“І ты застаўся ў нашых душах: Максім Багдановіч”

паэтычна-музычная вечарына да 125-годдзя Максіма Багдановіча

/відэа “Максім Багдановіч “Мая душа, як ястраб дзікі”/

Вядучая 1: Добры дзень, паважаныя сябры! У кожнай літаратуры ёсць паэты і пісьменнікі, якімі ганарацца нашчадкі. Максім Багдановіч – гонар і слава нашай краіны. Выдатны беларускі паэт, якога ставяць узровень з Купалам і Коласам. І сёння мы адзначаем 125-годдзе з дня яго нараджэння.

Вядучая 2: Максім Багдановіч – адзін з самых любімых беларускіх паэтаў. Яго вершы прасякнуты любоўю да жыцця, тонкім адчуваннем прыгажосці, глыбокімі перажываннямі, напоўнены філасофскімі думкамі. Кожны яго твор моцна ўздзейнічае на чалавека, пранікае ў самую душу. Віртуознае майстэрства Максіма Багдановіча, невычэрпны духоўны патэнцыял яго паэзіі ніводнага чытача не пакідаюць абыякавым.

Чытальнік 1:

Стагоддзе прайшло, як у грэшны наш свет,

У край зрабаваны, гаротны, сірочы,

Зляцеў, як анёл, апантаны паэт,

Глядзелі трывожна ягоныя вочы.

Ён мовіў: “Адрынь, беларус, вечны страх,

Нарэшце, сумленне сваё ты паслухай!”

Кіпела ў сухотных, збалелых грудзях,

Як грозны вулкан, сіла вольнага духу.

                                      (урывак з верша С. Законнікава “Вочы Максіма”)

Вядучая 1: Кароткім быў жыццёвы шлях Максіма Багдановіча. Ён вымяраецца дваццацю пяццю гадамі. Многія літаратары ў такім узросце толькі пачынаюць тварыць. Але дзякуючы сваёй геніяльнай адоранасці ў такіх часава вузкіх рамках гісторыі ён здолеў здзейсніць свой найвялікшы творчы подзвіг – стаць адной з першых зорак на небасхіле нацыянальнай паэзіі, аказацца ў цэнтры літаратурна-грамадскага руху Беларусі ХХ стагоддзя, быць лепшым крытыкам і гісторыкам роднай літаратуры, яе класікам, выдатным перакладчыкам і празаікам.

Вядучая 2: Нарадзіўся Максім Багдановіч 9 снежня 1891 года ў Мінску. Бацька будучага паэта Адам Ягоравіч быў сынам былога прыгоннага з Халопеніч Барысаўскага ўезда. Выключныя здольнасці і сялянская працавітасць дазволілі яму скончыць Нясвіжскую семінарыю і стаць у далейшым сур`ёзным вучоным-этнографам, гісторыкам, эканамістам. Ці ж не ад яго перадаліся Максіму гэтая ўдумнасць, глыбокая цікавасць да гісторыі і культуры Беларусі?

Вядучая 1: Маці – Марыя Апанасаўна скончыла настаўніцкія курсы ў Пецярбургу. Гэта была натура надзвычай жывая, уражлівая і сардэчная. Гэтымі якасцямі надзяліла яна і Максіма. Але душэўная мяккасць сына арганічна спалучалася з мужчынскай цвёрдасцю, напорыстасцю характара.

Напачатку маладая сям`я Багдановічаў жыла ў Мінску. Калі Максіму было 7 месяцаў, сям`я пераехала ў Гродна. Тут і прашло яго маленства.

/урывак з дакум. фільма “Горадня Максіма Багдановіча. Загадкі беларускай гісторыі”/

Вядучая 2: Вучыцца Максім пачаў з шасці гадоў і займаўся з ім бацька. Менавіта ён абудзіў у сына цікавасць да прыроды, пазнаёміў з жыццём народа, з помнікамі культуры, прывіў любоў да літаратуры. У 1902 годзе Максім паступае ў Ніжгародскую мужчынскую гімназію.   

Вядучая 1: 1907 год лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Яго першым значным мастасцім творам было лірычнае апавяданне “Музыка”, якое адразу ж надрукавала “Наша ніва”. Паэту на той час споўнілася толькі 16 гадоў.

У 1908 годзе сям`я Багдановічаў пераехала ў горад Яраслаўль, дзе Максім паступіў у шосты клас гімназіі.

/урывак з дакум фільма”Максим Богданович”/

Вядучая 2: Максімам-кніжнікам называлі яго бацька і сябры-гімназісты. Яго любоў да вучобы і працавітасць здзіўлялі ўсіх. Хто б і дзе б ні сустракаў яго, ён заўсёды быў з кнігай. Кнігі ляжалі стосамі ў паэта на стале, ён прыносіў іх з гімназічнай і з ліцэйскай бібліятэк, і да знаёмых, і з рэдакцый – адусюль, дзе толькі можна было іх даставаць.

Вядучая 1: У гэты перыяд юнак сутыкнуўся з цяжкімі выпрабаваннямі. У 1908 годзе ад туберкулёзу лёгкіх памёр старэйшы брат Максіма – Вадзім. Вясной наступнага года захварэў і ён сам. Бацька адвёз яго ў Крым на лячэнне. Пачынаючы з 1909 года творы Максіма Багдановіча не сыходзілі са старонак газеты “Наша ніва”. Сярод іх верш “На чужыне”, у якім выразна чуецца туга по роднаму краю.

Чытальнік 2:

Вакол мяне кветкі прыгожа красуюць.

Маркотна між іх я хаджу адзінок,

Аж бачу – мне сіняй галоўкай ківае

Наш родны, забыты ў цяні васілёк.

“Здароў будзь, зямляча!” Чуць бачны ў даліне,

Панура, нявесела шэпча ён мне:

“Ўспамянем, мой дружа, ў багатай чужыне

Аб беднай, далёкай сваёй старане”.

                                                        (“На чужыне”)

Вядучая 2: Першы раз пасля дзяцінства наведаў ён Беларусь улетку 1911 года. Дваццацігадовы выпускнік Яраслаўскай гімназіі па запрашэнню супрацоўнікаў газеты “Наша ніва” прыехаў у Вільню. Паэта вельмі ўразіў старажытны горад. Менавіта тут у 1913 годзе, выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча “Вянок”. У ім найяскравей выявіліся патрыятычныя пачуцці паэта.

Вядучая 1: На самым пачатку сваёй творчай дарогі паэт уяўляў Беларусь толькі па казках і легендах, паданнях ды павер`ях народных, што месціліся ў бацькавай бібліятэцы і так моцна ўразілі яго непаўторна самабытнымі вобразамі старажытнай паэзіі. І сама яна, беларуская зямля, здавалася яму дзівоснай казкай, поўнай незвычайнага хараства і таямніц.

Вядучая 2: Казкай са старымі барамі, дзе адзінокі, калматы лясун брыдзе раздоллем лясных дарог. З шэрага моху падымае галоўку з залатой каронай змяіны цар, а небяспечны дух-вадзянік выпускае гуляць сярэбраных змеяў.

Менавіта таму раннія вершы паэта населены міфічнымі істотамі і прасякнуты духам язычніцкіх павер`яў.

Чытальнік 1:

Скучна мне ў глыбіне, ў цішыне;

Ўспамінаю я на дне аб вясне;

Я вясною пляснусь-ўскалыхнусь,

Зеляною муравой убярусь.

Выйду, белая, з цёмнай вады,

-Бачу: у лес ідуць людскія сляды;

Кінусь, брошусь я за німі з ракі:

Асвяціце вы мне пуць аганькі!

А людзей атышчу, абайду,

Вочы ўсім ім зацямню, адвяду.

I туды, дзе лягла цемень, мгла,

Дзе зялёны крыж свой ель падняла,

Ўсіх туды заваблю, завяду:

«Вы пацешце-ка мяне, маладу!»

Як пачну абнімаць, цалаваць, —

Будуць біцца, заціхаць, уміраць.

А я гучна смяюсь, хахачу,

Абхвачу іх, не пушчу, шчакачу!

Хараша ты, ігра, весяла!

Харашы вы, нежывыя цяла!

Але блізка гадзіна утра –

Разгарнецца за лесам зара.

І з нудою я ў рэчку лажусь,

Горка плачу, рвусь з вады, груддзю б’юсь!

Там плывець, веець хмелем вясна, —

А тут холад, глыбіна, цішына.

                                               (“Русалка”)

Чытальнік 2: Прывольная, цёмная пушча:

Вялізныя ліпы, дубы,

Асіннікі, ельніка гушча,

Між хвоі апаўшай — грыбы.

 

Усё дзіка, пустынна імшыцца,

Агністая спека стаіць.

На моху між спелай брусніцы

Лясун адзінокі ляжыць.

 

Каравая моршчыцца скура,

Аброс цёмным мохам, як пень,

Трасе галавою панура,

Бакі выгрывае ўвесь дзень.

 

Гляджу на яго я уныла, —

На сэрцы і жаль, і жуда:

Усё знікла — і ўдаласць, і сіла!

Прапала, як дым, як вада!

                                        (“З цыклу “Лясун”)

Вядучая 1: Свет прыроды, бясконца разнастайны ў сваіх формах, гуках і колерах вельмі хваляваў Максіма Багдановіча. Паэт умеў тонка і праўдзіва паказаць яе хараство: бяскрайняе мора збажыны, густыя лясы, духмяныя лугі і палі. Ён чуў, як “дрыжаць ад ветру зоркі”, “расце ў цішы трава”, як “срэбрам грукае крыніца”.

Чытальнік 1:

Ціха па мяккай траве

Сінявокая ноч прахадзіла;

Ціха з заснуўшых палян

Плыў у гару і знікаў,

Быццам дым сіняваты з кадзіла,

Рэдкі, правідны туман;

Неба ўсю глыб ажывіўшы,

Патроху праз цемнь выглядалі

Зорак дрыжачых вянкі;

Конікі суха звінелі;

Шырэй разліваліся хвалі

Цёмнай, люстранай ракі;

Пала раса; у палёх

Загарэліся пацеркі мілых

Жоўта-чырвоных агнёў…

Час, калі трэба журыцца

Душою на свежых магілах

Пуста пранёсшыхся днёў.

                             (“Ціха па мяккай траве сінявокая ноч прахадзіла…”)

Вядучая 2: Свае адносіны да свету прыроды, свае пачуцці, абуджанныя ёю, Багдановіч, як правіла, выказвае спакойна, стрымана. І толькі па тым, з якім майстэрствам стварае ён малюнкі, як тонка перадае хараство беларускіх пейзажаў, можна меркаваць аб яго вялікай сыноўскай павазе і любові да роднай зямлі, да яе чароўнае красы.

/гучыць песня “Па-над белым пухам вішняў”/

Вядучая 1: Чалавек вялікай і чуйнай душы, светлага і праніклівага розуму. Багдановіч быў адным з самых высакародных і гуманных людзей. Упарта і няспынна высякаў ён са сваіх слабых грудзей гарачы агонь пачуццяў.

“Не трэба ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця. Душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх”, — з гонарам за свой народ пісаў М. Багдановіч.

Вядучая 2: Максім Багдановіч падаў свой паэтычны голас у нялёгкі час. Калі беларускі народ быў так моцна і бязлітасна прыгнечаны, што, здавалася, ужо немагчыма абудзіць яго душу і ўратаваць мову…

Ён жа пачуў і зразумеў, што ўратаваць душу народа ад згубы пад сілу толькі слову, толькі песні…

Чытальнік 2:

Калі смутак моцна дзьме душу маю

І шкада мне дзён загубленых сваіх, —

Я паціху песні сумныя пяю,

Ўсю жуду сваю выкладываю ў іх.

Ціха песня разліваецца, звініць,

Вымаўляе, як я моладасць згубіў,

Як дагэтуль не патрапіў палюбіць

І саўсім, бадай, праўдзіва шчэ не жыў.

 

А як родную згадаю старану,

Як згадаю яе беднасць і нуду, —

Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну, —

Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.

Грозна песня разліваецца, грыміць,

Долю горкую, мужыцкую кляне,

Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,

Бо ім цяжка жыць у роднай старане.

                                                     (“Мае песні”)

Вядучая 1: Жыццё працоўнага народа, яго змаганне за лепшую долю, яго імкненне выбіцца на шлях свабоды і шчасця – усё гэта знаходзіла ў душы паэта гарачы водгук. Багдановіч глядзеў на навакольны свет яснымі вачамі: стараўся зразумець, па якіх законах жыве гэты свет, спрабуючы асэнсаваць усю складанасць падзей і часу.

Вядучая 2: Яшчэ да таго, як прыехаць на дваццатым годзе свайго жыцця ў Беларусь, паэт ведаў: у краіне казачных бароў і пушчаў пазбаўлены права на ўсё гэта, гаруе і пакутуе працоўны народ.

Чытальнік 1:

Гнусь, працую, пакуль не парвецца

Мне жыццё, як сагніўшая ніць;

А каб ведаў, што столькі пральецца

Майго поту, не стаў бы і жыць.

 

Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,

Будаваў я дарогі, масты;

Ліўся пот мой, як рэзаў на ком`я

Плугам глебы сухія пласты.

 

Працаваў над пяском, над дрыгвою

І не мала там выцерпеў мук,

І не прыдзецца мне пад зямлёю

Гэтых чорных саромецца рук.

 

А канаць ужо час: пот і слёзы

Мне жыццё, нібы мышы, грызуць;

Гора гне, як мяцеліца лозы,

Цэлы век не дае мне дыхнуць.

 

Шчасце ж гляне і ў даль пранясецца,

І магу я аб ім толькі сніць…

Дык няхай жа, няхай сабе рвецца

Мне жыццё, як сагніўшая ніць.

                                            (“З песняў беларускага мужыка”)

Вядучая 1: Максіма Багдановіча гняла пакутная думка аб бяспраўным становішчы свайго народа, якім адвеку пагарджалі. Адмовілі нават у элементарным чалавечым праве на пратэст і які вымушаны быў крычаць “Дзякуй” там, дзе трэба было крычаць “Ратуйце!”.

Вядучая 2: Але ў сэрцы паэта пад “Шэрым попелам панурых і нудных гадзін” гарэў “чырвоны жар” надзеі. І тады з хворых і збалелых грудзей вырываліся на свет пругкія, звонкія, прамяніста-яркія радкі.

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Сколькі ў хмарках залётных агня…

Вядучая 1: Сустрэча з Бацькаўшчынай у 1911 годзе дала новы штуршок паэзіі Максіма Багдановіча, натхніла на стварэнне шэдэўраў, якія навечна ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнай літаратуры. Вынікам творчай працы на Беларусі з`явіўся цыкл вершаў “Старая Беларусь”. Адзін з вершаў гэтага цыкла – “Слуцкія ткачыхі” – асабліва кранае сваёй чалавечнасцю, задушэўным лірызмам.

/відэакліп “Слуцкія ткачыхі”у выкананні Г. Калдуна/

Вядучая 2: Атрымаўшы атэстат сталасці, Максім Багдановіч, вярнуўшыся з Беларусі ў Яраслаўль, паступіў у юрыдычны ліцэй. Пры гэтым Максім вельмі настойліва займаўся самаадукацыяй. Усё шырэй кола яго ведаў і інтарэсаў, багацей эрудыцыя. Ліцэйскі перыяд быў плённым у паэтычнай дзейнасці. У гэты час ён напісаў лепшыя свае творы.

Вядучая 1: Увогуле пра што б ні пісаў Максім Багдановіч – пра лёс Радзімы і народа, пра родную прыроду, пра каханне, — творы яго гучаць свежа, хвалююча, надзвычай прыгожа.

Вядучая 2: З асаблівай цеплынёй, шчырасцю, глыбокай задушэўнасцю гучыць яго інтымная лірыка. Багдановіч захапляўся жаноцкай прыгажосцю і гармоніяй узаемаадносінаў паміж людзьмі. Гэтае светлае, прыгожае, жаночае свячэнне ў жыцці ён асабліва песціў, калыхаў у марах-думках. Быў рады таму, што яно ёсць, па-сапраўднаму, шчыра.

Чытальнік 2:

Я, бальны, бесскрыдлаты паэт,

Помню, раз пазабыў сваё гора, —

Гэта чуда зрабіў Ваш прывет.

Я – бальны, бесскрыдлаты паэт!

Мо жыцця майго верш ужо спет, —

Дык няхай Вам хоць песня гавора,

Як бальны, бесскрыдлаты паэт

На гадзіну забыў сваё гора.

                                      (“Я, бальны, бесскрыдлаты паэт…”)

Вядучая 1: З жыццём Максіма Багдановіча цесна звязаны лёс Ганны Какуевай. Максім вучыўся ў апошніх класах Яраслаўскай мужчынскай гімназіі, калі пазнаёміўся з сям`ёй свайго аднакласніка Рафаіла Какуева. Гэта было ў 1910 годзе. Дома ў Какуевых заўсёды былі госці, гучала музыка. Моладзь гуляла ў гарадкі ці лапту, а па вечарах спявала, дэкламавала вершы ці проста размаўляла ў садзе. Максім Багдановіч пачаў вельмі часта бываць у доме Какуевых, знайшоўшы там утульнасць, цеплыню, радасць, дружную кампанію равеснікаў і… каханне.

Вядучая 2: Ганна Какуева, сястра Рафаіла, была вельмі прыгожай дзяўчынай. Высокая стройная паненка з тонкім тварам, цёмна-карымі вачамі, з доўгімі цёмнымі валасамі. Як і ўсе ў сям`і Какуевых, яна многа чытала на рускай, французскай, нямецкай мовах. Любіла ездзіць вярхом на конях, вандраваць, іграць на піяніна. Гэта мілая, вясёлая дзяўчына зачаравала Максіма. Васямнаццацігадовы юнак марыў пра чыстыя і светлыя пачуцці, яго захаплялі цікавыя гаворкі з разумнай, дапытлівай, жыццярадаснай дзяўчынай.

Чытальнік 1:

Ўчора шчасце толькі глянула нясмела, –

I развеяліся хмары змрочных дум.

Сэрца чулае і млела, і балела,

Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.

 

Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея.

Кнігу разгарнуў – а не магу чытаць.

Як зрабілася, што пакахаў цябе я, –

Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?

                                     (“Учора шчасце толькі глянула нясмела…”)

Вядучая 1: Цяжкая хвароба на сухоты перашкаджала Максіму ўсур`ёз задумацца пра стварэнне сям`і. Але адмовіць сабе ў праве на каханне малады, прыгожы, рамантычны юнак не мог. Немагчыма забараніць сабе адчуць хваляванне душы ад гэтага ўзнёслага, чароўнага пачуцця, якое натхняе і дапамагае ствараць прыгожыя лірычныя вершы. Адзін з такіх твораў Максіма Багдановіча – вядомы раманс “Зорка Венера” хоць і не мае прамога прысвячэння, але лічыцца, што ён прысвечаны Ганне Какуевай.

/Відэа “БГАА. Зорка Венера”/

Вядучая 2: Какуевай Багдановіч прысвяціў цыкл “Мадонна”, паэму “Вераніка” і шмат іншых твораў. Пачуццё да дзяўчыны было настолькі глыбокае, што, здавалася, яно засланяла ўвесь свет. Ганна стала для яго ідэалам высокай красы, жаноцкасці, хараства. Перад ім была адна Ганна – сёння, заўтра, учора… Тая пара, калі паэт амаль штовечар праводзіў у доме Какуевых, была самай шчаслівай у яго жыцці.

Вядучая 1: Нажаль першае юнацкае каханне Максіма Багдановіча не мела шчаслівага завяршэння. Аня паступіла ў Пецярбургскую кансерваторыю і пасля гэтага прыязджала ў Яраслаўль толькі на канікулы летам. У 1914 годзе Ганна, пасля заканчэння кансерваторыі, выходзіць замуж за Івана Лілеева – аднакласніка Максіма. Ён адчуваў такі вынік, але сваёй тонкай душой ён не быў падрыхтаваны да гэтай навіны, якая горкім болем адгукнулася ў яго вершах. “Палын-трава. Вершы пра Аню. 1914-1915 гг.” – так хацеў назваць Максім зборнік вершаў, прысвечаных Ганне.

Чытальнік 2:

Мне доўгае расстанне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

Чаму ж нядобры час прынёс

Мне доўгае расстанне з Вамі?

Я пабляднеў ад горкіх слёз

І трыялет пачаў славамі:

Мне доўгае расстанне з Вамі

Чарней ад Вашых чорных кос.

                                             (“Трыялет”)

Вядучая 2: Максіму Багдановічу давялося перажыць і ўзаемныя пачуцці. У 1915 годзе падчас чарговай паездкі ў Крым ён пазнаёміўся з маладой армянкай Клавай Салтыковай. Успыхвае палкае каханне. Але на жаль яны не маглі быць разам, яна была замужняя. Гэта каханне таксама прынясло паэту вялікі смутак.

/урывак з дакум. фільма “Лабірынты. Каханне ў жыцці і творчасці Максіма Багдановіча”/

Вядучая 1: Было ў Багдановіча і яшчэ адно захапленне. Ён перапісваўся з дачкой пісьменніка Ядвігіна Ш., Вандай Лявіцкай, і захапіўся гэтай рамантычнай асобай. Яна таксама пісала вершы і моцна любіла Беларусь. Відаць з яе лістоў, у напісанне якіх дзяўчына ўкладала сваю душу, вымалёўваўся паэту прывабны вобраз. Магчыма, і фотакартку ён таму не прасіў, каб адразу не разбіваць свае ўяўленні. Тым больш, што ў хуткім часе Багдановіч збіраўся прыехаць у Мінск.

Вядучая 2: Скончыўшы ў 1916 годзе Яраслаўскі юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераязджае ў Мінск і ўладкоўваецца на службу ў губернскую харчовую камісію. Адначасова займаецца справамі бежанцаў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, удзельнічае ў рабоце гурткоў моладзі. І, нарэшце, сустракаецца з Вандай у маёнтку Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы, дзе яна з сяброўкай даглядала дзяцей-бежанцаў. Малады паэт спадабаўся Вандзе, а вось дзяўчыну Максім уяўляў сабе іншай. Адразу сказаць пра гэта Багдановіч не мог, не хацелася яе крыўдзіць. У той час Максіму Багдановічу было амаль 25 гадоў. Жыць яму заставалася зусім мала, каля сямі месяцаў.  

/Відэа “Максім Багдановіч. Жыў для Беларусі”/

Вядучая 1: У Максіма Багдановіча было шмат творчых планаў, ён хацеў выдаць шэраг паэтычных зборнікаў, але здзейсніць гэтыя намеры не змог. У канцы лютага 1917 года з-за абвастрэння хваробы ён пакінуў Мінск і зноў накіраваўся ў Крым. Блізілася трагічная развязка. Паэт пра гэта ведаў і яшчэ больш настойліва працаваў: думкі і пачуцці, якімі ён жыў, так і прасіліся на паперу.

Чытальнік 1:

Ўжо пара мне дадому збірацца, —

Вечар позны, а час не стаіць.

Ах, калі б ты магла здагадацца,

Як не хочацца мне ухадзіць.

 

Там, на вуліцы, ні сівер, ні бура,

Там адно толькі – мрок, самата.

Але як я маркотна, панура

Да свайго пацягнуся кута.

 

Думкі нудныя зноў закружацца.

Сэрца чулае зноў забаліць…

Ах, калі б ты магла здагадацца,

Як не хочацца мне ўхадзіць.

                                    (“Ўжо пара мне дадому збірацца…”)

Вядучая 2: Максім Багдановіч памірае мужна і з годнасцю: без нараканняў і скаргаў. На яго стале засталося неадпраўленае пісьмо да бацькі: “Добры дзень, стары верабей… Маладому вераб`ю дрэнна…”. Ён не адправіў яго, каб не прычыняць родным лішняга клопату. Такі ён быў чалавек.

Вядучая 1: 25 мая 1917 года Максім Багдановіч памірае ў поўнай адзіноце. Апелі яго ў саборы Аляксандра Неўскага. Пахавалі ў Ялце на гарадскіх могілках. Рабілі гэта чужыя людзі, удалечыні ад Беларусі, якая заўсёды была ў яго снах.

/урывак з дакум. фільма “Максим Богданович”/

Вядучая 2: Усяго дзесяць гадоў доўжылася дзейнасць таленавітага сына беларускай зямлі. Але творам, якія ён паспеў падарыць народу, выпаў зайздросны лёс: да яго неўміручых радкоў усё з большай сілай цягнуцца шчырыя сэрцы людскія. Імя паэта стала адным з самых дарагіх у памяці ўдзячных нашчадкаў.

Чытальнік 1:

Ты перамог сляпую смерць

І вучыш нас спяваць і верыць.

Жыцця закрыўшы сціпла дзверы,

Ты перамог сляпую смерць.

Нічым любоў к табе не змераць,

Бо здолеў свет сабой сагрэць.

Ты перамог сляпую смерць

І вучыш нас спяваць і верыць.

 

Ты клікаў светлую зару,

У край бацькоўскі закаханы.

Хоць смерць была наканавана –

Ты клікаў светлую зару.

І хоць пайшоў ад нас зарана,

Твае памкненні не памруць –

Ты клікаў светлую зару,

У край бацькоўскі закаханы.

                         (М. Пазнякоў “Трыялеты Максіму Багдановічу”)

Чытальнік 1: І застаўся ты ў нашых душах,

Хоць навекі знік у палях,

Вечна светлы і вечна дужы,

Вечна юны, як наша зямля. (У. Караткевіч “Багдановічу”)

склад.: гал. бібліятэкар АБМ Кумакова В.В.

 Літаратура:

  1. Багдановіч, Максім. Выбраныя творы / Максім Багдановіч ; уклад. С. Забродская, Э. Золава ; уступ. словы Н. Гілевіч, А. Бяляцкі. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1996 : іл.
  2. Гамзовіч, Рэгіна. Ракуцёўшчына: крыніца натхнення Максіма / Рэгіна Гамзовіч // Алеся. – 2011. — № 11. – С. 28-29.
  3. Герасімовіч, В. Незабыўны Максім Багдановіч : літаратурная вечарына, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння / В. Герасімовіч // Бібліятэка прапануе. – 2006. — № 5. – С. 13-15.
  4. Дзежыц, Г. І застаўся ты ў нашых душах… : сцэнарый паэтычна-музычнай гасцёўні, прысвечанай М. Багдановічу / Г. Дзежыц // Бібліятэка прапануе. – 2012. — № 11. – С. 16-22.
  5. Карзанава, Анжаліка. Дзіўная зорка Максіма Багдановіча : літаратурны вечар / Анжаліка Карзанава // Бібліятэка прапануе. – 2001. — № 4. – С. 12-15.
  6. Свістун, Г. “І не знікаць паэтам вечна” : літаратурны агеньчык да дня нараджэння М. Багдановіча / Г. Свістун // Роднай зямлі шматгалоссе / склад. : Л.І. Макаранка, В.А. Тамашова. – Мінск : Красіка-Прынт, 2014. – С. 4-7. – (Бібліятэка прапануе: кніжная серыя).
  7. Шорац, Ірына. Аня Какуева – першае каханне паэта / Ірына Шорац // Алеся. – 2011. — № 12. – С. 24-27.
  8. Шпак, Я. Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы навекі : літаратурна-музычны вечар па творчасці М. Багдановіча / Я. Шпак // Бібліятэка прапануе. – 2003. — № 5. – С. 14-17.
Метки: , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий