літаратурнае рэвю
Вяд. 1. Свет сучаснай беларускай літаратуры для многіх з вас застаецца загадкай. Мабыць яна існуе, адкажыце вы, але пры гэтым вам будзе складана назваць імёны сучаных беларускіх пісьменнікаў. Між тым, нашых аўтараў, якія працуюць у самых розных жанрах, добра ведаюць за мяжой і ахвотна іх публікуюць.
Вяд. 2. І сёння мы прапануем вам разабрацца, хто ёсць хто сярод паспяховых сучасных беларускіх пісьменнікаў.
Святлана Алексіевіч. У прадстаўленні не мае патрэбы. Першая беларуска, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2015 годзе, з фармулёўкай “за многоголосое звучание ее прозы и увековечивание страдания и мужества”. У многіх кнігарнях кнігі Алексіевіч былі раскуплены за пару гадзін пасля аб’явы імя новага лаўрэата. Яе кнігі “У вайны не жаночае аблічча”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Время “second-hand” — жывыя дакументы савецкай і постсавецкай эпохі
Чытач. «З тысячы галасоў, кавалачкаў нашага быту і быцця, словаў і таго, што паміж словамі я складваю не рэальнасць (рэальнасць недасягальная), а вобраз… Вобраз свайго часу. Тое, як мы яго бачым, як мы сабе ўяўляем. Я складваю вобраз сваёй краіны ад людзей, якія жывуць у мой час. Я хацела б, каб мае кнігі сталі летапісам, энцыклапедыяй амаль дзясятка пакаленняў, якія я заспела і разам з якімі іду», — так Алексіевіч ахарактарызавала сваю творчасць.
Вяд. 1. Святлана Аляксандраўна Алексіевіч нарадзілася ва ўкраінскім горадзе Івана-Франкоўск (тады Станіслаў) 31 мая 1948 года. У 1961 годзе сям’я Алексіевічаў пераехала ў Беларусь, у Гомельскую вобласць. Там Святлана ў 1965 годзе скончыла школу і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, выбраўшы факультэт журналістыкі.
Вяд. 2. Працоўная біяграфія Святланы Алексіевіч пачалася з працы ў школе. Спачатку яна працавала выхавальнікам у школе-інтэрнаце, потым выкладала вучням гісторыю і нямецкую мову ў Мозырскім раёне. Пасля заканчэння ўніверсітэта была размеркавана ў бярозаўскую раёнку «Маяк камунізму». З 1976 года працавала ў мінскіх газетах і літаратурных часопісах.
Вяд. 1. Моцны ўплыў на творчасць Алексіевіч аказаў Алесь Адамовіч і яго выдатныя кнігі “Я — з вогненнай вёскі” і “Блакадная кніга”. Яны напісаны не ім адным, а ў сааўтарстве з іншымі пісьменнікамі, але ідэя і распрацоўка гэтага новага для беларускай і рускай літаратур жанру належала яму. Заўсёды яна называла яго сваім галоўным Настаўнікам.
Вяд. 2. Святлана Аляксандраўна Алексіевіч прызнаецца, што кожную кнігу яна піша ад 4 да 7 гадоў. У перыяд напісання яна сустракалася і размаўляла з сотнямі людзей, сведак падзей, пра якіх распавядаецца ў яе творах. Гэтыя людзі, як правіла, мелі за спіной вельмі складаны лёс: яны прайшлі сталінскія лагера, рэвалюцыі, ваявалі на розных войнах ці выжылі ў Чарнобыльскай катастрофе.
Вяд. 1. Першая кніга, якой пачынаецца творчая біяграфія Святланы Алексіевіч “У вайны — не жаночае аблічча” (1983). Гэта кніга пра жанчын, якія ваявалі на франтах ў час Вялікай Айчыннай вайны. Яны былі снайперамі, лётчыцамі, танкістамі, падпольшчыцамі. Іх бачанне і ўспрыманне вайны было зусім іншым, чым у мужчын. Яны больш цяжка перажывалі чужыя смерці, кроў, забойства. А пасля заканчэння вайны ў жанчын-ветэранаў пачаўся другі фронт: ім трэба было адаптавацца ў мірным жыцці, забыцца пра жахі вайны і зноў стаць жанчынамі: насіць сукенкі, туфлі на абцасе, нараджаць дзяцей.
Вяд. 2. Два гады кніга ляжала ў выдавецтве і не друкавалася, аўтара абвінавачвалі ў пацыфізме, натуралізме, у развенчванні гераічнага вобраза савецкай жанчыны. Твор пабачыў свет толькі ў гады перабудовы і быў надрукаваны ў некалькіх «тоўстых» часопісах. Ці мелі рацыю гэтыя абвінавачванні? Судзіце самі. Давайце паглядзім урывак з дакументальнага фільма “У войны не женское лицо”.
/урывак з дак. фільма “У войны не женское лицо”/
Вяд. 1. Складаным аказаўся лёс і наступных твораў Святланы Алексіевіч. Другая кніга называлася «Апошнія сведкі» (1985). Яна складалася з 100 апавяданняў дзяцей пра жахі вайны. Тут яшчэ больш натуралізму і страшнага, убачаных вачамі дзяцей ад 7 да 12 гадоў.
Вяд. 2. У трэцім творы Святлана Алексіевіч распавяла аб злачынствах Афганскай вайны. Кніга «Цынкавыя хлопчыкі» была надрукавана ў 1989 годзе. Яе выхад суправаджаўся хваляй негатыўных рэцэнзій і крытыкі. А яшчэ — судовым разглядам, спыненым толькі пасля таго, калі на абарону апальнага літаратара ўсталі заходнія праваабаронцы і грамадскасць.
Вяд. 1. Каб напісаць гэтую кнігу пісьменніца 4 гады ездзіла па краіне, сустракалася з маці загінуўшых салдат і былымі воінамі-афганцамі. Паслухайце аповед адной з маці.
Чытач. — Ён у мяне маленькага росту быў. Нарадзіўся маленькі, як дзяўчынка, два кіло, рос маленькі. Абдыму:
— Маё ты сонейка …
Нічога не баяўся, толькі павука. Цацкі любіў вайсковыя. Дары яму танк, аўтамат, пісталет. Начэпіць на сябе і маршыруе па хаце.
— Я салдат … Я салдат …
— Маё ты сонейка … Пагуляй ў што-небудзь мірнае.
— Я — салдат … — Я — салдат …
Ісці ў першы клас. Не можам нідзе купіць касцюм, які ні купі – ён у яго хаваецца.
— Маё ты сонейка …
Забралі ў армію. Я маліла не аб тым, каб яго не забілі, а каб не білі. Я баялася, што будуць здзекавацца хлопцы дужэйшыя, ён такі маленькі. Папрасіў: «Дашліце ўсе свае фота: мама, тата, сястрычка. Я ад`язджаю… »
Куды ад‘язджае, не напісаў. Праз два месяцы прыйшоў ліст з Афганістана: «Ты, мама, не плач, наша браня надзейная».
— Маё ты сонейка … Наша браня надзейная …
Ужо дадому чакала, яму месяц застаўся да канца службы. Сарочачкі купіла, шалік, чаравікі. І зараз яны ў шафе. Апранула б у магілку … Сама б яго апранула, дык не дазволілі труну адчыніць. Паглядзець бы на сыночка, дакрануцца … Ці знайшлі яму форму па росту? У чым ён там ляжыць?
Прывезлі труну, я стукала ў труну:
— Маё ты сонейка! Маё ты сонейка…
А цяпер хаджу да яго на магілку. Упаду на камень, абдыму:
— Маё ты сонейка …
Вяд. 2. Чацвёртая кніга, названая “Зачараваныя смерцю”, выйшла ў 1993 годзе і таксама выклікала неадназначныя водгукі. Гэты твор пра самагубствы, зарэгістраваныя ў першыя 5 гадоў пасля знікнення СССР. У ёй аўтар спрабуе зразумець прычыны і «зачараванне» смерцю, якая ўнёсла жыцці сотні і тысячы людзей — простых камуністаў, маршалаў, паэтаў, чыноўнікаў, хто пакончыў жыццё шляхам самагубства пасля развалу гіганцкай імперыі. Як сцвярджае сама Алексіевіч, гэта роздум аб тым, як краіна выходзіла з-пад наркозу мінулага жыцця і “гіпнозу вялікага Зману”.
Вяд. 1. У 1997 г. Алексіевіч скончыла і надрукавала кнігу “Чарнобыльская малітва”. Гэта кніга не пра Чарнобыль, як піша сама аўтар, а пра свет пасля Чарнобыля. Як чалавек жыве, асвойвае новую рэальнасць, якая ёсць, існуе, але яшчэ не асэнсавана і неўсвядомлена. Людзі, якія перажылі Чарнобыль, людзі, якія жывуць пасля Чарнобыля, здабываюць сёння новыя веды. Веды для ўсяго чалавецтва. Яны ўжо жывуць пасля трэцяй сусветнай вайны … Пасля ядзернай вайны … Ці не выпадковы ў гэтым сэнсе падзагаловак кнігі — хроніка будучыні.
Вяд. 2. У 2008 г. выйшаў кароткаметражны фільм “Дверь”. Фільм распавядае гісторыю Мікалая Кулагіна, напісаную па матывах кнігі “Чернобыльская молитва” — глава “Маналог пра цэлае жыццё, напісаны на дзвярах”. Гісторыю, якая займае адну старонку або ўсяго 15 хвілін фільма, але працінае чытача або гледача да глыбіні душы. Гісторыю, ад якой у вачах наварочваюцца слёзы. Гэта гісторыя ўкраінскай сям’і, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы і была выселена з Прыпяці.
/урывак з фільма “Дверь” (высяленне з Прыпяці)/
Вяд. 1. Адразу пасля аварыі ў сям`і памірае дачка. Па даўняй традыцыі дзяўчынку трэба пахаваць на дзвярах са сваёй хаты. Каб зрабіць гэта, бацька ўпотай вяртаецца за дзвярыма ў Прыпяць.
Вяд. 2. Восенню 2013 года выйшла яе кніга пра тое, як цяжка і балюча перажываецца сучаснікамі падзенне савецкай эпохі. Як і ўсе папярэднія кнігі Святланы Алексіевіч, “Время “second-hand” — гэта збор галасоў, запісаных аўтарам у выніку сотняў сустрэч з нашымі суайчыннікамі.
Вяд. 1. Праз усе кнігі Алексіевіч чырвонай ніткай праходзіць развянчанне камуністычнай ідэі або, як сцвярджае пісьменніца, “вялікай і страшнай Утопіі — камунізму, ідэя якога не памерла канчаткова не толькі ў Расіі, але і ва ўсім свеце”. У наш час Святлана Аляксандраўна Алексіевіч працуе над новай кнігай пад назвай “Цудоўны алень вечнага палявання”. Гэты твор пра каханне, але зноў пад спецыфічным вуглом гледжання Алексіевіч.
Вяд. 2. Спытайце ў любога бібліятэкара, на чые кнігі з беларускіх аўтараў запісваюцца ў чаргу? І вам адкажуць — Наталлі Батраковай. Аўтар жаночай прозы, кажуць, і сама не чакала, што яна, дзяўчына з дыпломам Інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту, раптам стане ці ледзь не самым запатрабаваным беларускім пісьменнікам.
Вяд. 1. Наталля Мікалаеўна нарадзілася і вырасла ў маленькім мястэчку Бялынічы. Правільная дзяўчынка-выдатніца вельмі любіла матэматыку, але ўпотай пісала вершы. На першым этапе перамог фізік – пасля заканчэння універсітэта ўладкавалася ў замежную транспартную кампанію. І раптам, нечакана нават для самой сабе, пальму першынства перахапіў лірык. І нездарма. Ужо першыя раманы Наталлі Батраковай “Территория души” і “Площадь согласия” сталі сапраўднымі бэстсэлерамі на беларускім кніжным рынку. Прапаную вам паглядзець буктрэйлер да рамана “Площадь согласия”.
/буктрэйлер “Площадь согласия. Н. Батракова”/
Вяд. 2. Раманы Батраковай выходзяць не вельмі часта, затое потым вытрымліваюць па некалькі перавыданняў. Яе раман “Миг бесконечности” ў 2-х тамах стаў самай прадаваемай мастацкай кнігай у Беларусі ў 2012 годзе.
Вяд. 1. Аб працэсе напісання Наталля Батракова гаворыць так: “Пісаць кнігу – гэта як маляваць рыбку. Ведаеш, што ў яе абавязкова будзе галава і хвосцік, а што ўсярэдзіне, спачатку невядома. Але яна павінна атрымацца «смачнай». Пішу збольшага тыя кнігі, якія хацела б прачытаць сама. Пішу не па правілах, простымі словамі. Можа, людзі менавіта гэта і шукаюць”.
Вяд. 2. Пра праблемы, якія існуюць у сучасным грамадстве вельмі паспяхова піша малады беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч. Ён упэўнены: пра сучасную Беларусь важна і трэба пісаць. Яго раманы прадаюцца, перакладаюцца на іншыя мовы, а нядаўна па яго п’есе паставілі спектакль у Вене.
Вяд. 1. Кожны новы раман Марціновіча становіцца падзеяй. Характэрна, што амаль на кожнай з прэзентацый Віктар клятвенна абяцае прытармазіць і нарэшце ўжо перадыхнуць. Але працаздольнасць “не прап’еш” — Марціновіч, на радасць прыхільнікам, выдае па кнізе ў год, што сярод беларускіх літаратараў вялікая рэдкасць.
Вяд. 2. У 2009 годзе Віктар напісаў свой першы раман – “Паранойя”, які быў выпушчаны ў расійскім выдавецтве “АСТ”. У 2013 годзе “Паранойя” была выдадзена на англійскай мове ў ЗША і адразу атрымала мноства станоўчых водгукаў у амерыканскай і англійскай прэсе.
Вяд. 1. Раман “Сфагнум”, які выйшаў адразу на дзвюх мовах (рускамоўны арыгінал і беларускі пераклад), яшчэ да з’яўлення ў друкаваным выглядзе трапіў у лонг-ліст расійскай прэміі “Национальный бестселлер”, яго параўноўвалі з класічным фільмам “Карты, деньги, два ствола”.
Вяд. 2. Наступны раман “Мова” нядаўна вытрымаў трэцяе перавыданне. Дзеянне рамана адбываецца ва ўяўнай будучыне. Аддзяліўшыся муром ад Еўропы, якая страціла сваю былую магутнасць, Кітай і Расія стварылі квітнеючую саюзную дзяржаву, а цэнтр Мінска пераўтварыўся ў густанаселены кітайскі квартал.
Вяд. 1. Сюжэт “Мовы” разгортваецца вакол загадкавых каштоўнасцей – скруткаў, якія аб’яўлены па-за законам. Для адных скруткі – магчымасць атрымаць вострыя адчуванні. А для іншых скруткі – гэта сэнс жыцця, апошняя надзея на выратаванне, тое, за што неабходна змагацца.
У рамках фестывалю SmartFilm нават быў створаны буктрэлер да рамана. Давайце паглядзім.
/буктрэйлер “Мова”/
Вяд. 2. У канцы 2016 года выйшаў раман Віктара Марціновіча “Возера радасці”. Раман нібы падводзіць вынікі не толькі апошніх 20 гадоў жыцця нашай Беларусі, але і творчасці пісьменніка. Паводле прызнання Віктара Марціновіча “Возера радасці” — “самы шчыры і самы дарослы раман з напісаных дагэтуль”.
Вяд. 1. Вельмі падобны па зместу на раман “Мова” твор Альгерда Бахарэвіча “Дзеці Аліндаркі”. Гэта гісторыя аб недалёкім будучым, дзе словы “беларуская мова” і “хвароба” сталі сінонімамі. Цяпер ад “мовы” дзяцей лечаць у спецыяльных лякарнях. Менавіта з адной такой лячэбніцы здзяйсняюць уцёкі не зусім звычайныя брат з сястрой. Але мала збегчы з-за кратаў, важна яшчэ і выратавацца з лесу.
Вяд. 2. “Дзеці Аліндаркі” — дарослая аповесць-казка, якая часам занадта падобная на рэальнасць. Гэты твор названы ў спіску лепшых у 2015 годзе. Давайце паслухаем урывак з гэтай кнігі, у выкананні аўтара.
/відэа “Дзеці Аліндаркі” (урывак). Альгерд Бахарэвіч”/
Вяд. 1. Альгерд Бахарэвіч адзін з найбольш папулярных пісьменнікаў краіны, у мінулым годзе трапіў у анталогію лепшай еўрапейскай кароткай прозы Best European Fiction. У 1997 годзе скончыў філалагічны факультэт БДПУ. Пасля універсітэту працаваў настаўнікам, потым журналістам. Зараз яму 41 год і жыве ён ў Гамбургу, Германія. Неаднойчы быў лаўрэатам літаратурнай прэміі “Ежы Гедройца” (2012, 2013).
Вяд. 2. Творы Альгерда Бахарэвіча перакладзены на англійскую, нямецкую, чэшскую, польскую і інш. мовы.
Вяд. 1. Хто не бачыў у продажы кніг з серыі “Порри Гаттер”? Менавіта гэтая серыя, якая спачатку задумвалася як пародыя на кнігі Джоан Роўлінг, але потым здабыла ўласную сюжэтную лінію і свой твар, зрабіла папулярным беларускага пісьменніка Андрэя Жвалеўскага. Ён з тых часоў шчыльна заняў нішу папулярнага фантаста і аўтара кніг для падлеткаў. Часам да Жвалеўскага далучаюцца калегі па пяру.
Вяд. 2. Напрыклад, серыю іранычных жаночых раманаў “М+Ж” Андрэй Жвалеўскі напісаў разам з Яўгеніяй Пастэрнак. Гэта добрая і дасціпная гісторыя ўзаемаадносін паміж мужчынай і жанчынай. Аднойчы сустрэўшыся ў маскоўскім метро, яны ўжо не змаглі абыходзіцца адзін без аднаго. Але чаго вартыя іх узаемаадносіны, калі думаюць і ацэньваюць свет яны зусім па-рознаму?! Адны і тыя ж падзеі выглядаюць зусім па-рознаму ў пераказванні мужчыны — і пераказванні жанчыны. І ад судотыку гэтых меркаванняў з’яўляецца тое пацешнае, вясёлае, якое не дазваляе адкласці кнігу ўсю ноч.
Вяд. 1. Гэтую серыю крытыкі назвалі “самым смешным і кранальным любоўным дуэтам апошніх гадоў”. Вядома ж, кіно не магло прайсці міма такога падарунка — і вось ужо ў 2009 годзе выйшаў фільм. Прапаную паглядзець трэйлер да яго.
/трэйлер “М+Ж”/
Вяд. 2. Зусім іншая па настрою кніга Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак “Охота на василиска”. У ёй паднята тэма наркотыкаў. Тэма на самай справе важная і вельмі балючая. Пачынаецца кніга страшна: памірае дзесяцікласніца — разумная, добрая, хатняя дзяўчынка. Высвятляецца, што ад атручвання ядам, які быў дабаўлены ў спайс “Василиск”. Ксюша, сяброўка памерлай Мышкі ўпэўнена, што гэта нейкая памылка, што Мышка не ўжывала наркотыкі. У яе ёсць выбар — змагацца да апошняга і высвятліць праўду ці здацца. Што Ксюша абярэ? Прапаную даведацца самім, прачытаўшы гэтую кнігу.
Вяд. 1. Вось якія водгукі на “Охоту на василиска” можна знайсці ў Інтэрнэце.
Чытач. “Тяжело было читать. Больно. Но при этом читается на одном дыхании”.
“Вы вскрываете крайне больную тему. Её боятся настолько, что даже говорить страшно. Хорошо, что первая книга на эту страшную тему написана детскими писателями”.
Вяд. 2. Цікавы раманы Андрэя Жвалеўскага ў жанры brain fiction. Сутнасць жанру ў тым, што герой твора змяняе матэрыяльны свет сілай думкі. Заснавальнікам жанру прынята лічыць Стывена Кінга.
Вяд. 1. Галоўны герой рамана “Мастер сглаза” Андрэя Жвалеўскага звычайны чалавек, аднак яго жадання могуць літаральна перавярнуць свет. Ён можа абараніць ці знішчыць, спыніць зло або прынесці смерць. Не можа ён толькі аднаго — кіраваць сваімі жаданнямі. Як і любы з нас.
Вяд. 2. Наступная кніга аўтара ў тым жа жанры “Мастер силы”.
Калі да цябе прыходзіць дзіўны тып і заяўляе пра тое, што ты ўсемагутны майстар сілы і табе трэба будзе выратаваць Сусвет, што ты зробіш? А калі раптам апынецца, што дзіўны тып мае рацыю? Тады прыходзіцца ісці і ратаваць.
Вяд. 1. Раман “Те, которые” працягвае традыцыі “Мастер сглаза” і “Мастер силы”. На гэты раз перапляліся лёсы чатырох вельмі незвычайных людзей. Першы падарожнічае з цела ў цела, другі пражывае жыццё зноўку, трэці валодае дарам лекарства, чацвёртая … чацвёртай не давялося нарадзіцца, але яна таксама чалавек. Спачатку здаецца, што лёс выпадкова сутыкае іх адзін з адным, але паступова становіцца зразумела — выпадковасцяў не бывае …
Вяд. 2. Вось толькі невялікая частка таго, што ўжо напісаў Андрэй Жвалеўскі. З прызнаннем у суседніх краінах у нашага пісьменніка таксама ўсё добра: ад трэцяга месца на усерасійскай прэміі “Книгуру” і прэміі “Алиса” (за кнігу “Время всегда хорошее”) да звання “Брэнд-персона года” ў намінацыі “Культура” на конкурсе “Брэнд года 2012”.
Вяд. 1. Буйная форма — а гаворка ідзе пра цэлую прыгодніцкую сагу — цяпер сустракаецца нячаста. І гэта тычыцца не толькі беларускай літаратуры. Людміла Рублеўская, тым не менш, толькі за апошнія гады выпусціла некалькі кніг на любы густ: тут вам і містычная проза, і готыка, і беларуская гісторыя.
Вяд. 2. Яе сага пра прыгоды Пранціша Вырвіча ў трох частках і разнапланавы зборнік “Ночы на Плябанскіх Млынах” так і просяцца на экраны — таленавітаму рэжысёру хопіць матэрыялу на некалькі касавых фільмаў.
Вяд. 1. У зборнік “Ночы на Плябанскіх Млынах” увайшло некалькі твораў. Гатычны раман “Скокі смерці”, у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэдневечных гадзіннікаў. Аповесць “Ночы на Плябанскіх млынах”, дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну. І цыкл “Старасвецкія міфы горада Б*”, што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка.
Вяд. 2. Героі кнігі вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсть і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларусі.
Вяд. 1. У 2012 годзе выйшла першая кніга, задуманай пісьменніцай трылогіі пра Пранціша Вырвіча — раман “Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега”. У цэнтры сюжэту беглы вучань Мінскага езуіцкага калегіума Пранціш Вырвіч і доктар Баўтрамей Лёднік з Полацка, якія даследуюць падвалы Мінска, Слуцка, і Полацка, ратуюць Сільфіда, катаюцца на жалезнай чарапасе, вынайдзенай яшчэ Леанардам да Вінчы і ваююць за свой гонар і Беларусь.
Вяд. 2. У другой кнізе “Авантуры студыёзуса Вырвіча” працягваюцца неверагодныя прыгоды нашых герояў. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
Вяд. 1. “Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча”. Героям давядзецца шукаць езуіцкія скарбы ў сутарэннях пад Менскам, падарожнічаць у карэце з чорным магам і егіпецкай прынцэсай, прысутнічаць на балі ў палацы расійскай імператрыцы. Каму павінна належаць карона святога Альфрэда, скрадзеная з ангельскай скарбніцы ў час рэвалюцыі Кромвеля? Ці варта плакаць над спаленым домам, калі знойдзена сапраўднае каханне? Першыя гады праўлення Станіслава Панятоўскага, век плашча і шаблі, — выдатныя дэкарацыі для авантурна-прыгодніцкага сюжэта і падарожжа ў рамантычную і трагічную гісторыю Беларусі.
Вяд. 2. Увогуле імя Людмілы Рублеўскай з поўным на гэта правам можна было б назваць брэндавым у тым сэнсе, што яе кнігі сапраўды чытаюць і іх чакаюць, абмяркоўваюць на інтэрнэт-форумах і падчас адкрытых публічных дыскусій, па іх пішуць дыпломныя і курсавыя работы, іх перакладаюць на замежныя мовы і суадносяць з сучаснай беларускай літаратурай у цэлым. Таму прапануем і вам не прайсці міма яе кніг, і абавязкова іх пачытаць.
Вяд. 1. Здавалася б, “паэзія” і “папулярнасць” з 70-х гадоў рэчы мала сумяшчальныя, але на справе гэта не так. На фоне таго, як агульны інтарэс да паэзіі расце імя Андрэя Хадановіча, паэта, перакладчыка згадваецца ў СМІ ўсё часцей.
Вяд. 2. Першая кніга паэта называлася “Старыя вершы”. Выйшла яна ў 2003 годзе і была цалкам беларускамоўнай. Сёння на яго рахунку ўжо 9 паэтычных кніжак. Шэсць выдадзены на беларускай мове, тры — у перакладзе на ўкраінскую, польскую і шведскую. Колькасць асобных публікацый яго вершаў і перакладаў вымяраецца ўжо трохзначнымі лічбамі.
Вяд. 1. Андрэй Хадановіч — уладальнік многіх прэстыжных (у тым ліку і замежных) прэмій, першай з якіх была прэмія часопіса «Крыніца». Чым жа так прывабліваюць людзей яго вершы? Судзіце самі.
Чытач. Снег ідзе, пакідаючы ў меншасці год.
Прадавачкам два тыдні раскошы:
мандарынкі з шампанскім — і будзе даход,
покі ў нас не закончацца грошы.
Прыляціць Мікалай у калядных санях.
Надаюць аднакласніцы бусек.
У спартзале ялінка ў святочных агнях,
а пад ёй — хто б вы думалі? Трусік.
І запаляцца свечкі, і створаць інтым,
і прыедзе ў паўночным трамваі
прыгажуня‑Снягурка, і ганьба ўсім тым,
хто казаў, што яе не бывае!
Не замерзні, глядзі! Ты і сам Дзед‑Мароз,
сіні нос для цябе не пытанне,
сівізна ў бараду, а спыніцца — не лёс.
Бачыш зорку? Загадвай жаданне!
Загадай пра сябе, як Другі Прэзідэнт,
каб бацькоў сваіх слухалі дзеткі;
каб каханкі не змерзлі на вуліцы ўшчэнт,
пад футэркам хаваючы кветкі.
Мікалай‑канспіратар, стары дысідэнт,
падарункі схаваў у шкарпэткі
і, чытаючы верш за калядны прэзент,
не зваліўся ніхто з табурэткі.
(“Калядны верш”)
/відэа “Андрэй Хадановіч. Шнуркі”/
Вяд. 2. Яго дзіцячая кніга «Нататкі таткі» па продажах у незалежных кніжных можа параўнацца хіба што з кнігамі Святланы Алексіевіч. Дарэчы гэтую кнігу Андрэй Хадановіч лічыць адной з найлепшых, што напісаў, бо галоўныя чытачы — нашы дзеці. Давайце паслухаем верш з гэтай кнігі у выкананні аўтара.
/відэа “Андрэй Хадановіч на сустрэчы літаратурнага клуба GRAPHO ў Галерэі (чытае верш “Нататкі таткі”)/
Вяд. 1. Па меркаваням шматлікіх крытыкаў, паэзія Хадановіча — прыкметная з’ява сучаснай беларускай літаратуры. Яго творчасць адрозніваецца багаццем і разнастайнасцю мовы, стылістычнымі эксперымэнтамі. Андрэй Хадановіч, вядома, не адзіны з кагорты сучасных класікаў беларускай паэзіі, але відавочна, самы паспяховы.
Вяд. 2. Сёння мы пазнаёмілі вас з паспяховымі пісьменнікамі Беларусі, якіх добра ведаюць за мяжой. Менавіта і мы павінны не толькі ведаць іх імёны, але і знаёміцца з іх кнігамі. Прыемнага вам чытання, шаноўныя сябры.
Склад.: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.
Крыніцы.
- Андрей Жвалевский : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://loveread.ec.
- Андрэй Хадановіч : [Электронны расурс]. – Рэжым доступу : https://www.livelib.ru.
- Батракова Наталля Мікалаеўна : [Электронны расурс]. – Рэжым доступу : http://lib-belynichi.mogilev.by.
- Виктор Мартинович : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://martinovich.by.
- 10 самых успешных писателей современной Беларуси : от дамских романов до Нобелевской премии : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://news.tut.by.
- Евгения Пастернак, Андрей Жвалевский — М+Ж : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://profilib.net.
- Лучшие книги Андрея Жвалевского : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.livelib.ru.
- Людмила Рублевская. Лучшие книги : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.livelib.ru.
- Макей, Наталья “Живу в одной стране, издаюсь в другой, преподаю в третьей. Обижает ли это меня? Скорее, это полезно”. Виктор Мартинович о жизни, героях и книгах : [Электронный ресурс] / Наталья Макей. — Режим доступа : http://bel.biz.
- Мартинович : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.livelib.ru.
- Марціновіч Віктар. Возера Радасці : [Электронны расурс]. – Рэжым доступу : http://www.knihi.by.
- Наталья Батракова : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://oz.by.
- Наталья Николаевна Батракова : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://ru.wikipedia.org.
- Светлана Алексиевич : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://24smi.org.
- Светлана Алексиевич : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://www.livelib.ru.
- Светлана Алексиевич : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.alexievich.info.
- Сучасныя беларускія пісьменнікі : [Электронны расурс]. – Рэжым доступу : http://refy.ru.
- Тамковіч, Аляксандр Нататкі Андрэя Хадановіча : [Электронны расурс]. – Рэжым доступу : http://novychas.by.
- Творчая сустрэча з пісьменніцай Наталляй Батраковай : [Электронны расурс]. – Рэжым доступу : http://vlib.by/index.php.
- Хадановіч, Андрэй Калядны верш : [Верш] : [Электронны расурс]. – Рэжым доступу : http://www.vershy.ru.
- Чэмер, Мікола Пісьменніца Людміла Рублеўская: “У кожным маім рамане ёсць чалавек, у якога я шчыра закахана…” : [Электронны расурс] / Мікола Чэмер. – Рэжым доступу : https://ray.ng-press.by.