“РУСКІ З ДУШОЙ БЕЛАРУСА”

Сцэнарый вечара-партрэта да 75-годдзя з дня нараджэння У.Г. Мулявіна

Чытальнік: Нялёгка слова гаварыць пра талент

Удвая цяжэй, калі той талент –

Друг.

Мулявіну гады наканавалі

Круціць самому свой жыццёвы круг.

 

Анёлам светлым лётае па свеце

І роспачны з грудзей здымае груз…

Цяпер вядома грэшніцы-планеце,

Што ёсць зямля святая –

Беларусь,

 

Дзе людзі пра дабро і шчасце дбаюць,

Дзе пошчак птушак і зубрыны рык…

Самааддана, сонечна спяваюць

Народжаныя Майстрам

“Песняры”.

 

Мелодыя ўзвіваецца на крылах,

Чысцюткая, як кропелькі расы.

А ў ёй –

Як ручнікі Алёна мыла,

А ў ёй –

Як канюшыну Ясь касіў.

 

Мэтр не імкнецца моду ўлагодзіць,

Бо гонару і годнасці стае.

І талент не адно дзесяцігоддзе

Народу без талонаў аддае.

                                             (Валянцін Лукша)

Вядучая: 12 студзеня заснавальніку і мастацкаму кіраўніку ансамбля “Песняры”, народнаму артысту БССР і СССР Уладзіміру Мулявіну споўнілася б 75 гадоў. Выдатны артыст, рускі па паходжанню, ён прысвяціў сябе беларускай песні і зрабіў яе папулярнай ва ўсім свеце. У сваіх творах Уладзімір Георгіевіч увасобіў вобраз гордай, мужнай і добрай Беларусі. Перадаў непаўторнае майстэрства народных мелодый і высокую паэзію беларускай мовы. Лепшыя песні Мулявіна чакае доўгае жыццё, як узнагарода за вернасць, з якой ён служыў Беларусі, якая стала музыканту другой радзімай.

/Гучыць песня “Спадчына”/

Вядучая: Мала хто ведае, але Уладзімір Мулявін паходзіць з роду заможных сібірскіх купцоў. Да рэвалюцыі ў яго сям’і ніхто не ведаў беднасці. Дзядуля і бабуля будучага лідэра “Песняроў” трымалі свае прадуктовыя крамы. Але савецкая ўлада неўзабаве раскулачыла іх. У выніку іх сын — бацька Уладзіміра — быў ужо простым рознарабочым на будоўлі, узводзіў легендарны завод Уралмаш у Свярдлоўску (цяпер гэта горад Екацерынбург). Разам з жонкай і трыма дзецьмі ён жыў у маленькім бараку. Але, як гаворыцца, у цеснаце, ды не ў крыўдзе.

Дома ў Мулявіна любілі музыку. Ігралі і на балалайцы, і на гітары, і нават на домры. Дзеці музыцыравалі разам з бацькамі. Браты акампаніравалі, а сястра спявала. Але больш за ўсіх музыкай загарэўся малодшы Валодзя. Грошай на музычную школу ў сям’і не было і, калі Вове споўнілася 12 гадоў, ён пайшоў у Дом культуры імя Сталіна. Там быў дзіцячы сектар са струнным аркестрам. Кіраваў гэтым гуртком былы палітвязень Аляксандр Наўроцкі. Ён быў незвычайна таленавітым музыкантам-педагогам і першым разглядзеў у Мулявіна не толькі сапраўдны самабытны талент, але і ашаламляльную працаздольнасць. Уладзімір Георгіевіч часта ўспамінаў свайго першага настаўніка:

Чытальнік:Мне повезло, потому что я попал в руки замечательного музыканта и удивительного человека Александра Ивановича Навроцкого. Это был очень музыкальный человек. Он жил один и жил только музыкой. Нас, его учеников, было человек пять-шесть, и всех он заразил любовью к музыке. Александр Иванович приучил нас любить народную музыку, духовую, классическую симфоническую и камерную музыку, за что я ему всю жизнь буду благодарен”.

Вядучая: Калі ў плане музыкі ў віртуоза Уладзіміра Мулявіна справы ішлі ў гару, то ў сям’і яго ўсё было не вельмі добра. Бацька сышоў да іншай жанчыны. У выніку маці, каб пракарміць траіх дзяцей, прыйшлося шмат працаваць.

Тады Уладзімір, каб хоць неяк дапамагчы маме, стаў іграць на гітары ў пераходах і цягніках. На кожным такім выступленні Мулявін выкладваўся так, быццам даваў сольны канцэрт на сцэне. Прахожыя і пасажыры, бачачы такую аддачу хлапчука, ніколі не абдзялялі яго ўзнагародай. Так што дадому, пасля такіх “гастроляў”, Валодзя вяртаўся заўсёды з прадуктамі, набытымі на сабраныя грошы.

У 1956 годзе — пасля доўгіх заняткаў (кожнае — па шэсць-сем гадзін) пад кіраўніцтвам Аляксандра Наўроцкага Уладзімір паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча. Яго ўзялі на аддзяленне струнных інструментаў па класу гітары. Мулявін адразу ж прыцягнуў да сябе ўвагу ўсіх выкладчыкаў. Таленавіты, бойкі. Пастаянна займаў прызавыя месцы на мясцовых музычных фестывалях. А праз год, на другім курсе яго выключылі!

Віной усяму стала жаданне Уладзіміра займацца сучаснай музыкай. Падчас вучобы ён моцна захапіўся джазам і разам з яшчэ васьмю хлопцамі стварыў сваю ўласную групу. Як толькі кіраўніцтва вучылішча даведалася пра гэта, увесь джаз-бэнд выключылі з фармулёўкай “за захапленне заходняй музыкай”. Праўда, таленавітага студэнта неўзабаве аднавілі, але праз некаторы час ён усё ж пакінуў вучылішча — сышоў сам, каб зарабляць на хлеб уласнай працай. І з’ехаў з роднага горада Свярдлоўска – “пакараць вялікія гарады”.

Неўзабаве Мулявін трапіў у Калінінград, дзе за кулісамі падчас канцэрту сустрэў артыстку эстрады Лідзію Кармальскую. Сустрэў і пакахаў.

/Урывак з дакументальнага фільма Прощание с Песняром/

Вядучая: Пасля шматлікіх гастроляў па расійскіх гарадах у 1963 Мулявін апынуўся ў Беларусі. Уладкаваўся гітарыстам у канцэртна-эстрадным бюро Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Неўзабаве пасля пераезду яго прызвалі ў армію, дзе ён працягваў займацца музыкай і нават арганізаваў вакальны квартэт. Так, першы склад “Песняроў” — Леанід Тышко, Уладзіслаў Місевіч, Валерый Яшкін і Аляксандр Дзямешка — склаўся менавіта тады.

Пасля дэмабілізацыі з арміі нейкі час удзельнікі будучых “Песняроў” выступалі па адным у розных калектывах, прычым сам Мулявін на той момант выступаў выключна як музыкант, гітарыст, і спяваць не збіраўся. Але на адным з выступленняў калектыў Мулявіна акампаніраваў народнай артыстцы Беларусі Нэлі Багуслаўскай. І аднойчы яна папрасіла, каб ёй хто-небудзь падпеў адну фразу. Пачуўшы вакал Мулявіна, яна спытала: “Володя, это ты подпел?”. Мулявін стаяў і ўсміхаўся. Тады Нэлі вымавіла словы, якія, магчыма, змянілі лёс Уладзіміра Мулявіна: “Володя, да тебе петь надо!”. І яна мела рацыю. Мулявін — уладальнік магутнага, але гнуткага драматычнага тэнара, яркі і выразны спявак, лёгка пазнаваемы з першай ноты.

/Гучыць песня Московские окна/

Вядучая: Вакальна-інструментальны ансамбль, якому наканавана было праславіцца на ўвесь свет, з’явіўся ў 1968 годзе і спачатку насіў імя “Лявоны”, але гэта назва не вельмі спадабалася кіраўніцтву філармоніі. Лявон быў камедыйным персанажам беларускага фальклору. Самім музыкантам назва таксама не вельмі прыйшлася па душы. Вершы Янкі Купалы, так любімыя Мулявіным, навялі на думку: чаму б ім не называцца “Песнярамі”?

Па прызнанні самога Уладзіміра Георгіевіча, як толькі яны сталі “Песнярамі”, у іх жыцці многае моцна змянілася, асабліва шмат далі групе паездкі ў глыбінку, дзе захаваўся беларускі фальклор у першародным праўдзівым выглядзе.

 /Урывак з дакументальнага фільма Горькое счастье Песняра/

Вядучая: Менавіта Мулявін з “Песнярамі” ускалыхнуў ва ўсёй краіны цікавасць да беларускіх народных песень, на той момант ужо амаль забытых. Яго заўсёды жыва цікавіла народная культура. Уладзімір не лічыў яе для сябе чужой, і вучыў беларускую мову адмыслова для таго, каб лепш разумець народныя напевы Беларусі.

Чым жа так прыцягнула беларуская песня Уладзіміра Мулявіна? Сам ён адказваў на такое пытанне так:

Чытальнік:Когда я приехал в Белоруссию и впервые услышал белорусскую народную песню по радио, я зажегся этой совершенно новой музыкой. В первую очередь меня поразил мелодизм. Хоть и говорят, что все славянские мелодии похожи, но мелодии белорусских народных песен мне показались какими-то совершенно нетронутыми, чистыми, неожиданными. В них есть что-то исконное, старинное.

Вядучая: Дзякуючы выдатнаму музычнаму таленту Мулявіна, здабылі другое жыццё такія беларускія народныя песні, як “Касіў Ясь канюшыну”, “Па Ваду ішла”, “Рэчанька”, “Купалінка”, “Ой, рана на Йвана”, “А ў полі вярба”, “Каліна” і многія іншыя, якія гучалі ў выкананні легендарнага ансамбля “Песняры”.

/Гучыць песня Касіў Ясь канюшыну/

Вядучая: Упершыню вакальна-інструментальны ансамбль “Песняры” гучна заявіў пра сябе ў 1970 годзе на чацвёртым Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады ў Маскве. Кіраўніцтва Мінскай філармоніі адпускаць калектыў у Маскву не вельмі хацела, стаўка рабілася на жонку Мулявіна — Лідзію Кармальскую. У той час для артыстаў эстрады існавалі найстражэйшыя правілы, у іх не павінна было быць доўгіх валасоў, вусоў і барод, ім належыла выступаць у строгай вопратцы. Беларускія музыканты гэтым стандартам зусім не адпавядалі, іх “патлатыя” галовы, знакамітыя мулявінскія вусы і каляровыя касцюмы ніяк не маглі спадабацца сталічнаму кіраўніцтву. Але Мулявіну ўдалося пераканаць іх, што знешні выгляд калектыву — гэта частка вобраза і частка народнага беларускага касцюма.

/Урывак з дакументальнага фільма Прощание с Песняром/

Вядучая: Поспех быў неверагодным. Спраўдзілася запаветная мара Мулявіна: ён вывеў на вялікую сцэну прафесійны калектыў. Ён раскрыўся як майстар-аранжыроўшчык. Публіка была здзіўлена гучаннем забытай, а многім і зусім невядомай, народнай беларускай песняй. Цудоўны вакал і бездакорная музычная аранжыроўка зрабілі “Песняроў” вядомымі за некалькі хвілін. Людзі па ўсім Савецкім Саюзе ішлі ў кнігарні, куплялі беларуска-рускія слоўнікі, каб разумець, пра што ж спяваюць “Песняры”. Нікому з артыстаў, акрамя вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”, не ўдавалася выклікаць такую цікавасць да беларускай мовы.

/Гучыць песня Ты ж мяне падманула/

 Вядучая: У 1970-х гадах “Песняры” перажывалі самы росквіт сваёй славы, іх любілі, запрашалі ва ўсе гарады Савецкага Саюза. Праз некаторы час яны сталі першай савецкай групай, якая выступіла ў ЗША. Іх прымалі з неверагодным захапленнем, а амерыканская прэса назвала «Песняроў» групай, якая заслужыла, каб ёй апладзіравалі стоячы.

“Песнярам” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна атрымалася тое, што ўдавалася лічаным адзінкам — сумясціць заказ “зверху” з сапраўдным мастацтвам. Высокі пафас і патрыятызм іх песень былі не фальшывымі, найгранымі, а надзвычай шчырымі.

Калі слухаеш гэтыя прыгожыя, меладычныя песні, ні на хвіліну не задумваешся, якой вялікай працы гэта каштавала. Мулявін быў не проста строгім кіраўніком — суровым і непахісным, а чалавекам, якому самая малая фальш “рэзала” вуха. Чалавекам, якому хацелася дабіцца дасканаласці. І які яе дабіваўся.

/Урывак з дакументальнага фільма Прощание с Песняром/

Вядучая: Але самыя вялікія патрабаванні Мулявін прад’яўляў да самога сябе, астатнія ўдзельнікі групы аўтаматычна падцягваліся да яго ўзроўню. Уладзімір не мог сабе дазволіць нядбайнага стаўлення да гледачоў, не дазваляў сабе недапрацаваць, народную любоў ён адпрацоўваў на сто працэнтаў. Але ўсенародная і нават сусветная слава не маглі прымусіць Мулявіна захварэць “зорнай хваробай”, ён па-ранейшаму быў сціплым, вясёлым і простым чалавекам.

/Гучыць песня Ты мне Вясною прыснілася/

Вядучая: У 1975 годзе у маладой сям’і Уладзіміра Мулявіна і Лідзіі Кармальскай нарадзіўся сын Уладзімір і ў гэтым жа годзе яны развяліся. Прычына разводу была даволі простая — Мулявін, як і ўсе таленавітыя людзі, быў чалавекам схільным да захаплення. Калі ён захапіўся актрысай Святланай Слізскай, Кармальская запрасіла развод.

/Урывак з дакументальнага фільма Прощание с Песняром/

Вядучая: Святлана Пенкіна пражыла з Мулявіным апошнія 20 гадоў яго жыцця, стала яго падмогай і апорай, прысвяціла яму ўсю сябе, нават пакінула дзеля Уладзіміра Георгіевіча сваю акцёрскую кар’еру. Успамінаючы пра знаёмства з Уладзімірам Мулявіным яна прызнавалася:

Чытальнік:Я поразилась, как не соответствует моё восприятие этого человека тому, о чём я была наслышана. Меня поразили детская искренность, робость и свет, который он излучал. Свет, который пронизывал. И ещё невероятная скромность”.

Вядучая: Для Уладзіміра Мулявіна музыка была нечым большым, чым проста спалучэннем акордаў — ён быў з ёй адзіным цэлым, зліваўся з песнямі. Мабыць, цяжка знайсці ў Беларусі кампазітара, які валодаў бы такімі ж сапраўды энцыклапедычнымі ведамі рускай і беларускай паэзіі, якія меў Уладзімір Георгіевіч. Прыхільнасць Мулявіна да класічнай беларускай паэзіі — Якуб Колас, Янка Купала, Мaксім Багдановіч, Максім Танк, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў — давала яму магчымасць “трымаць ўзровень”, а яго ўласны музычны дар дазваляў ствараць творы, у якіх вершам вялікіх паэтаў адпавядала такая ж значная музыка.

/Гучыць песня “Явар і каліна”/

/Гучыць песня “Алеся”/

/Гучыць песня “Александрына”/

Вядучая: Усе песні калектыву, народжаныя ў выніку крапатлівай і душэўнай працы музыкантаў ансамбля, уяўляюць сабой адзіны гарманічны спектакль. Калі пачынаўся канцэрт, на сцэну выходзіў Мулявін і дарыў усім сваю чыстасардэчнаю ўсмешку, а ў вачах яго было прызнанне публіцы. І глядзельная зала літаральна выбухала апладысментамі.

Уладзімір Мулявін, не беларус па нараджэнню, проста абагаўляў беларускага класіка Янку Купалу. Ён звяраў свае думкі, адчуванні з паэзіяй беларускага класіка і за сваё жыццё зрабіў некалькі праграм па яго творчасці. Першай значнай працай на гэтым шляху была опера-прытча “Песня пра долю” па матывах паэмы “Адвечная песня”. Атрымаўся сапраўдны песенны спектакль на фальклорнай аснове.

Да 100-годдзя з дня нараджэння паэта “Песняры” прапанавалі гледачам праграму “Я не паэт”. А па паэме “Курган” была створана вакальна-інструментальная кампазіцыя “Гусляр”.

 /Урывак з кампазіцыі “Гусляр”/

Вядучая: Мулявін гарэў творчасцю. Як праўдзівы талент, ён існаваў у сваім вымярэнні, быў пастаянна скіраваны да новых мастацкіх пошукаў. За трыццаць з лішнім гадоў існавання “Песняроў” Уладзімір Мулявін напісаў каля дзесяці праграм: унікальных, не падобных адна на другую. На жаль, многія песні і нават цэлыя праграмы захаваліся толькі на аматарскіх плёнках альбо толькі ў нашай памяці.

Восенню 1991 года ў зале бібліятэкі ААН адбылася прэм’ера праграмы “Вянок” да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Калі гучалі “Вераніка”, “Слуцкія ткачыхі”, “Лявоніха”, зала не хавала эмоцый.

/Гучыць песня “Слуцкія ткачыхі”/

Вядучая: Уладзімір Георгіевіч даў доўгае і шчаслівае жыццё песням “Завушніцы” і “Авэ, Марыя” на вершы Максіма Танка. Ён заўсёды з захапленнем адгукаўся аб яго лірыцы:

Чытальнік:Мне Максим Танк очень нравится, потому что он современный поэт. Как-то за один присест я написал на его стихи шесть песен так нахлынуло на меня. Он был даже удивлён, что его стихи, которые никогда не ложились на музыку, так прозвучали”.

/Гучыць песня “Завушніцы”/

Вядучая: Рэпертуар — вось бяспройгрышная казырная карта Мулявіна! Падбіраючы салістаў у свой калектыў, Уладзімір Георгіевіч ўсім сэрцам адчуваў, каго прыняць у ансамбль і каму даверыць канкрэтную песню, каб яна ярка зіхацела ўсімі сваімі гранямі. І сёння мы з трапятаннем у душы ўспамінаем Леаніда Барткевіча і песні ў яго выкананні.

/Гучыць песня Белоруссия/

Вядучая: На гастролях у Новасібірску Валерый Дайнека дэбютаваў з песняй “Белавежская пушча”, якая і сёння даволі часта гучыць у шматлікіх канцэртах.

/Гучыць песня “Белавежская пушча”/

Вядучая: “Жураўлі на Палессе ляцяць” — жыццё гэтай песні на вершы беларускага паэта Алеся Ставера даў Ігар Пеня, запрошаны Мулявіным ў ансамбль з чарнаморскага горада Сочы.

/Гучыць песня “Жураўлі на Палессе ляцяць”/

Вядучая: Немагчыма ўявіць Анатоля Кашапарава без песні “Вологда”, якая так палюбілася шматлікім слухачам.

/Гучыць песня Вологда/

Вядучая: “Ліхія дзевяностыя” сталі нялёгкімі і для “Песняроў”. Распешчаныя поспехам і ганарарамі, учарашнія “паплечнікі” абвінавачвалі Мулявіна ў нежаданні займацца групай. Абвінавачвалі, забываючы, што выступленнямі ў тую пару не мог пахваліцца ніхто. Хапала і іншых праблем: музыканты існавалі ў нясцерпных умовах, рэпеціравалі ў двух пакоях школы-інтэрната для глуханямых дзяцей, са старымі інструментамі. Немагчыма было запісаць новыя песні ні ў Беларусі, ні ў Расіі. У 1997 годзе, калі зламаўся адзіны студыйны магнітафон, Мулявін напісаў рэзкую запіску ў міністэрства. Адказам стаў загад аб адхіленні Мулявіна ад пасады дырэктара ансамбля. Яго месца заняў былы ўдзельнік гурта Уладзіслаў Місевіч, а Уладзімір Георгіевіч застаўся на пасадзе мастацкага кіраўніка. Пасля гэтага Уладзімір Мулявін казаў, што вельмі стаміўся і не хоча жыць.

/Урывак з дакументальнага фільма “Прощание с Песняром”/

Чытальнік: Аляксандр Ціхановіч, народны артыст Беларусі успамінаў: “Он тяжело переживал разрыв с бывшими коллегами по ансамблю, ставшими “Белорусскими песнярами”. Свои непростые чувства по этому поводу он не высказывал вслух, воспринял этот разрыв как испытание, посланное свыше. И это испытание Володя выдержал с честью, потому что в профессиональном отношении был гордым и мужественным человеком.

/Гучыць песня “Обманите меня/

Вядучая: Моцная воля ці неверагодная любоў да музыкі выратавалі Мулявіна? Хутчэй за ўсё — і тое, і другое. Ён набраў новы калектыў, у састаў якога ўвайшлі: Леанід Барткевіч, Вадзім Касенка, Павел Заяц, Аляксандр Марозаў, Сяргей Мядзведзеў, Алег Усціновіч, Вячаслаў Шарапаў і Валерый Скаражонак. Яны запісалі праграму і адзначылі 30-годдзе гурта ў спартыўным комплексе “Алімпійскі” у Маскве. У 2001 годзе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў Мулявіну дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Францыска Скарыны. Здавалася, усе выпрабаванні скончыліся. Але 14 мая 2002 года Уладзімір Мулявін трапіў у аўтамабільную аварыю, у выніку якой атрымаў найцяжэйшыя траўмы. Ён трапіў у рэанімацыю, неўзабаве з Мінска ён быў пераведзены ў Маскву ў бальніцу імя Бурдэнкі, дзе праходзіў курс рэабілітацыі, спрабаваў сам прымаць ежу, варушыць рукамі, рабіў спробы ўстаць. Праз некаторы час ён быццам бы пайшоў на папраўку. Мулявін ужо пачаў будаваць планы, даваў інтэрв’ю журналістам. Блізкія, сябры, калегі і шматлікія прыхільнікі радаваліся. Але ўсе іх малітвы, надзеі на выздараўленне песняра апынуліся марнымі, зрэшты, як і старанні ўрачоў. 26 студзеня 2003 года Уладзіміра Мулявіна не стала. Свой вечны спакой ён знайшоў на Усходніх могілках Мінска. У дзень пахавання, здавалася, нават надвор’е смуткавала: ішоў дождж, і гучалі песні Мулявіна. Людзей, якія прыйшлі развітацца было так многа, што здавалася, ніякага часу не хопіць, каб развітацца паспелі ўсе.

/Гучыць песня “Прощание с Мастером/

Вядучая: У Мінску сёння можна прагуляцца па бульвары імя Мулявіна, пабываць каля дома па вуліцы Бяды, 13, дзе пражыў свае апошнія 20 гадоў стваральнік самага папулярнага савецкага ансамбля, — там цяпер устаноўлена мемарыяльная дошка. У Маскве на Алеі Зорак ў 2001 годзе была закладзена зорка нашага славутага суайчынніка. Трагічна сышоў ад нас гэты дзіўны чалавек, артыст рэдкага таленту. Засталіся толькі яго песні, якія прэтэндуюць на неўміручасць. І наша любоў да яго.

/Гучыць песня Малітва/

Вядучая: Шчырая любоў да асобы Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна аб’ядноўвае розныя пакаленні беларусаў. У сваёй творчасці ён здолеў ўвасобіць усе фарбы нашых народных мелодый, злучыць старажытную культуру Беларусі і сучаснасць. Нажаль пры жыцці аб Мулявіне і “Песнярах” не было выдадзена ніводнай кнігі, ні аднаго ілюстраванага альбома.

І вось да 75-годдзя з дня нараджэння вялікага музыканта выйшла ў свет кніга “Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі…”, якую наша бібліятэка атрымала напярэдадні нашай сустрэчы. У кнізе выкарыстаны шматлікія фотаздымкі, у тым ліку з сямейных архіваў сваякоў Уладзіміра Мулявіна. Сваімі ўспамінамі аб ім дзеляцца яго калегі, сябры і родныя. Прыведзены раней невядомыя факты пра жыццё і ўнікальную творчасць Уладзіміра Мулявіна. Прапануем вам пазнаёміцца з гэтай кнігай.

А зараз прапануем вам прыняць актыўны удзел у нашым мерапрыемстве і паспрабаваць самім спець песні ансамбля “Песняры” пад караоке.

/Гучыць караоке на песню “Вологда”/

/Гучыць караоке на песню “Белавежская пушча”/

/Гучыць караоке на песню “Берёзовый сок”/

 

 Складальнік: гал. бібліятэкар АБМ Кумакова В.В.

 

 

 

 

 

Спіс літаратуры:

  1. Бунто, Т. Неизвестное об известном – очень известном человеке / Тамара Бунто // Алеся. – 2011. — № 1. – С. 14-21.
  2. Владимир Мулявин. “Сэрцам і думамі…” : воспоминания, интервью, исследования / ред. — сост. Людмила Крушинская. – Минск : Мастацкая літаратура, 2015. – 615 с. : ил.
  3. Костючкова, И. С. Нота судьбы : мероприятие, посвящённое памяти Владимира Мулявина / И. С. Костючкова // Бібліятэка прапануе. – 2006. — № 5. – С. 12-13.
  4. Лукша, В. Белый аист летит… / Валентин Лукша // Нёман. – 2004. — № 1. – С. 171-174.
  5. Мазур, В. Владимир Мулявин: влюблённый в музыку и в Беларусь / Виктория Мазур // Кудесница. – 2014. — № 1. – С. 8-10.
  6. Мильто, И. Снова о Владимире Мулявине / Ирина Мильто // Нёман. – 2012. — № 12. – С. 138-151.
  7. Петрова, А. Любимцы публики “Работали на износ, но зрители платили сторицей!” / Анна Петрова // Аргументы и факты. – 2014. – 3 сентября. – С. 7.

 

Метки: , , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий