Наш Купала

Сцэнарый электроннай прэзентацыі 

(для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту)

У зале аформлена выстава, гучыць песня “Спадчына”

1сл.        Янка Купала. Старонкі жыцця і творчасці.

Універсітэтам Янкі Купалы  было само жыццё

2сл.      У Яся Луцэвіча, як і у кожнага чалавека на гэтым свеце, пачыналася ўсё з дня нараджэння, з Вязынкі, дзе ён нарадзіўся, гэтай невялічкай хаткі над невялічкай рачулкай, Ясь зусім не памятаў. Дык калі яго, Ясева, сапраўднае жыццё пачалося? Можа тады, калі ўпершыню пачуў гучанне свайго верша з вуснаў выдаўца-рэдактара газеты “Северо-Западный край” Але, хоць колькі жыць тут буду…”. А можа тады, калі апякла яго думка: Мне трэба быць Купалам, мне трэба знайсці купальскую кветку шчасця. Я той, каму шукаць яе – для сябе, для мужыка”.

3сл.     Бацькі паэта:

        Бянігна  Іванаўна  Луцэвіч, маці  паэта  1857-1942

        Дамінік Ануфрыевіч  Луцэвіч, бацька паэта  1846-1902 

 

Мне мудрасці кніжнай не даў Бог пазнаці

Мой бацька не мог даць раскошаў такіх –

Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці

І дум беларускіх без школы і кніг.

Ад самай красы маіх дзён невясёлых

Настаўнікам быў беларускі абшар;

Усходы палеткаў і гоманы ў сёлах

Навуку сваю мне прыносілі ў дар.

                                                                    Я.Купала “Мая навука”

4сл.  Але ўсё ж-такі Купала пачаў вучыцца ў Косіне, калі яму было каля 7 гадоў. Малога Яся, так называлі хлопчыка ў сям’і, навучыў чытаць і пісаць  па-польску гімназіст Патаповіч, сын служачага маёнтка.

 Прагнасць да ведаў не давала мне спакою, хоць усе дарогі да навукі, як гаворыцца, былі для мяне адрэзаны. Адно, што засталося, — гэта кнігі, і я ім аддаўся ўсёй душой і  сэрцам”

5сл. ” Да 21 года гаспадарыў дома – араў, касіў, сек дровы… Гаспадарка на чужой зямлі апрыкрала. Кінуў усё і пайшоў шукаць “лёгкага” хлеба. Гэтак праслужыў тры гады у броварах  чорнарабочым. Зазнаў там такого пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў. Кінуў і гэтую работу і папаў у Вільню, дзе выходзіла газета “Наша Ніва”. У Вільні працаваў у бібліятэцы і у “Нашай Ніве”… Даводзілася усё рвбіць: папраўляць рукапісы…, перакладаць з польскай, рускай або украінскай моў…, дапамагаць у экспедыцыі  газеты і г.д…”

6сл. Потым была вучоба ў Пецярбургу. У 1908 годзе выдавецкая суполка “Загляне сонца і ў наша ваконца!” у Пецярбургу выдае першую кнігу вершаў Янкі Купалы “Жалейка”.

     “Песні Купалы – гэта люстра, у якім свеціцца душа беларуса… Непадробны голас, што ідзе з самай глыбіні  народнай душы…” – пісала “Наша ніва” ў рэцэнзіі на зборнік вершаў.

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,

Ці запеў салавей, ці загагала гусь, —

Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,

Сваю матку-зямлю – Беларусь <…>

А вот як не любіць гэта поле і бор,

І зялёны садок, і крыклівую гусь!..

А што часам тут страшна заенча віхор, —

Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь.

 Першы  зборнік  маіх  вершаў быў двойчы канфіскаваны:  першы раз – па распараджэнню Пецярбургскага камітэта  па друку, а другі раз – па прапанове Віленскай адміністрацыі”

                              Я. Купала “Аўтабіяграфія»

7сл.    І вось у смутку пецярбургскіх белых начэй нараджаюцца паэмы “Курган”, “Сон на кургане”, “Адвечная песня”. Тут маладыя беларусы-пецярбуржцы ставяць купалаўскую “Паўлінку”. Пецярбургскі перыяд – важны этап у творчасці Янкі Купалы. Тут паэт выдаў зборнікі вершаў “Гусляр” (1910), “Шлях”

Я ад вас далёка, бацькоўскія гоні, —

На чужое неба ўжо гляджу сягоння.

Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,

Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.”

Я.Купала “Я ад вас далёка…”

8сл. 1912 год быў важным у асабістым жыцці Янкі Купалы. Ён упершыню сустракаецца з Якубам Коласам. Дружба вялікіх паэтаў прадаўжалася ўсё жыццё .

Хтось з дому прыбег у сяло, знайшоў мяне і сказаў мне тры словы: «Прыехаў Янка Купала». Гэтыя словы мяне радасна ўсхвалявалі. Быў ужо даволі позні жнівеньскі вечар. У хаце гарэла лямпа. На лаве каля стала сядзеў малады, статны, жыццярадасны хлопец з вясёлымі, крыху насмешлівымі жаўтавата-карымі вачыма. Я борздзенька накіраваўся ў Смольню. Так звалася месца, дзе была сядзіба маіх родных.  Мы павіталіся…І ён мне і, напэўна, я яму паказаліся зусім не такімі, як гэта прадстаўлялі мы сабе адзін аднаго ў нашым уяўленні.

                                                                                                        Я.Колас

9сл.   Лірыка кахання – адна з самых складаных галін літаратурнай творчасці. Кожны раз, калі пішуцца радкі пра каханне, паэт нібы ўзыходзіць на рынг рыцарскага турніру, дзе супраць яго выступаюць творцы тысячагадовай гісторыі прыгожага пісьменства. У інтымнай, ці любоўнай лірыцы Купала не саступае сваім папярэднікам, карыфеям любоўнай тэматыкі – Петрарку, Гётэ, Пушкіну. Не ўсе вершы, дайшоўшыя да нас, захавалі аўтарскія прысвячэнні.  Але ў яго жыцці было дзве жанчыны, якія змагаліся за Янку. Самі ў сабе, моўчкі, хаваючыся, тоячыся ад знаёмых і незнаёмых. Адна – Уладзіслава Францаўна Станкевіч, прыняўшая руку і сэрца генія, другая – Паўліна Вікенцьеўна Мядзёлка, чамусьці адмовіўшая яму.

10сл.          “ А яна…”

        Гэткім шчырым каханнем яе атуліў,

         З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы,-

         Як і сонца не туліць расквечаных ніў,

         Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

Так пясціў, так галубіў галубку, яе,

Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі,-

Як і маці не песціць дзіцё – як спаўе,

Як і вогнішча ззябнутых грэці не будзе!

         Столькі песень над песнямі ёй я напеў,

         Столькі думак злажыў аб ёй важных,таёмных,-

         Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў,

         Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад

І такую ўзлажыў ёй з кахання карону,-

Як і неба з зямлёю, на божы загад,

Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!

         Так уславіў яе ў славу сонца і зор,

         Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў,-

         Як і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор,

         Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!

Утварыў з яе шчасце з-пад шчасцяў сваё —

Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,

І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё…

А яна? А яна была толькі…дзяўчына!..

 11сл. Пасля заканчэння курсаў А.С.Чарняева Я.Купала зноў едзе ў Вільню. Плённым у творчасці паэта быў 1913 год. У гэты час напісаны паэмы “Бандароўна” і “Магіла льва”. Значнае месца займае і сацыяльная драма “Раскіданнае гняздо”. Упершыню яна ўбачыла свет у 1919 годзе. У 1913-1915гг.  Купала быў ўжо адказным і фактычным рэдактарам “Нашай нівы”.  Прыезд Я.Купалы ў Вільню ўліў новыя творчыя сілы ў беларускае літаратурнае жыццё. Пачалі наладжвацца вечары, чыткі. У гэты час Я.Купала зблізіўся з літаратурнымі дзеячамі – рускімі, літоўскімі і польскімі. Вялікая дружба злучала Я.Купалу з народным літоўскім паэтам Людасам Гіра, з мастаком Чурлёнісам, асабліва ў блізкіх адносінах быў Я.Купала з  літоўскім кампазітарам Шымкусам.”

У.Луцэвіч “Янка Купала ў Вільні”

12сл.  Пры набліжэнні да Вільні немцаў Янка Купала эвакуіруецца ў Маскву. У 1916 годзе паэт прызываецца ў царскую армію. Творчасць Янкі Купалы дарэвалюцыйнага перыяду развівалася на дэмакратычных традыцыях рускай і беларускай літаратур, пад сцягам барацьбы за рэвалюцыйна-дэмакратычную, глыбока народную літаратуру. Блізкія Я.Купалу былі і В. Дунін-Марцінкевія, і Ф.Багушэвіч, і Я. Лучына. Высока цаніў ён дзейнасць паэтэсы-рэвалюцыянеркі Цёткі, тонкага майстра слова бачыў у асобе М. Багдановіча.  У першыя гады Савецкай улады паэт перакладае на беларускую мову “Інтэрнацыянал” і “Слова аб палку Ігаравым”. У1934 годзе удзельнічае у рабоце Першага з’езда савецкіх пісьменнікаў, дзе упершыню сустракаецца з Максімам Горкім.

13сл.     1941 год. Што Купала-паэт мог супрацьпаставіць тактыцы выпаленай зямлі, па знішчальных законах якой ішоў праз Беларусь вораг? Яго рукі, яго вочы, яго сэрца, яго любоў і нянавісць знайшлі такую сілу. І загучала грозным заклікам: “Партызаны, партызаны…”. І над усімі франтамі ў агні і крыві гучала: “Клічу вас я на пабеду!..”. Ён верыў у яе, але не дажыў. Янка Купала загінуў трагічна 28  чэрвеня 1942 года ў Маскве. Праз тысячу шляхоў адчула гэта матчына сэрца і спынілася – праз два дні пасля смерці сына. Хавалі іх у адзін дзень.

14сл. Янка   Купала – непаўторны талент, у якім увасабляецца сіла беларускага народа, прыгажосць яго духоўнага багацця, яго глыбокая гуманнасць, яго мудрая філасофія.

Песня мая не шукае чырвонцаў,-

Будучнасць гэткіх не знойдзе у ёй плям,-

Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,

Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.

Пеці, і з часам, у добрую пору,

Выклікаць водклік у сонным сяле…

Ўсю Беларусь – неабнятну, як мора,

Ўбачыць у ясным, як сонца, святле.

                      Я.Купала. “Песня мая”

 Спіс выкарыстанай літаратуры:

  • Ліпскі, У.С. Янкаў вянок: Дзецям пра Янку Купалу / Уладзімір Ліпскі; маст. А.Ф. Вашчанка. — Мінск : Маст. літ., 2009. – 222 с.
  • Ярош, М.Р. Пясняр роднай зямлі: Жыццё і творчасць Я. Купалы / М.Р. Ярош; прадмова В.П. Жураўлёва. — 2-е выд. – Мінск : Бел. навука, 2003. — 341 с.
  • Купала, Я. Зкутка жаданняў: вершы, паэмы, п’есы: для сярэд. і ст. шк. узросту / Янка Купала. – Мінск : Маст. літ., 2006.- 575 с.
  • Явар і каліна: Паэзія кахання: для дзяцей сярэд. і шк. узросту / уклад. С.С. Панізніка ; маст. У.П. Масцераў. – Мінск : Юнацтва, 2000. — 219 с.
  • Купала, Я. Мая малітва: Вершы, паэмы / Янка Купала.- Мінск : Маст. літ., 2007. – 95 с.

Складальнік:  бібліятэкар РДБ Куцюк Н.Н.

 

Метки: , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий