электронная прэзентацыя для вучняў 7- 9 класаў
Афармленне: выстава “Жыццё Коласа – найцікавейшая кніга”, партрэт пісьменніка.
Гучыць песня “Мой родны кут” (сл. Я. Коласа, муз. І. М. Лучанка).
Вядучы. Вы слухалі песню “Мой родны кут”. Аўтар слоў гэтай песні Якуб Колас. Сёння ў нас электронная прэзентацыя, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Я. Коласа, народнага паэта Беларусі. Сапраўднае імя Я. Коласа – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Калі Колас быў хлопчыкам, яго звалі Косцікам, Костусем, Кастусём. Я. Колас — гэта псеўданім пісьменніка.
Колас… Колькі ў гэтым слове чалавечага сэнсу і цяпла! Колас – гэта хлеб, гэта само жыццё. І невыпадкова наш пясняр спыніўся на такім літаратурным псеўданіме. Што ж падштурхнула Коласа на гэта? Напісаўшы першы верш, ён адчуў сябе паэтам і назваўся Якубам. А яшчэ Колас баяўся, каб яго не зблыталі з другім Міцкевічам. Вы, пэўна, здагадаліся пра каго размова: з вялікім польскім паэтам Адамам Міцкевічам. Ён прыняў сціплейшае і непрыкметнейшае прозвішча – Колас.
Слайд 1.
“Два каласы – дзве праўдзівыя песні!
Поплеч, як сёстры ідуць у свет…
Колькі вы радасці людзям прынеслі,
Колас жытнёвы і Колас – паэт!”
Р. Тамола
Слайд 2.
Творчасць Я. Коласа мела выключна вялікае значэнне для развіцця беларускай савецкай літаратуры. Сваімі раманамі, аповесцямі і апавяданнямі, паэзіяй і публіцыстыкай ён узняў беларускую літаратуру да ўзроўню сусветнай класікі, зрабіў яе здабыткам не толькі беларускага, але і замежнага чытача.
“Яго светлая і чаруючая поэзія – гэта жывое дыханне народа, увасабленне яго мудрасці, яго любві да жыцця, да працы, яго спрадвечнага імкнення да свабоды і шчасця чалавека”.
М. Лынькоў
Слайд 3.
Якуб Колас нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы.
Бацька яго служыў лесніком у лесе, які належаў князям Радзівілам. Ён быў дужы і працавіты. Костусь вельмі любіў сваю маці. Вось што ён пісаў пра сваіх бацькоў у аўтабіяграфіі:
“Бацька мой, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, быў лесніком. Чалавек ён быў невялікай адукацыі: умеў распісацца, чытаць па-польcку і па-руску. Маці мая, Ганна Юр’еўна з Лёсікаў, зусім няграматная, але разумная ад прыроды і добрая жанчына”.
Я. Колас “Аўтабіяграфія”
Слайд 4.
Раннія дзіцячыя гады Я.Коласа прайшлі ў лесніковых сядзібах. Леснікова хата знаходзілася каля лесу. Лес быў сябрам дзяцей. У ім яны гулялі, ладзілі розныя забавы. Улетку часта лазілі па дрэвах і хаваліся там сярод густых галін.
У 1891 годзе Міхаіл Казіміравіч з сям’ёй пераехаў ў леснічоўку Альбуць.
“Каля пасады лесніковай
Цянуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,
А елкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь”.
Я. Колас “Новая зямля”
Слайд 5.
Рана абудзілася ў хлопчыка цікавасць да кнігі. Пачатковую грамату ён набываў дома.
У Альбуці Якуб Колас вучыўся ў так званага “дарэктара”, які меў не надта багатыя веды, бо сам нядаўна скончыў школу. “Дарэктарам” ў той час называлі настаўніка, які хадзіў з хаты ў хату і вучыў дзяцей грамаце. Пазней, яго “дарэктар” (Іван Васільевіч Міцкевіч) стаў прафесійным настаўнікам.
Вось што Якуб Колас напісаў пра свайго хатняга настаўніка ў паэме “Новая зямля”.
Паслухайце калі ласка:
Чытальнік.
“У дзве нядзелькі па пакровах
Прывезлі Яську ў лапцях новых;
За ім два боты без абцасаў —
Насіў іх Яська з даўніх часаў,
Ад брата “Кіксы” дасталіся –
На ўсякі выпадак нясліся.
-Ну, вось дырэктар вам, глядзеце! –
Міхал ківае тут на Яську: —
За кнігі заўтра і за ўказку,
Бо грошы бацькавы – не смецце,
Каб мне вучыліся старанна!
Не патураць ім анізвання! –
Міхал звярнуўся к “дарактору”:
— А не паслухае каторы –
Цягні за вуха на калені:
Знайду лякарства я ад лені!
А будзе ісці навука туга,
Падгоніць бацькава папруга! –
Стаялі хлопцы і маўчалі,
На Яську зрэдку паглядалі;
А сам дарэктар, з вузел ростам,
Ў сваім уборы бедным, простым,
У зрэбных портках і кашулі,
Стаяў, як бы яго прыгнулі,
Такім мізэрным і маўклівым,
Ў халаце суконным сівым.
Счакаўшы трошкі, ён ачнуўся,
Прыйшоў ў памяць, азірнуўся.
Ён знаў усіх і яго зналі;
З Уладзем колісь сябравалі,
Але цяпер не тыя часы —
Рабіць нязручна выкрунтасы,
Бо цвёрда помніць, ведаць трэба:
На ім ляжыць цяпер вучоба.
Ён толькі летась скончыў школку
І веды меў у адну столку,
Ды й тых патраціў з палавіну,
У поле гонячы скаціну.
Таксама хлопцы разважалі
І, як трымацца з ім, не зналі:
Ці мець яго за панібрата,
Ці лепш з ім быць далекавата”.
Я. Колас. “Новая зямля”
Вядучы. У гэты перыяд прыйшло да Кастуся Міцкевіча захапленне паэзіяй і жаданне самому пісаць вершы. Ён вельмі любіў байкі Крылова і сам спрабаваў сачыняць іх. Аднойчы, яму тады было 12 гадоў, верш “Вясна” ён асмеліўся прачытаць бацьку:
“Сонца грэе, прыпякае,
Лёд на рэчцы затрашчаў.
Цеплы вецер павявае,
Хмар дажджлівых нам прыгнаў”…
Бацька спытаў, ці праўда гэта ён напісаў і даў рубель гасцінца.
Слайд 6.
З дзяцінства Канстанцін Міхайлавіч марыў стаць настаўнікам.
У 1898 годзе ён паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе правучыўся чатыры гады. Вось што ён напісаў пра гэта ў сваёй аутабіяграфіі:
“Рэжым быў суровы, манастырскі. Адносіны настаўнікаў да выхаванцаў былі грубыя. Але семінарыя мела тое добрае значэнне, што прывучала да працы, дысцыпліны, парадку”.
Я. Колас “Аўтабіяграфія”
Слайд 7.
Скончыўшы ў 1902 годзе Нясвіжскую семінарыю, Я. Колас едзе працаваць на Палессе. Пра гэты перыяд свайго жыцця ён напісаў так:
“Я толькі-толькі ўступіў у жыццё. Сваю работу скромнага сельскага настаўніка я лічыў самай пачэснай”.
Я.Колас “Аўтабіяграфія”
Слайд 8.
Улетку 1912 года Якуб Колас упершыню сустракаецца з Янкам Купалам. Перад вамі фотаздымак гэтай сустрэчы. У творчым лёсе Я. Купалы і Я. Коласа шмат агульнага: нарадзіліся яны ў адным годзе, амаль адначасова выступілі ў літаратуры. Яны разам адпачывалі, гулялі ў шахматы. Яны нават прысвячалі адзін аднаму вершы. Якуба Коласа і Янку Купалу лічаць пачынальнікамі беларускай дзіцячай літаратуры. Гэта вельмі вядомыя беларускія пісьменнікі. Максім Горкі пісаў пра іх:
“У Беларусі ёсць два паэты: Янка Купала і Якуб Колас – вельмі цікавыя хлопцы… Проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра. Нашым бы крыху гэтых якасцей. Вось бы добра было”.
М. Горкі
Слайд 9.
Я ўжо гаварыла вам, што настаўніцкі шлях Я. Коласа пачаўся на Палессі.
“З 1912 па 1915 год Якуб Колас працуе ў 3-й прыходскай школе ў Пінску.У 1912 годзе я пазнаёміўся з маладой настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы. Так у яго маё жыццё ўвайшла Марыя Дзмітрыеўна”.
М. Лужанін “Колас расказвае пра сябе”
Пажанілася яны у 1913 годзе. Вяселля не гулялі. Было затое шлюбнае падарожжа ў Вільню, дзе жыла маці Марыі Дзмітрыеўны.
Слайд 10.
У маі 1921 года Якуб Колас пераязджае ў Мінск і становіцца выкладчыкам Мінскага педагагічнага каледжа і Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Ён прымае экзамены, чытае лекцыі, праводзіць практычныя заняткі.
“Колькі Коласавых вучняў выйшла на заслужаных і незаслужаных, тым не менш добрых настаўнікаў, дырэктароў школ і інстытутаў, загадчыкаў кафедраў, колькі іх працуе на адказных дзяржаўных пасадах!”
М. Лужанін “Колас расказвае пра сябе”
Слайд 11.
У 20-я гады талент Якуба Коласа расквітнеў ва ўсю веліч. Пісьменнік заканчвае паэмы, якія пачаў пісаць яшчэ да рэвалюцыі. (“Новая зямля”, “Сымон-музыка”).
Слайд 12.
У 1926 годзе за выдатныя заслугі ў развіцці літаратуры Якубу Коласу прысвоена званне народнага паэта Беларусі
У 1928 г. яго абралі віцэ-прэзідэнтам Беларускай Акадэміі навук.
Слайд 13.
У гады Вялікай Айчыннай вайны слова народнага паэта гучала набатам.
“Цяжкае выпрабаванне выпала на тваю долю, родны беларускі народ. Няхай жа не дрогне тваё сэрца перад жахам крывавай вайны”…
Я. Колас “На бітву, браты-беларусы”
Слайд 14.
Пасля вайны Якуб Колас зноў вярнуўся да грамадскай і літаратурнай працы.
Слайд 15.
Значнае месца ў творчасці Я. Коласа займае трылогія “На ростанях”, над якой пісьменнік працаваў звыш трыццаці гадоў.“Трылогія Якуба Коласа з вялікай сілай сцвярджае ідэю аб неабходнасці перадавога светапогляду, аб абавязку кожнага сумленнага чалавека ўсе сілы аддаваць служэнню народу”.
Л. Навічэнка
Якуб Колас напісаў шмат твораў для дзяцей: вершы і апавяданні, байкі і казкі, паэму “Міхасёвы прыгоды” . Паслухайце, калі ласка, яго верш “У полі” пра хлопчыка Грышку, які любіць адпачываць каля крынічкі:
Чытальнік.
“Грышка, хлопчык невялічкі,
Ў поле выйшаў з дому,
Люба там каля крынічкі
Хлопчыку малому!
Ў гушчары кустоў зялёных
Многа розных пташак,
Кветак белых і чырвоных
Мошачак, мурашак…
Сядзе хлопчык над крынічкай
І не зварухнецца,
Пазірае, як над дзічкай
Пташачка снуецца
І сваіх маленькіх дзетак
Корміць чарвячкамі.
Эх, як слаўна сярод кветак
Летнімі дзянькамі!..”
Многія з вас ведаюць ці бачылі ў бібліятэцы паэмы Я. Коласа: “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, “Рыбакова хата”, аповесці: “Дрыгва”, “На прасторах жыцця” і іншыя творы. І яшчэ шмат цікавых твораў змог бы напісаць наш пясняр. Але…
Слайд 16.
13 жніўня 1956 года сэрца слаўнага сына Беларусі перастала біцца…
Вы бачыце помнік на магіле Я. Коласа.
“Маўчаць палі ў кроплях буйных рос,
Маўчаць бары, а сэрца плача ўголас.
Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,
Што на зямлі тваёй узрос”.
С. Грахоўскі
Пра ўсе кнігі Якуба Коласа і яго жыццё і дзейнасць за адзін раз не раскажаш. Спадзяюся, што ваша знаёмства з імі будзе працягвацца. Дапаможа вам у гэтым кніжная выстава, аформленая ў нашай бібліятэцы.
Літаратура:
- Лужанін, М. Колас расказвае пра сябе: аповесць-эсэ / Максім Лужанін. – Мінск : Маст. літ., 1982. – 446 с.
- Лужанін, М. Песня з леснічоўкі: маленства Я. Коласа: апавяданні / Максім Лужанін. – Мінск : Юнацтва, 1982. – 30 с.
- Маляўка, М. Коласаў абярэг : дзецям пра Якуба Коласа / Мікола Маляўка. – Мінск : Маст. літ., 2011. — 14 с. — (Гісторыя ў асобах).
- Навуменка, І. Якуб Колас : нарыс жыцця і творчасці / Іван Навуменка. – Мінск : Народная асвета, 2003. – 207 с.
- Якуб Колас : альбом. – Мінск, 1973. — 192 с.
Курсівам абазначаны матэрыялы электроннага дыска пра жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа..
Складальнік: Макарэвіч І. В.