“Пясняр роднай Беларусі”

літаратурны квэст да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

(у файе гучыць песня “Янка Купала”)

(На дзвярах абанемента вісіць назва першай квэст-тэрыторыі “Купалавы сцежкі-дарожкі”. Удзельнікаў гульні сустракае Альжбета)

Альжбета. Добры дзень, госцейкі, запрошаныя ды жаданыя! Людзі старыя ды маладзенькія, калі ласка, запрашаем да нас! Пачынаем мы нашу гульню! І прысвячаем мы яе 135-годдзю з дня нараджэння вялікага майстра паэтычнага слова – Янку Купале. Сёння мы з вамі не толькі пагартаем старонкі жыцця і мастацкай біяграфіі нашага песняра, але і паспрабуем стравы беларускай нацыянальнай кухні, паспяваем і патанцуем, а ў канцы кожнага з вас чакаюць прыемныя падарункі. Але аб усім папарадку. Наша гульня падзелена на пяць квэст-тэрыторый, на кожнай з якіх вас сустрэне герой з кніг Янкі Купалы і растлумачыць вам заданне. Пры правільным адказе ён аддасць вам частку пазла. Калі ўсе часткі пазла будуць сабраны, гульня завершыцца. Поспехаў вам!

І вось мы наш квэст пачынаем.

Я зараз пытанні задам.

Калі вам складана, прапаную

У кнігах пашукаць адказ.

(Альжбета паказвае на выставу, прысвечаную Я. Купале)

  1. Назавіце сапраўднае прозвішча Янкі Купалы? (Луцэвіч Іван Дамінікавіч)
  2. Дзе і калі нарадзіўся Янка Купала? (25 чэрвеня 1882 г. фальварак Вязынка)
  3. Як называўся сямейны герб Луцэвічаў і што на ім? (Назва – Навіна, Войня, Златагаленчык. У цэнтры герба – блакітны шчыт, а на ім – срэбная падкова і срэбны меч з залатой рукаяткай. Над шчытом – шляхецкая карона і сагнутая ў калене залатая нага ў латах і са шпораю)
  4. У дзяцінстве Янка Купала не толькі вельмі любіў чытаць, але і захапляўся музыкай. На якіх музычных інструментах ён вывучыўся граць? (Скрыпка і дудка)
  5. У якім годзе Янка Купала напісаў свой першы верш і каму прысвяціў? (У 1902 г. на імяніны сястры Леакадзіі)
  6. На якой мове спачатку пісаў паэт? (На польскай)
  7. Якое вучылішча скончыў паэт? (Бяларуцкае народнае вучылішча)
  8. Пасля смерці бацькі маці папрасіла Янку не складаць вершы і заняцца сурьёзнай справай. Што на гэта адказаў будучы паэт? (-Як табе хочацца, каб бацька вярнуўся да цябе, так мне хочацца пісаць. Нельга вярнуць бацьку да нас, нельга забараніць мне вершы складаць)

(Альжбета аддае канверт з часткамі пазла)

Альжбета. Цяпер на лесвіцу ідзіце.

Там наш Гусляр сустрэне вас.

Вы крыжаванку папрасіце

І адгадайце яе “на раз”.

(На лесвічным пралёце ўдзельнікі гульні сустракаюць Гусляра. Каля яго назва другой квэст-тэрыторыі “Крыжаванка Гусляра”)

Гусляр. Гэй вы, госці! Гэй, праслаўны народ!

Не прастую задумаў я думу, —

Вось настроіў, навёў тон у струнах як след,

Так і склаў крыжаванку пра Янку Купалу.

Крыжаванка

  1. Арыгінал якой паэмы Я. Купалы захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане? (“Курган”)
  2. Хто з беларускіх кампазітараў напісаў музыку на тэкст верша Я. Купалы “Спадчына”? (Лучанок)
  3. Якая камедыя Я. Купалы была экранізавана студыяй “Беларусьфільм” у 1952 годзе? (“Паўлінка”)
  4. Расліна, якая паводле легенды зацвітае ў Купальскую ноч? (Папараць)
  5. Кім быў Янка Купала паводле веравызнання? (Католік)
  6. Чым захапляўся Янка Купала ў вольную часіну? (Шахматы)

(удзельнікі гульні адгадваюць крыжаванку і Гусляр аддае канверт з часткамі пазла)

Гусляр. Гляньце, слаўны народ, на адказы свае:

Усе пытанні адолелі спраўна. Прытамілісь?

Тады на другі вам паверх, беларуская кухня чакае:

Стравы з бульбы, кугель і жур. Пакаштуйце і назву скажыце.

(На другім паверсе стаіць засланы стол з рознымі стравамі беларускай нацыянальнай кухні. Таксама стаіць назва квэст-тэрыторыі “Пачастунак Галі Зносак”. Удзельнікаў гульні сустракае Галя Зносак)

Галя Зносак. Добры дзень, госцейкі дарагія! Калі ласка! Прашу за стол! Нездарма ж кажуць: «Госць у хаце — Бог у хаце”. Мы, беларусы, славімся сваёй гасціннасцю.

Народ беларускі, гасцінны народ.

І любіць прыгожыя святы,

Дзе столькі вясёлых, цудоўных прыгод,

Дзе стол накрываюць багаты.

А стравы такія, што нашы дзяды калісьці яшчэ гатавалі,

Нашчадкі да нашых часоў праз гады

Рэцэпты тых страў захавалі.

Мы верым, што звычаі нашы не ўмруць,

Майстэрства народа не стухне

Няхай жа традыцыі нашы жывуць

І ў песнях, і ў святах, і ў кухні.

                               (В. Міцько “Народ беларускі”)

Сям`я Янкі Купалы таксама была вельмі ветлівай і гасціннай. І калі б вы завіталі да іх аднойчы, яны абавязкова пачаставалі вас стравамі беларускай нацыянальнай кухні. Вось і я сёння буду вас частаваць. Толькі назвы гэтых страў вы павінны адгадаць.

(Галя Зносак частуе удзельнікаў гульні рознымі стравамі беларускай нацыянальнай кухні, а яны спрабуюць адгадаць іх назвы. Пры канцы Галя Зносак аддае ім канверт з часткамі пазла)

Галя Зносак. Стол убраны, сыты госці,

І зайгралі нашы гуслі,

Панясліся, паляцелі

Песні па ўсім краі.

Запрашаем вас на баль да Насты Пабягунскай! Паспяваць ды станцаваць!

(Галя Зносак усіх запрашае ў чытальную залу, на дзвярах якой назва чацвёртай квэст-тэрыторыі “Баль у Насты Пабягунскай”)

(гучыць песня “Гуляць дык гуляць”)

(Удзельнікаў гульні сустракае Наста Пабягунская)

Наста Пабягунская. Добры дзень, вам, добры дзень! Як жывы-здаровы? Вельмі цікава з вамі пазнаёміцца! Нам такіх гасцей як найболей патрэбна. На баль, усе на баль! Сядайце, калі ласка.

Пад дуду і пад цымбалы

Топнем, праспяваем.

Сцеражыцеся ўсе людзі:

Беларус гуляе!

(Удзельнікі гульні сядаюць на загадзя прыгатаваныя крэслы)

Наста Пабягунская. Мадам-сіньёры, каб добра адпачыць, трэба нам і песню заспяваць, і танец станцаваць, і верш прадэкламаваць. А вось, што каму трэба будзе рабіць, вырашыць жараб`ёўка.

(Наста Пабягунская праводзіць жараб`ёўку)

Наста Пабягунская. Хто нумар першы выбраў,

Таго чакае песня.

“Спадчына” яе паэт назваў,

Калі ласка заспявай.

(удзельніку гульні даецца тэкст песні і гучыць мінусоўка песні)

Наста Пабягунская. А нумар другі пачытае

Нам верш аб жалейцы,

Якая то жаласна грае,

То песней пацешыць.

(удзельніку гульні даецца тэкст верша, і ён яго выразна зачытвае)

Верш Я. Купалы: Як вазьму ў рукі,

Як вазьму сваю,

За нішто тады ўсе мукі, —

Граю ды пяю.

 

Што мне слёзы, што мне гора,

Як пушчуся я?

Знае неба, сонца, зоры,

Знае ўся зямля.

 

Вецер здоймецца, балесне

Шасне па страсе, —

Гэта цешыцца ён песняй,

Песню ў свет нясе.

Наста Пабягунская. Трэці нумар запрашаю

Я пусціцца ў пляс.

Нас “Лявоніха” чакае

Трэба станцаваць.

(Наста Пабягунская разам з удзельнікам гульні пад музыку танцуюць)

Наста Пабягунская. Чацвёрты нумар — зноў жа песня,

Але жалосная хоць плач.

“Малітву” зараз заспявай,

Аб долі паэта паўспамінай.

(удзельніку гульні даецца тэкст песні і гучыць мінусоўка песні)

Наста Пабягунская. Ды вось апошні пяты нумар

Закончыць баль наш вершам “Песняру”.

І з сэрца прагоніць тугу,

І радасць прыйдзе ў душу.

(удзельніку гульні даецца тэкст верша, і ён яго выразна зачытвае)

Верш Я. Купалы: Эй, ужо годзе песень маркотных, пясняр!

Дай волю парывам гарачым,

Вясёлым, прывабным, як сонейка жар,

Каб бліснула яснасць і спячым!

 

Каб бліснулі іскры ў прытухшых вачах

І вечнай свабоды раздолле,

Каб кожны пачуў сваю сілу ў плячах,

Каб кожны забыў аб нядолі!

 

Каб хлынула полымя праўды з грудзей,

Што ў думках здаўна мы гадуем;

Старым і малым такой песняй запей, —

Хоць раз хай аб шчасці пачуем!

Наста Пабягунская. Вось наш баль і завяршыўся. Мадам-сіньёры, ці добра вы адпачылі? Ці добра пагулялі? Мяне вы парадавалі і пацешылі.

(Наста Пабягунская аддае удзельнікам гульні канверт з часткамі пазла)

Цяпер закончыць прыйшла пара ваш шлях. Дзе пачалі вы яго, туды і спяшайцеся і да Паўлінкі звяртайцеся.

(удзельнікі гульні вяртаюцца на першы паверх, дзе іх чакае Паўлінка. Каля яе назва апошняй пятай квэст-тэрыторыі “Падарункі Паўлінкі”)

Паўлінка. Сюды, сюды, госцейкі дарагія!

Падарункі чакаюць вас.

Пазл вы склалі?

Тады трымайце сувеніры ад нас.

(удзелінікі гульні паказваюць свой складзены пазл і атрымліваюць падарункі. Гульня завершана)

Склад.: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В. В.

 Крыніцы.

  1. Карзанава, А. П. Знакавая постаць Беларусі : гутарка-роздум над старонкамі біяграфіі Янкі Купалы / А. П. Карзанава // Бібліятэка прапануе. – 2002. — № 2. – С. 14 – 18.
  2. Купала, Янка Поўны збор. У 9 т. Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910 / Янка Купала.- Мінск : Мастацкая літаратура, 1996. – 342 с. : іл.
  3. Купала, Янка Поўны збор. У 9 т. Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914 / Янка Купала.- Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. – 342 с. : іл.
  4. Купала, Янка Паэмы / Янка Купала. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1949. – 191 с.
  5. Купала, Янка П`есы, пераклады : для ст. шк. узросту / Янка Купала ; прадм. А. В. Сабалеўскага. – Мінск : Юнацтва, 1992. – 303 с. – (Школьная бібліятэка).
  6. Новікава, Зінаіда Беларуская нацыянальная кухня : [сцэнарый] : [Электронны расурс] / Зінаіда Новікава. – Рэжым доступу : http://сцэнарый.бел.
  7. Янка Купала. “Мне сняцца сны аб Беларусі…” : успаміны, эсэ, артыкулы, дакументы / уклад. Галіна Шаблінская. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. – 702 с. : іл. – (Жыццё знакамітых людзей Беларусі).
Метки: , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий