штат эвакуіраванай Маскоўскай кансерваторыі. Муж і жонка Аладавы сталі атрымліваць зарплату, карткі, у іх з`явілася жыллё. Жыццё стала наладжвацца.
Вяд. 2. У студзені 1944 года Алену Васільеўну паклікалі ў Маскву — працаваць у Дзяржаўнай камісіі па справах мастацтваў Саўнаркама СССР па вызначэнні шкоды, прычыненай фашысцкімі захопнікамі калекцыям мастацкіх музеяў. А літаральна праз паўгода Алена Васільеўна вярнулася на радзіму, у вызвалены Мінск. Аладавай было даручана аднавіць калекцыю Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР. У лютым 1945 года вагоны з першымі творамі, набытымі для Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, адправіліся з Масквы ў Мінск.
/ урывак з дак. фільма “История создания и развития Национального художественного музея Республики Беларусь” (музей пасля вайны) /
Вяд. 1. Новы музей, узведзены ў цэнтры яшчэ не цалкам адбудаванага пасля вайны Мінска, быў падобны на палац. І, як сапраўдны палац, ён быў напоўнены выдатнымі і неацэннымі творамі мастацтва — пладамі нястомных пошукаў па ўсім Савецкім Саюзе Алены Васільеўны Аладавай.
Вяд. 2. У пасляваенныя гады ў яе раскрыўся незвычайны талент збіральніцы твораў. Ужо ў 1946 годзе Аладава арганізавала навуковую экспедыцыю па выяўленні помнікаў старажытнага беларускага мастацтва. Пры Аладавай музей правёў 30 экспедыцый, абследаваў больш за 700 касцёлаў і цэркваў заходніх раёнаў Беларусі. У выніку, удалося сабраць надзвычай каштоўную калекцыю ікон і драўлянай скульптуры 15-18 стагоддзяў. Ёю былі выяўлены і выратаваны такія шэдэўры, як Шарашоўскае Евангелле 16 стагоддзя, Іканастас Шарашоўскай царквы 17 стагоддзя, царскія вароты з царквы в. Варанілавічы, тры партрэты 16 стагоддзя з касцёла ў горадзе Гродна і многія іншыя. Усяго ж за 50-80 гады музей арганізаваў больш за 100 аналагічных экспедыцый, у выніку якіх былі выратаваны каля дзвюх тысяч помнікаў жывапісу, скульптуры, прыкладнога мастацтва.
/ урывак з дак. фільма “История создания и развития Национального художественного музея Республики Беларусь” (старажытнае беларускае мастацтва) /
Вяд. 1. Яна валодала сапраўдным нюхам калекцыянера. У Алены Васільеўны быў доступ у найбуйнейшыя прыватныя зборы Масквы і Ленінграда і яна заўсёды сама вяла перамовы з уладальнікамі. Састарэлыя гаспадары калекцый або іх нашчадкі звычайна пасля перамоў саступалі тую ці іншую карціну настойлівай госці.
Вяд. 2. Жыццё Алены Васільеўны складалася з камандзіровак. Калі затрымлівалася ў Мінску, пастаянна некуды тэлефанавала і камусьці пісала, адшуквала мастакоў, якія засталіся ў жывых пасля вайны. І калі спачатку ў маскоўскіх і піцерскіх музеях з яхіднасцю глядзелі на актыўнасць Аладавай, то пазней з зайздрасцю наракалі, што мастакі і калекцыянеры спачатку паказваюць свае творы ў Мінску, а толькі потым звяртаюцца ў Трэццякоўку, а часам і зусім да яе не даходзяць.
Вяд. 1. Аб настойлівасці дырэктара беларускай галерэі хадзілі легенды. У яе не было якіх-небудзь спецыяльных хітрыкаў, проста яна ўмела пераконваць. Кажуць, магла з раніцы да вечара сядзець у кабінеце чыноўніка, які не жадаў выдзяляць грошаў на куплю таго ці іншага твора. І заўсёды выходзіла з перамогай. Вочы Аладавай многія параўноўвалі з рэнтгенам. Яна беспамылкова адрознівала арыгінал ад падробкі.
Вяд. 2. Так было і з «Неравным браком» Васіля Пукірава. Адшукаўшы дзесьці старую карціну, вырашыла набыць яе для свайго музея. Тады многія смяяліся і гаварылі: “Навошта марнаваць грошы на падробку?”. Бо ўсе ведалі, што арыгінал быў у Траццякова. Але Алена Васільеўна запэўнівала, што гэтая карціна ўяўляе сабой каштоўнасць. І не памылілася: пазней высветлілася, што Пукіраў зрабіў паўтор свайго вядомага твора.
/ урывак з дак. фільма “История создания и развития Национального художественного музея Республики Беларусь” (аб карціне В. Пукірава “Неравный брак”) /
Вяд. 1. Дзякуючы нястомным пошукам Алены Васільеўны Аладавай былі набыты сапраўдныя шэдэўры Аргунова, Антропава, Лявіцкага, Баравікоўскага, Вішнякова, Ге, Брулова, Семірадскага, Макоўскага, Трапініна, Пярова, Рэпіна, Шышкіна, Хруцкага, Бялыніцкага-Бірулі. Рускі жывапіс прыносіў збіральніцы і радасць калекцыянавання, і гонар за папаўненне фонду музея. Дзякуючы яе нястомнай дзейнасці сёння музей валодае адной з лепшых на постсавецкай прасторы калекцый рускага жывапісу XVIII — пачатку XX стагоддзяў.
/ урывак з дак. фільма “История создания и развития Национального художественного музея Республики Беларусь” (аб карцінах з зала рускага мастацтва) /
Вяд. 2. З`яўляючыся з 1966 года членам Саюза мастакоў, яна актыўна жыла яго жыццём, ведала кожнага яго члена, імкнулася набыць лепшыя творы, каб імя і творчасць таленавітых мастакоў знайшлі адлюстраванне ў гісторыі мастацтва Беларусі. Яна шчыра засмучалася, калі, на яе погляд, добрая работа таго ці іншага мастака была куплена іншым музеем.
Вяд. 1. Так, напрыклад, адбылося з «Партызанскай мадоннай» М. Савіцкага, набытай Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй. Алена Васільеўна не магла супакоіцца да таго часу, пакуль Савіцкі не даў згоду стварыць «Мінскую мадонну» для беларускага музея.
Вяд. 2. Вялікую ўвагу Алена Васільеўна ўдзяляла прапагандзе мастацтва. Па сутнасці, сэнс яе жыцця быў вельмі просты – знайсці твор, прыкласці ўсе сілы, каб яго адрэстаўрыраваць. I яна зрабіла нямала ў станаўленні рэстаўрацыйнай справы ў рэспубліцы. Ёю напісана шмат артыкулаў, манаграфій, створаны альбомы па беларускаму мастацтву. Цяжка нават пералічыць усе працы, дзе яна была кансультантам, рэдактарам, складальнікам. Па сутнасці, кожнаму мастаку, даследчыку патрэбны былі яе добрае слова, парада, дапамога. Яна сваім гарачым захапленнем мастацтвам, самаахвярнай вернасцю яму аказвала вялікі ўплыў на ўсіх, хто быў побач з ёю.
Вяд. 1. З пасады дырэктара музея Алена Аладава сышла ў 1977 годзе ва ўзросце 70 гадоў. Доўгі час яна сама шукала чалавека, якому магла б перадаць сваё дзецішча. Яна хацела, каб на чале музея стаў сапраўдны прафесіянал — мастак або мастацтвазнаўца, які валодае арганізатарскімі здольнасцямі і які карыстаецца павагай музейных супрацоўнікаў, дзеячаў культуры, чыноўнікаў. Усе гэтыя якасці яна ўбачыла ў мастака-графіка Юрыя Карачуна.
Вяд. 2. Выйшаўшы на пенсію, Алена Аладава працавала кансультантам музея, дыктавала свае ўспаміны, прымала ўдзел у тэлевізійных перадачах. Без музея яна жыць не магла. Ён патрэбны быў ёй, як паветра. І да апошніх дзён лёс Алены Васільеўны быў звязана з гэтым музеем, якому яна аддала, не перабольшваючы, усё свядомае жыццё.
/ урывак з дак фільма “Мгновения музейной тишины” (інтэрв`ю з А. Аладавай) /
Вяд. 1. Алена Васільеўна заўсёды высока і ўзнёсла любіла сваю малую радзіму – Пружаншчыну, заўсёды памятала пра яе. Беларуская мова была яе роднай, і ў яе лексіконе заўсёды было нямала сакавітых беларускіх слоў. Яе ўсё жыццё захапляла народная творчасць: нацыянальныя ручнікі, посцілкі і іншыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Менавіта яна падала ідэю і прымала актыўны ўдзел у збіранні калекцыі драўляных фігурак. Яна ніколі не забывала аб горадзе, у якім нарадзілася, дзе прайшлі яе дзіцячыя гады.
Вяд. 2. Пружаны Алена Васільеўна наведала ў сярэдзіне шасцідзесятых гадоў. Як заўсёды, цікавілася мастацкімі творамі, помнікамі гісторыі і культуры. I плакала, калі ўбачыла, у якім жабрацкім стане знаходзілася сядзіба ў гарадскім парку. “Якая тут была прыгажосць! — успамінала яна. — Нас, дзяцей, не пускалі на тэрыторыю сядзібы. Але мы знаходзілі розныя спосабы, каб забрацца ў цяністы парк, дзе ўсе было так утульна, прыгожа, палюбавацца азерцам з крынічнай вадой, шматлікімі кветнікамі”. Алена Васільеўна выказала тады прапанову размясціць у сядзібе карцінную галерэю. Але гэтая прапанова не атрымала падтрымку ў тагачасных кіраўнікоў.
Вяд. 1. І ўсё ж яе мара збылася: аднавілася сядзіба, якая стала ў горадзе месцам збору і прапаганды твораў беларускага мастацтва.
У 2007 годзе на будынку музея-сядзібы “Пружанскі Палацык” устаноўлена памятная дошка нашай славутай зямлячцы.
Вяд. 2. Алене Васільеўне зараз прысвячаюцца кнігі. Адна з іх “Елена Аладова. Музей — ее судьба”. Кніга змяшчае дакументальныя матэрыялы, большая частка якіх — эксклюзіўныя, раней невядомыя факты і фатаграфіі. Сваімі ўспамінамі аб Алене Аладавай у кнізе дзеляцца народныя мастакі СССР З. Азгур, М. Савіцкі, народныя мастакі Беларусі В. Грамыка, Г.Вашчанка, М. Данцыг, Л. Шчамялёў і многія іншыя. У выданне ўвайшло звыш 80 дакументальных фатаграфій з розных архіваў (у асноўным сям’і Аладавых), а таксама каля 50 каляровых рэпрадукцый твораў, якія ў розныя гады папоўнілі фонды Нацыянальнага мастацкага музея дзякуючы намаганням Алены Аладавай.
Вяд. 1. Жыццё нашай славутай зямлячкі Алены Васільеўны Аладавай цікавае, шматграннае, аддадзенае да рэшты высакароднаму служэнню нацыянальнай культуры. Яе душа, яе талент былі шырока адкрыты свету. Можна з упэўненасцю сказаць, што ёй не было роўні ў савецкім музеязнаўстве другой паловы ХХ стагоддзя. Яна была Асобай. Яе дзейнасць як арганізатара і натхняльніка ўсіх музейных працэсаў – гэта сапраўдны феномен.
У выніку адданай, энергічнай дзейнасці Алены Васільеўны Аладавай у Беларусі з’явіўся цудоўны музей, слава аб калекцыі якога ішла далёка за межамі нашай рэспублікі.
/ урывак з дак. фільма “1000 музеяў Беларусі. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі” (абагульняючыя словы аб музеі) /
Склад.: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В. В.
Крыніцы.
- Бунто, Т. «Мама была праздником» / Тамара Бунто. – Алеся. – 2014. — № 4. – С. 34 – 39.
- В поисках утерянного : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://news.21.by.
- 29 Мая 1986 — Умерла заслуженный деятель искусств БССР, директор Государственного художественного музея БССР Елена Аладова [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.istpravda.ru.
- “Душа мая разрывалася ад думкі, што будзе з гэтымі скарбамі…”. Алена Аладава. З успамінаў пра першыя дні Вялікай Айчыннай : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.kimpress.by.
- Елена Аладова. Музей — ее судьба : воспоминания, документы, исследования / [ред. Борис Крепак]. — Минск : Мастацкая лiтаратура, 2006. – 318 с. : ил. — (Беларусь мастацкая).
- Искусство видеть шедевры. Елену Аладову современники называли белорусским Третьяковым : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.sb.by.
- Музейшчык божай міласцю Алена Аладава : літаратурна-краязнаўчае выданне / склад. Л. С. Валкавыцкая. – Пружаны, 2008. – 16 с.
- Подлещук, Е. В Национальном художественном музее состоялась презентация книги «Елена Аладова. Музей — ее судьба» : [Электронный ресурс] / Елена Подлещук. — Режим доступа : http://news.21.by.