“Песня на ўсё жыццё”
(літаратурна-музычная кампазіцыя да 125-годдзя з дня нараджэння Р. Шырмы)
/ харэаграфічная кампазіцыя “Ой, па даліне” у выкананні танцавальнага калектыву ДУА “ДШМ імя Р. Шырмы г. Пружаны” /
Вядучы 1: (на фоне мелодыі песні “Зорка Венера”). Кожны, хто хоць калі-небудзь глядзеў на бязвоблачнае неба, упрыгожанае ў месячную ноч незлічонай колькасцю зорак, не мог не заўважыць, што некаторыя з іх свецяць ярчэй. Яны першымі загараюцца ад полымя вячэрняй заранкі, яны даўжэй мільгацяць, аж пакуль не пачнецца сонца на світанку. Так і ў жыцці. Сярод слаўных імён, якія навечна ўпісаны залатымі літарамі ў гісторыю беларускай культуры, з поўным правам, хораша і ярка, больш веку ўжо свеціцца імя Рыгора Раманавіча Шырмы.
Вядучы 2: Вобраз Рыгора Раманавіча Шырмы ў беларускай літаратуры можна сімвалічна параўнаць з волатам-дрэвам, якое сваімі каранямі моцна ўрасло ў родную зямлю, а вяршыняй кранае зоры.
/ песня “Сэрца дзядзькі Рыгора” муз. А. Янушкевіча, сл. Н. Гілевіча; песня “Вяртанне” муз. Ліцвінчука, сл. Карпенка ў выкананні народнага хора ветэранаў вайны і працы “Чырвоны гваздзік” Пружанскага гарадскога палаца культуры/
Вядучы 1: Харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскi i музычны дзеяч, публiцыст, лiтаратуразнаўца, ён заўсёды быў у гушчы падзей свайго часу, у цэнтры грамадскага i культурнага жыцця, у пастаяннай барацьбе за сапраўднае, рэалiстычнае, глыбока народнае мастацтва.
Вядучы 2: Прырода надзялiла Рыгора Раманавiча бездакорным слыхам i мастацкiм густам. Не верылася, што ён паходзiў з сялян — такой арыстакратычнай вытанчанасцю павявала ад яго асобы. Нарадзiўся Рыгор Шырма 20 студзеня 1892 г. у вёсцы Шакуны Пружанскага павета Гродзенскай губернi (цяпер Пружанскi раён Брэсцкай вобласцi).
Вядучы 1: Беднае дзяцінства хлопчыка праходзіла ў працы, у сялянскіх клопатах. Ён памагаў бацькам у полі, пасвіў кароў, рабіў усё, што пад сілу дзіцячым рукам. Грамаце вучыўся ў настаўніка, які хадзіў з хаты ў хату. Але прага да ведаў у яго выявілася такая вялікая, што ён адважваецца на незвычайны ўчынак: з 15 капейкамі ў кішэні, атрыманымі ад маці, ідзе ў Пружаны, каб паступіць у гарадское вучылішча.
Вядучы 2: Відаць, нарадзіўся пад шчаслівай зоркай, бо экзамены вытрымаў і быў залічаны на вакантнае месца. У простым сялянскім адзенні, галодны, церпіць ён насмешкі аднакласнікаў, але вырашае цвёрда: стаць першым вучнем у класе. І стаў. Гэта дало права стаць рэпетытарам у дзяцей багатых людзей і, такім чынам, зарабіць нейкія сродкі для існавання.
Вядучы 1: Захапленне роднай песняй пачалося ў раннім дзяцінстве. Пачынаючы з дзеда Васіля, спявалі ўсе родныя. Лепшыя калыханкі хлопчык пачуў ад маці Тэадоры Дзям’янаўны. Таленавітым выканаўцам быў бацька Раман Васільевіч, які двойчы прызываўся ў царскую армію і многа ведаў казацкіх, рэкруцкіх і салдацкіх песень. Першай песенніцай была бацькава сястра, Захвея Васільеўна Хвораст.
/ беларускія народныя песні “Жураўка” і “Тры казакі” у выкананні народнага фальклорнага гурта “Бабіна лета” Аранчыцкага дома фальклору /
Вядучы 2: Любоў да песні ў Шырмы ўзрасла падчас вучобы ў Пружанскім гарадскім вучылішчы. Цягу яго да народнай паэзіі заўважыў настаўнік літаратуры Манцэвіч. Ён і параіў яму запісваць песні. Спачатку гэта былі запісы ад Ганны Дудзейка, у якой кватараў юнак, ад сваіх шматлікіх родзічаў, а пазней адусюль, дзе прыходзілася бываць.
Вядучы 1: Хлопец разумеў, што вялізная сіла жыве ў народнай песні, што пачуцці цэлага народа выказвае яна, захоўваючы яго гісторыю, нацыянальны гонар. І няхай спрадвеку непісьменнымі былі жыхары яго вёскі, няхай стагоддзямі здзекваліся з іх польскія магнаты і царскія чыноўнікі, але ў казках, паданнях, песнях жыла душа беларуса, самабытная, неўміручая. І якое гэта высакароднае імкненне – памагчы народнай песні, роднаму слову вырвацца з кайданоў, узняцца на вышыню мастацкага выканання.
Вядучы 2: Гады вучобы ў гарадскiм вучылiшчы ў Пружанах прайшлi хутка, i ў 1910 годзе юнак паступае на двухгадовыя педагагiчныя курсы ў Свянцяны (па-літоўску Швянчёніс), што у сарака кіламетрах ад Вільні. Курсы рыхтавалi настаўнiкаў пачатковай двухкласнай школы. Шырму яны вабiлi яшчэ i тым, што асаблiвая ўвага тут надавалася спевам i iгры на скрыпцы.
Вядучы 1: Пасля заканчэння педагагiчных курсаў малады настаўнiк пачаў працаваць у адной са школ Свянцянскага павета. I з першых жа дзён ён узяўся за справу арганiзацыi школьных хароў, пачаў запiсваць узоры беларускай народнай песнятворчасцi.
/урывак з дакументальнага фільма “Гэта мы. Рыгор Шырма”/
Вядучы 2: Першая сусветная вайна застала Рыгора Раманавiча ў польскім горадзе Седлецы. Потым была эвакуацыя ў Яраслаўль, затым у Маскву, далей у Варонеж.
Вядучы 1: У 1922 годзе Рыгор Шырма вяртаецца на родную Пружаншчыну. Наступныя тры гады былі, мабыць, самымі цяжкімі ў жыцці Рыгора Раманавіча. “Цемра, культурны заняпад, няволя. Насмешкі чужынцаў” – з горыччу і гневам напіша пра той час Шырма.
Вядучы 2: Каб абудзіць у беларусаў народную свядомасць, актывізаваць сялян да барацьбы з цемраю і прыгнётам Рыгор Раманавіч, як адказны сакратар управы Таварыства беларускай школы, шмат ездзіць па вёсках Заходняй Беларусі з лекцыямі і дакладамі.
Вядучы 1: У дадатак да гэтай справы ён арганізоўвае ў Пружанах хор, запісвае народныя песні і заахвочвае да гэтай працы здольных людзей, наладжвае канцэрты. Хутка выступленні хору і імя яго кіраўніка становяцца вядомымі ва ўсёй Беларусі.
/ песня “Сумна маці” муз. Шапэна ў выкананні народнага камернага хора Пружанскага гарадскога палаца культуры /
Вядучы 2: Новыя творчыя гарызонты адкрыла перад вядомым майстрам харавых спеваў вызваленне Заходняй Беларусі. Ужо 1 лістапада 1939 года ён атрымаў мандат на стварэнне прафесійнага калектыву. Майстра збірае вакол сябе таленавітых спевакоў і пачынае працу з імі.
Вядучы 1: Пасля шэрагу паспяховых выступленняў у многіх гарадах Беларусі ў маі 1941 года хор выехаў на гастролі ў Маскву, дзе і сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. З канца ліпеня хор быў “пастаўлены на колы” і накіраваны ў працяглую канцэртную паездку па гарадах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, Сярэдняй Азіі.
Вядучы 2: У ліпені 1944 года ансамбль вярнуўся ў разбураны Мінск, а восенню таго ж года пераехаў у Гродна. “Адгрымелі раскаты жорсткіх баёў – успамінае пра гэтыя дні Рыгор Раманавіч, — краіна пачала залечваць раны… і як фенікс з попелу, разам з гарадамі і сёламі падымаецца беларуская культура. Тры тамы музычна-паэтычнай творчасці беларускага народа здадзены ў друк.”
Вядучы 1: У 1950 годзе Ансамбль быў пераіменаваны ў Дзяржаўны хор. У 1952 годзе Дзяржаўны хор пераязджае ў Мінск. У 1957 годзе яму надаецца званне Дзяржаўнай харавой капэлы БССР, а Рыгору Раманавічу прысвоена званне народнага артыста СССР. Да 1970 года Рыгор Раманавіч кіраваў калектывам, які называлі капэлай Шырмы.
/ песня “Попечения жития” муз. І. Дзянісавай і грэчаскі напеў “Кирие элейсон” у выкананні народнага камернага хора Пружанскага гарадскога палаца культуры /
Вядучы 2: Ленінградская паэтэса Марыя Камісарава ў адным з пісем Шырме пісала: “Помню і не забуду выступленне беларускай акадэмічнай капэлы ў Маскве. Уражанне неапісальнае”.
Чытальнік:
На хвіліну заплюшчы вочы —
Ціха-ціха сасна задрыжыць,
I журботны голас дзявочы
Над табой пачынае кружыць.
Потым хлынуць у цёмную залу
Вадаспады лістоў і зарніц,
Сініх рэчак цёплыя хвалі,
Звон наднёманскіх навальніц.
А пасля басавітыя громы
Прагрукочуць, як гінуў «Вараг»,
Горды, мужны, непакароны,
У сляпых акіянскіх вірах.
I калі утаймуюцца людзі,
Змоўкнуць воплескаў перуны, —
Зноўку сэрца тваё разбудзіць
Гул вясёлы цымбальнай струны.
Дык хутчэй жа расплюшчы вочы:
У «Лявонісе» — пазірні —
Трапяткія вясёлкі сарочак
I віхор каляровых спадніц.
Ці ў маленства вярнуўся, ці ў сне я?
Тут да болю мне роднае ўсё.
Так скакаць могуць толькі жнеі
I касцы з беларускіх сёл.
П. Панчанка
Вядучы 1: Любоў да народнай песнi была ў Рыгора Раманавiча ўсёабдымная, ён не абмяжоўваў сябе толькi рамкамi Беларусi. У прапагандзе песеннай культуры быў самы сапраўдны iнтэрнацыяналiст. Усё лепшае, што ён знаходзiў у культуры iншых народаў, адразу ж рабiў здабыткам i свайго народа. Яго капэла цудоўна спявала рускiя, украiнскiя, лiтоўскiя, грузiнскiя, латышскiя, польскiя, славацкiя песнi, песнi многiх iншых народаў. Узровень выканання заўсёды быў надзвычай высокi.
Вядучы 2: Нездарма ў тых, хто слухаў капэлу Шырмы, міжволі нараджаліся вершы.
Чытальнік:
Пагашаны агні… Адны пражэктары –
То скочыць жоўты, то зялёны.
Зал перайшоў на шэпт.
Што мае падарыць,
Чым здзівіць нас падняты край заслоны?
—————————————————
Столь расступілася, сышлі і зніклі сцены,
Абняў мяне прастор, вагу згубіла цела,
Хаджу па хмарах, месяц залачу,
Вясёлкі рву, вяжу ў снапы тугія.
Дожджыкам ліюся, рэхам рагачу,
Маланкай бліскаю, б`ю морам берагі я,
Смяюся з дзіцём, плачу з удавіцай
І раны хвой зацягваю жывіцай.
Падняў мяне ў разлог
Нятоптаных дарог
Магутны чалавек, а можа, трохі бог,
Не сівенькі дзядок, стары хвалько біблейскі,
А свойскі, наш, з-пад Брэста ці з Вілейкі.
М. Лужанін
Вядучы 1: Новыя творчыя магчымасці адкрыліся ў савецкі час перад Р. Шырмай – збіральнікам песеннага фальклору. Тысячы яго запісаў становяцца каштоўнейшымі зборнікамі. Шырма выдатна занатаваў багацейшую ў славянскім свеце песеннасць беларусаў, збярог яе ад забыцця і перадаў у мастацкую практыку.
Вядучы 2: Па справядлівай ацэнцы беларускага паэта Ніла Гілевіча, лепшым выданнем беларускіх народных песень з нотамі за ўсю гісторыю беларускай фалькларыстыкі стаў чатырохтомнік Шырмы “Беларускія народныя песні”. Гэта вынік амаль 70-гадовай збіральніцкай і творчай дзейнасці дырыжора.
Чытальнік:
Колькі птахаў пявучых у родных лясах,
Колькі нот непаўторных у іх галасах,
Колькі тонаў, адценняў, ладоў, перабораў,
Столькі песень у сэрцы дзядзькі Рыгора.
Колькі ў краі бацькоўскім празрыстых крыніц,
Колькі іх між пагоркаў булькоча-звініць,
Бегучы ручайкамі да сіняга мора, –
Столькі песень у сэрцы дзядзькі Рыгора.
Дык якім жа павінен ён волатам быць,
Каб у сэрцы адным гэтак многа ўмясціць.
Ой, не дзіва, скажу вам, не дзіва, не дзіва,
Калі песняю песень у сэрцы – Радзіма!
Н. Гілевіч
Вядучы 1: З 1966 года і да канца жыцця Шырма кіраваў кампазітарскай арганізацыяй Беларусі. Яго вельмі непакоіла, што людзі ў наш час менш спяваюць. Ён лічыў правільнай думку, што народ, які перастаў спяваць, перастае і жыць паўнакроўным жыццём.
/ беларуская народная песня “Ой, я маю чорны бровы” у выкананні клуба “Смаляначка” Навасёлкаўскага СДК /
Вядучы 2: Творчае крэда Рыгора Раманавіча ў поўны голас прагучала ў кнізе 1976 года “Песня – душа народа”: “Ёсць у музыцы бясспрэчная ісціна, якую нельга перадаць словамі, але яе выразна і моцна адчувае душа. Яе можна назваць музычнай праўдай. Гэта праўда жыве і дзейсная ў народнай песні… Вышэй і прыгажэй за народную песню нічога не можа быць! Няма кампазітара больш геніяльнага за народ!”.
Вядучы 1: Мастацтву свайго народа, яго культуры i песнi Рыгор Шырма аддаў усё свядомае жыццё. Не стала яго 23 сакавiка 1978 года. Але ж памяць пра Шырму ўвекавечана назаўсёды. Яго iмя носяць Дзяржаўная акадэмiчная харавая капэла Беларусi i Пружанская школа мастацтваў, дзе адкрыты прысвечаны яму музей. На доме № 19 на плошчы Незалежнасцi ў Мiнску, дзе Рыгор Шырма доўгi час жыў, у 1980 годзе ўсталявана мемарыяльная дошка. У тым жа годзе на магiле народнага песняра ўстаноўлены бронзавы бюст работы скульптара Iвана Мiсько.
Вядучы 2: Гэты таленавіты музыка жыў і працаваў у гады цяжкіх палітычных рэжымаў, войн, адмовы ад Бога. Ён працаваў, не шкадуючы сябе, каб зберагчы душу народную – песню. Пра яго не скажуць: ён быў, праходзіў тут. Ён з намі!
Чытальнік:
Часам прыслухаюся нясмела
Мне здаецца, зноў я чую спеў
Родных рэк, палёў, вятроў і дрэў –
Адгалоскі Шырмавай капэлы.
Каб яе паслухаць, замірала
Усе жывое, ад зямлі да зор,
Нарач бушаваць пераставала,
Бог сцішаў сваіх анёлаў хор.
Вось і зноў я спеў капэлы чую,
Знаць, няпраўда, што тварэц яе
Адышоў. І сёння ён жыве,
Калі песня шчырая хвалюе.
М. Танк
/ песня “Спявай, душа народная” муз. Л. Захлеўнага ў выкананні вакальнай групы “Пружаначка” /
/ беларуская народная песня “Там за гаем” у выкананні арт-групы “Родники” Пружанскага гарадскога палаца культуры /
Спісак выкарыстанай літаратуры:
- Беларуская музыка. Вып. 4. – Мінск : Беларусь, 1979. – 93 с.
- Рыгор Шырма / аўт.-склад. В.Дз. Ліцвінка. – Мінск : Беларусь, 1990. – 62 с.
- Чарадзей народнай песні: Рыгор Шырма: літ.-краязнаўчае выданне // Цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Засіма. Аддзел бібліятэчнага маркетынгу. – Пружаны, 2008. – 20 с.
Склад.: гал. бібліятэкар АБМ ДУК “Пружанская ЦБС” І.А. Кетрык