“Таямніца неўміручасці Кандрата Крапівы”

“Таямніца неўміручасці Кандрата Крапівы”

 Сцэнарый літаратурнай вечарыны да 120-годдзя з дня нараджэння пісьменніка

Вядучая 1: Добры дзень, паважаныя сябры! Сёння мы запрасілі вас на літаратурную вечарыну, прысвечаную творчасці выдатнага беларускага сатырыка Кандрата Кандратавіча Крапівы. Сапраўднае прозвішча — Атраховіч. Няма ніводнага беларуса, які б не ведаў гэта імя. Колькі цікавага і карыснага напісаў і пакінуў нам гэты таленавіты чалавек за сваё доўгае жыццё! Кандрат Крапіва пражыў амаль 95 год. У гэтым годзе споўнілася 120 год з дня яго нараджэння.

Вядучая 2: Ёсць людзі, якія маюць як быццам не адно жыццё не адну біяграфію, — жыццё іх упрыгожвае многія тысячы жыццяў, біяграфій! Дзелячыся з мноствам людзей багаццем сваёй душы чалавек тады не бяднее, а наадварот — узбагачаецца сілай народа, яго ўдзячнасцю і любоўю. Такім чалавекам — сапраўдным сынам народа — мы называем і Кандрата Крапіву” –Янка Брыль.

Вядучая 1: Народны пісьменнік Беларусі, акадэмік НАН Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы і заслужаны дзеяч навук Беларусі Кандрат Крапіва быў вядомы не толькі ў сваёй краіне, але і далёка за яе межамі. Многія з яго неўміручых сатырычных твораў і сёння не страцілі сваёй актуальнасці, з’яўляюцца своеасаблівай школай мастацкага майстэрства.

Зброяй пісьменніка заўсёды было “пякучае” і “вострае” слова, ці, як ён казаў, крапіва.

Вядучая 2:

Я ў мастацкім агародзе

Толькі марная трава.

А якая? Смех, дый годзе:

Я – пякучка-крапіва.

 

Я расту вось тут пад плотам

І не так даўно ўзышла,

А ўжо многім абармотам

Рукі-ногі папякла.

 

Хто палез за агуркамі,

Хай той носіць пухіры –

Мяне голымі рукамі

Асцярожна, брат, бяры.

 

Хто сустрэйся быў са мною,

Дакрануўся раз ці два,

Дык той ведае ўжо, хто я:

Я – пякучка-крапіва.

                                 “Крапіва”

 

Вядучая 1: З гэтых радкоў становiцца зразумелым, чаму аўтар узяў сабе такi псеўданiм — Крапiва. Так, як гэтая “марная трава” гатова апячы кожнага, хто датыкнецца да яе, так i пiсьменнiк не можа моўчкi прайсцi каля любой заганы чалавечага грамадства, абавязкова “апячэ” таго, хто з’яўляецца парушальнiкам дысцыплiны.

Вядучая 2: Яго творы увабраўшы ў сябе невычэрпныя багацці жывой народнай мовы, народнай мудрасці і ў пачатку XXI стагоддзя захавалі сваю дзейсную сілу і моц.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 5 сакавіка 1896 года ў вёсцы Нізок на Уздзеншчыне ў сялянскай сям`і.

 

Урывак з дакументальнага фільма “Загадкі дзеда Кандрата”

 

Вядучая 1: Пачатковую адукацыю будучы пісьменнік атрымаў у роднай вёсцы ў царкоўна-прыхадской школе. Потым паступіў у чатырохкласнае вучылішча ў Стоўбцах.

 

Урывак з дакументальнага фільма “Загадкі дзеда Кандрата”

 

Вядучая 2: Праз два гады Кандрат Крапіва перавёўся ў такое ж вучылішча ў мястэчку Койданава (цяпер Дзяржынск), бо там была лепшая бібліятэка і лепшыя ўмовы для навучання. Менавіта там ён пазнаёміўся з многімі творамі класічнай літаратуры, з захапленнем чытаў п’есы рускіх драматургаў. Да гэтага ж часу адносяцца і першыя спробы пяра: шаржы на сяброў і вершы, прасякнутыя “сусветнай тугой”. Ён нават дасылае адзін з такіх вершаў у часопіс, але атрымаўшы адмоўны адказ, юнак пакідае займацца гэтай справай на цэлых восем гадоў.

Вядучая 1: У 1913 годзе вучоба была паспяхова скончана. Бацька Кандрата, якому давялося прадаць карову, каб расплаціцца за сынаву навуку, параіў яму на далейшую дапамогу не спадзявацца, а ісці на свой хлеб.

Вядучая 2: Восенню 1914 года Крапіва з вялікім хваляваннем атрымаў накіраванне ў земскае народнае вучылішча ў вёску Мнішана. Поўны планаў і надзей, завітаў ён да вучняў, аднак спраўдзіць іх не здолеў. Пачалася першая сусветная вайна і Кандрата Крапіву мабілізавалі ў царскую армію.

 

Урывак з дакументальнага фільма “Загадкі дзеда Кандрата”

 

Вядучая 1: Амаль два гады Кандрат Крапіва прабыў у царскай арміі. На фронце сустрэў і Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю. У 1918 годзе яго, як настаўніка, дэмабілізавалі. Настаўнічаў у Каменскай пачатковай школе на Уздзеншчыне. Дзе ажаніўся з дзяўчынай са сваёй вёскі Аленай Махнач.

Вядучая 2: Пасля вызвалення Беларусі ад палякаў Кандрат Крапіва быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у Мінску, у розных часцях, найбольш — у школе па падрыхтоўцы малодшага каманднага саставу. Там зноў пачаў пісаць. Упершыню яго надрукавалі ў 1922 годзе ў газеце “Красноармейская правда”. Гэты быў вершаваны фельетон “Жили-были” на рускай мове. Але сам Кандрат Крапіва лічыў, што гэтую публікацыю нельга лічыць пачаткам яго творчай біяграфіі. Толькі калі ён стаў пісаць на роднай мове і друкавацца ў газеце “Савецкая Беларусь” пісьменнік адчуў сябе па-сапраўднаму далучаным да літаратуры.

Вядучая 1: За кароткі час ён зрабіўся ледзь не самым папулярным на Беларусі паэтам. Пераважная большасць яго вершаў таго часу напісаны на тэмы з вясковага жыцця. У іх ён змагаўся з цемрай, з усякімі забабонамі, з п`янствам, з некультурнасцю. Вялікай папулярнасцю ў шырокага кола чытачоў карасталіся яго сатырычныя вершы “Плеткары”, “Дай ды дай”, “Вось такія дактары выймуць душу без пары” і многія іншыя. Пасля яны склалі яго першыя зборнікі баек “Асцё” і “Крапіва” (абодва 1925).

Чытальнік 1:

Знае ён усё на свеце,

Вестак больш, як у газеце, —

Чуў – не чуў, а навіну

Скажа вам, ды не адну;

Што і чуў, дык пераверне,

І пайшла пісаць губерня,

Бо даўгі яго язык

Да спакою не прывык.

“Вой, сястрыца! Чула дзіва?

Кажуць, сёння нарадзіла

Жонка Сцёпкі Карася

Не дзіця, а парася”.

“А я чула ад Аўдолі,

Што папы дзесь раскалолі

Ўсю царкву напапалам –

Частка тут, а частка там”.

“На Германію ж, казалі,

Рэпарацыі напалі,

Многа знішчылі дабра…

Гэта, кажуць, машкара.

Так жарэ, што не дай божа:

Есць траву, жывёлу, збожжа,

Лес паела дзе-нідзе,

Пераходзіць на людзей”.

Вы, зязюлькі мае, цёткі,

Што за смак вам плесці плёткі?!

І мазоліць языкі

Вам, саколікі-дзядзькі?

Час і сілу дарма траціць?

Плеткарам жа мо не плацяць?

Толькі й платы бедаку,

Што мазоль на языку.

                                  “Плеткары”

Чытальнік 2:

А няхай ты праваліся! –

Вось парадкі завяліся:

Дзе ні сунься, так і знай –

Ўсюды ў лапу дай ды дай…

 

Нек таму ўжо з месяц будзе

За зямлю я быў на судзе,

Дык каб ёю заўладаць,

Мне прыйшлося ў лапу даць.

 

Нек надоечы я ехаў

Па чыгунцы, дык, без смеху,

Я па шпалах бы дыбаў,

Каб не ў лапу добра даў.

 

Гэтым летам прадналогу

З мяне ўзяць хацелі многа,

Але, каб не галадаць,

Мне прыйшлося ў лапу даць.

 

Вось мы гэтак дажыліся,

Што аж “тройкі” завяліся –

Яны хочуць, як відаць,

“Дзерунам” па лапах даць.

 

Ды не ведаю я толькі,

Ці памогуць нават “тройкі”, —

Каб павесці тут парадкі,

Мо спатрэбяцца й “дзесяткі”.

                                      “Дай ды дай…”

Вядучая 2: 3 восені 1924 года Крапіва настаўнічае ў вёсцы Астравок, непадалёк ад роднай вёскі. Спраў было шмат, і ён амаль закінуў літаратурную дзейнасць. Але школьная праца не давала вялікага прыбытку, і Кандрат Крапіва вырашыў з сям`ёй – жонкай і дзецьмі — перабрацца ў Мінск. Здарылася гэта ў маі 1925 года. Сябры-пісьменнікі дапамаглі яму ўладкавацца інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Гэта работа была вельмі карыснай для пісьменніка. Але сам Кандрат Кандратавіч адчуваў, што ведае ён яшчэ недастаткова.

Вядучая 1: І ў 1926 годзе у 30-гадовым узросце ён паступае вучыцца ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта. Пісьменнік старанна вучыцца і адначасова займаецца навукова-даследчай працай. У 1930 г. ён скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт і з гэтага часу вырашае займацца літаратурай. Кола інтарэсаў акрэслілася даволі выразна: гэта сатырычныя вершы, творы, п’есы і, безумоўна, байкі.

Вядучая 2: Байкі — вяршыня шматграннай паэтычнай творчасці Кандрата Крапівы. Мінуў не адзін дзесятак год з часу іх напісання, а яны і сёння захапляюць сваёй мудрасцю, прыгажосцю, свежасцю мастацкіх форм і мовай. Тэматыка іх, як і сатырычных вершаў, разнастайная. Творы ў асноўным пісаліся «на злобу дня». Неабходна падкрэслщь, што, высмейваючы недахопы, сатырык імкнуўся палепшыць грамадства, яго мараль.

Вядучая 1: Байкі Кандрата Крапівы – самабытная з`ява ў культурнай скарбніцы ўсіх славянскіх народаў. Самабытнасць іх заключаецца ў цеснай сувязі з вуснай народнай творчасцю і прыродай роднай зямлі.

Многія байкі выраслі з народных прыказак і прымавак, на прыкладзе якіх аўтар вучыўся выказваць свае думкі вобразна, сцісла, запамінальна. Нямала і ўласных афарызмаў пісьменніка ператварылася ў прыказкі, атрымалі агульнанародную вядомасць. І давайце мы зараз разам з вамі паспрабуем успомніць іх. Вы павінны прадоўжыць прыказкі і назваць байкі, з якіх яны ўзяты.

Вядучая 2: Кожны цыган… (сваю кабылу хваліць. “Пра Цыгана і кабылу”).

Вядучая 1: Вялікаму каню — … (вялікі хамут. “Саманадзейны Конь”).

Вядучая 2: Баба з калёс — … (каню лягчэй. “Дзед і Баба”).

Вядучая 1: Каб сонца засланіць — … (вушэй асліных мала. “Сава, Асёл ды Сонца”).

Вядучая 2: Як свінню ні кліч,.. (яе заўсёды выдасць лыч. “Заява”).

Вядучая 1: Другі баран — ні “бэ”, ні “мя”,.. (а любіць гучнае імя. “Дыпламаваны Баран”).

Вядучая 2: Байкі Кандрата Крапівы, “населеныя” мясцовымі жывёламі і птушкамі бічуюць адсталыя людскія звычаі, п’янства, забабоны, пляткарства, асуджаюць бюракратаў, раскрадальнікаў народных здабыткаў, падхалімаў. Падзеі ў байках не алегарычныя, а канкрэтныя. Яны — з сялянскага жыцця, з вясковага побыту. Згадаем для прыкладу байку “Ганарысты Парсюк”, якая дасціпна высмейвае тых, хто не любіць слухаць праўды.

Чытальнік 1:

Бывае, праўда вочы коле…

Раз гнаў пастух свіней у поле.

Адзін вялізарны Парсюк,

Які абегаў вёску ўсю,

За раніцу абшнырыў завуголле,

Цяпер такі меў выгляд важны,

Што носа не дастаць і сажнем –

Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,

А што ў самога на лычы,

Не бачыў гэтага, аднак.

I вось адзін тут Падсвінак,

Які заўважыў бруд раней,

I кажа: – Дзядзечка, твой лыч у брудзе!

Нязграбна гэта й між свіней,

А што ж, калі заўважаць людзі?

Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз’юшан:

— Цераз цябе я чырванець прымушан!

Такое мне сказаць асмеляцца ня многія,

Дык гэта ж — дэмагогія! —

Парсюк наш лаецца, не дараваць клянецца:

– І месца мокрага, – крычыць, – не застанецца!

Ты мой свінячы гонар закрануў!

– I так ён Падсвінака грызянуў,

Што той за сажняў пяць адскочыў.

Парсюк не надта быў ахвочы

Глядзецца праўдзе ў вочы.

                             Байка “Ганарысты парсюк”

Вядучая 1: Пабудаваныя на будзённых жыццёвых выпадках, крапівінскія байкі вабяць народнай мудрасцю, у іх адчуваецца жывая сатырычныя думка. Тое, што выклікала гнеў і абурэнне сатырыка сустракаецца і зараз. І таму яго байкам суджаны доўгі век, бо яны створаны на высокім мастацкім узроўні.

Вядучая 2: Ад сатырычных вершаў да баек, а ад іх да паэм – такі лагічны шлях творчых пошукаў Кандрата Крапівы ў паэзіі. Паэмы пісьменнік таксама ствараў ў сатырычным ключы. Захавалася шмат сведчанняў аб надзвычайнай папулярнасці паэм сярод шырокага кола чытачоў. Немаленькія па аб`ёму, яны цалкам завучваліся аматарамі на памяць і дэкламавалісь на розных канцэртах.

Вядучая 1: Вельмі цікава яго фантастычная паэма-казка “Хвядос – Чырвоны нос”, у якой Кандрат Крапіва востра высмеяў перажыткі старых нораваў у асяроддзі інтэлігенцыі, бічаваў п’янства і багему.

Вядучая 2: Празаічныя творы Кандрат Крапіва пачаў пісаць адначасова з паэтычнымі. Першыя празаічныя творы пісьменніка — сатырычныя мініяцюры, гумарэскі і апавяданні — склалі яго зборнікі “Апавяданні” (1926), “Людзі-суседзі” (1928) і “Жывыя краявіды” (1930). Вельмі каларытныя крапівінскія людзі-суседзі. Грэшныя яны і смешныя. Часам дужа цяжка адрозніць, дзе іх віна, а дзе бяда. Менавіта таму ў аўтарскім поглядзе на іх адчуваецца часцей за ўсё спагадлівая насмешка. I не больш.

Вядучая 1: Несумненным “лідэрам” празаічнага майстэрства К. Крапівы 30-х гадоў з’яўляецца раман “Мядзведзічы” — пра жыццё і класавую барацьбу сялян, які нажаль застаўся незакончаным.

Вядучая 2: 1933 год – дата нараджэння Крапівы-драматурга: ён напісаў п’есу “Канец дружбы”. 3 таго часу, як казаў сам Крапіва, ён грунтоўна “заграз” у драматургію на шкоду іншым жанрам. Праўда, і ў наступныя гады пісьменнік калі-нікалі звяртаўся да байкі ці апавядання, але драматургія стала яго асноўным жанрам. Драмы і камедыі Крапівы ставіліся на сцэне многіх тэатраў краіны.

Вядучая 1: Вялікім мастацкім дасягненнем беларускага драматурга з’явілася сатырычная камедыя “Хто смяецца апошнім” (1939), якая па праву лічыцца адным з лепшых здабыткаў усёй савецкай камедыяграфіі.

Галоўны герой п`есы Аляксандр Пятровіч Гарлахвацкі — кар’ерыст, цынік, вораг новага жыцця, шкоднік, невук. Не маючы ніякіх адносінаў да навукі, ён тым не менш узначальвае інстытут геалогіі.

К. Крапіва ярка намаляваў у творы вобраз двурушніка, для якога няма нічога святога. У Гарлахвацкага ёсць мэта — зрабіць кар’еру, і для рэалізацыі гэтай мэты ён пойдзе на любое злачынства.

Вядучая 2: На жаль, падхалiмства, нахабства, подласць, пляткарства часта сустракаюцца i ў нашы днi. Нямала ёсць людзей, якiя робяць усё, каб падняцца па службовай лесвiцы, заняць больш высокую пасаду. Дзеля сваiх асабiстых iнтарэсаў такiя людзi не грэбуюць нiчым, iдуць на любую подласць. Змагацца з iмi, лiчыць К. Крапiва, трэба агульнымi сiламi, працiпаставiўшы невуцтву i ашуканству прынцыповасць, строгасць i ваяўнiчасць.

Вядучая 1: У 1939 годзе Кандрату Крапіве ў чарговы раз давялося апрануць вайсковую вопратку: у якасці камандзіра стралковай роты прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі, потым удзельнічаў у фінскай ваеннай кампаніі, а ў чэрвені 1941 года пачаў адбываць сваю чацвёртую вайну. З першага яе дня.

 

Урывак з дакументальнага фільма “Загадкі дзеда Кандрата”

 

Вядучая 2: У час Вялікай Айчыннай вайны Кандрат Крапіва ўсю сваю творчую энергію пераключыў на сатырычнае выкрыццё фашысцкай ідэалогіі. Сярод франтавікоў і партызанаў вялікай папулярнасцю карысталіся вершы “Лісі хвост і воўчы клык”, “Развітанне сына”, “Зброю к бою”, “Фрыцавы трафеі” і іншыя.

Чытальнік 1:

Воўк прыкінуўся лісой

Перад беларусам:

“Не палохайся, я – свой,

З ласкай, не з прымусам.

 

Фюрэр наш – твой лепшы друг,

Вось – чытай паперку:

Каб падняць твой паўшы дух,

Шле табе цукерку.

 

Ён не можа бачыць слёз,

Постаці панурай

І прышле яшчэ абоз

Вам з мануфактурай.

 

Мы баронім твой жа край

Ад тваёй жа ўлады;

Зробім тут фашысцкі рай –

Будзеце вы рады…”

 

Байкі тыя беларус

Слухае з аглядкай,

Сам матае ўсё на вус:

“Брэшаш, ды не гладка.

 

Ёсць вас гэткіх брахуноў

Загаворваць зубы:

Гітлер ходзіць без штаноў,

Нам жа шые шубы;

 

Абяцае: боты дам,

Дам мануфактуры…

Ён пашыў бы боты нам,

Толькі… з нашай скуры;

 

Прызнаецца ўсё ў любві,

Спакушае раем,

Лапы ж брудныя ў крыві,

У чыёй – мы знаем.

 

Пад усмешкай воўчы клык,

А цукерка з ядам…

Падрыхтуем востры штык

“У падзяку” гадам”.

                              “Лісі хвост і воўчы клык”

 

Вядучая 1: Напружаная работа Кандрата Крапівы ў гады вайны ў перыядычных выданнях набліжала перамогу. Не забываў ён і пра драматургію. У гэты перыяд напісаны п`есы “Проба агнём” (1943), “Валодзеў гальштук” (1943) і “Мілы чалавек” (1945).

Вядучая 2: З 1947 года і амаль да канца жыцця Кандрат Крапіва працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Загадчык сектара, дырэктар Інстытута мовазнаўства. І за што б ён не браўся – рабіў усё добрасумленна, якасна, майстравіта. За семдзьсят гадоў на ніве роднай культуры ім зроблена вельмі і вельмі многа.

 

Урывак з дакументальнага фільма “Кандрат Крапіва”

 

Вядучая 1: Кандрат Крапіва меў сапраўдны талент бачыць смешнае там, дзе іншыя не бачаць. Без смешнага – няма сатыры. Мэта сатыры, як вызначыў сам Крапіва – выкрыць зло ў імя дабра. Сутнасць сатыры — каб выстаўляць на смех адмоўныя з’явы жыцця. Смех – зброя грозная, але гуманная. Смех б`е і паліць, як маланка.

За сваё доўгае жыццё Кандрат Крапіва зрабіў вельмі і вельмі шмат. Яму, класіку беларускай літаратуры, удалося стварыць цэлы шэраг высокамастацкіх твораў у жанры сатырычнай паэзіі, байкі, апавядання. Яго драматургічныя творы, асабліва сатырычныя камедыі, сталі хрэстаматыйнымі. Вось як адгукаўся аб яго творчасці беларускі пісьменнік Пятрусь Броўка:

Вядучая 2: “Кандрат Крапіва заўсёды ва ўсёй сваёй творчасці вылучаўся і вылучаецца выключнай шчырасцю, праўдзівасцю, высшай патрабавальнасцю. У гэтым ён сапраўдны прыклад для ўсіх нашых пісьменнікаў, якія па-сапраўднаму бяруцца за нялёгкую справу стварэння мастацкіх твораў. Ён ніколі не спяшаецца, доўга працуе, але затое кожны радок яго дасканала апрацаваны”.

Вядучая 1: Творы Кандрата Крапівы перакладзены на многія мовы народаў свету. Сам пісьменнік шырока вядомы як перакладчык рускай і замежнай класікі. Ён пераклаў на беларускую мову асобныя творы Уільяма Шэкспіра, Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Антона Чэхава, Уладзіміра Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, Тараса Шаўчэнкі і іншых.

 

Урывак з дакументальнага фільма “Загадкі дзеда Кандрата”

 

Вядучая 2: Паважаныя сябры! А зараз мы прапануем вам паглядзець п`есу Кандрата Крапівы “Валодзеў гальштук” у выкананні народнага калектыву “Сейбіты” гарадскога Палаца культуры. Прыемнага вам прагляду.

 

Складальнік: гал. бібліятэкар АБМ Кумакова В.В.

 

 

 

Спіс літаратуры:

  1. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя : у 4 т. Т. 2 / Нац. Акад. навук Беларусі; Інстытут літаратуры імя Я. Купалы. – Мінск : Беларуская навука, 1999. – С. 282 – 329.
  2. Гніламедаў, У. На шляху да “Брамы неўміручасці” : Кандрат Крапіва і яго роля ў беларускай літаратуры / Уладзімір Гніламёдаў // Роднае слова. – 1997. — № 12. – С. 4 – 12.
  3. Клімчук, І. “Нястомны працаўнік”: літаратурна-музычная кампазіцыя па творчасці Кандрата Крапівы / І. Клімук, Л. Кокатава // Бібліятэка прапануе. – 2012. — №3. – С. 12 – 16.
  4. Крапіва, К. Вершы. Байкі. Эпіграмы. Паэмы : для сярэд. і ст. шк. узросту / Кандрат Крапіва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 285 с. – (Школьная бібліятэка)
  5. Крапіва, К. Выбраныя творы : байкі, вершы, эпіграмы / К. Крапіва; склад. Т.У. Люковіч. – Мінск : Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. – 272 с.
  6. Навумовіч, У.А. Беларуская літаратура : вучэб. дапам. / У.А. Навумовіч. – Мінск : Выш. шк., 2007. – 478 с.
  7. Палітра бібліятэчных мерапрыемстваў / ДУ “Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна”, Аддзел бібліятэказнаўства; [складальнік Н. М. Старавойтава]. – Віцебск, 2012. – С. 21 – 32. – (Серыя “Лепшы бібліятэчны сцэнарый”. Вып. 2).

 

 

 

 

Метки: , , , . Закладка Постоянная ссылка.

1 комментарий: “Таямніца неўміручасці Кандрата Крапівы”

  1. Глушко Татьяна пишет:

    очень хороший сценарий

Добавить комментарий