І сэрца, і песні — народу

20 студзеня — 125 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы

Колькі птахаў пявучых у родных лясах,

Колькі нот непаўторных у іх галасах,

Колькі тонаў, адценняў, ладоў, перабораў,

Столькі песень у сэрцы дзядзькі Рыгора.

                                                                         (Н. Гілевіч)

Рыгор Шырма — беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, музычны і грамадскі дзеяч. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. 

Прырода надзялiла Рыгора Раманавiча бездакорным слыхам i мастацкiм густам. Не верылася, што ён паходзiў з сялян — такой арыстакратычнай вытанчанасцю павявала ад яго асобы. Нарадзiўся Рыгор Шырма 20 студзеня 1892 г. у вёсцы Шакуны Пружанскага павета Гродзенскай губернi (цяпер Пружанскi раён Брэсцкай вобласцi). Беднае дзяцінства праходзіла ў працы і сялянскіх клопатах. У 1905 г. дванаццацігадовым хлопчыкам паступіў у Пружанскае гарадское вучылішча, потым была вучоба на Свянцянскіх настаўніцкіх курсах, на літаратурным факультэце ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (Польшча). Захапленне народнай беларускай песняй пачалося ў раннім дзяцінстве, а ў час вучобы і настаўніцкай працы пачаў запісваць народныя песні, паданні.

У 1922 годзе Рыгор Шырма вяртаецца на родную Пружаншчыну. І за ім, як турэмныя дзверы, зачынілася на доўгія гады дзяржаўная мяжа.

Адказны сакратар управы Таварыства беларускай мовы Рыгор Шырма не ведае стомы, ходзячы і ездзячы па вёсках Заходняй Беларусі з лекцыямі і дакладамі, будзіць народную свядомасць, не дае згаснуць веры, актывізуе волю да барацьбы з цемраю і прыгнётам.

Ён арганізуе ў Пружанах хор, запісвае народныя песні і заахвочвае да гэтай працы здольных людзей, наладжвае канцэрты. Хутка выступленні хору і імя яго кіраўніка становяцца вядомымі ва ўсёй Беларусі.

Шырока разгарнулася творчая дзейнасць Р. Шырмы пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Ён збіраў і апрацоўваў народныя песні, стаў дырыжорам і кіраўніком Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (з 1955 г. – Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР). У канцы 1940 г. калектыў з вялікім поспехам выступіў у Мінску, а ў 1941 г. – на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве. 

У 1944-1952 гг. Р. Шырма з харавым калектывам плённа працуе ў Гродна. Шмат сіл і энергіі аддаў дырыжор харавой капэле, якая з 1978 г. носіць яго імя. Творчая праца калектыву – гэта цэлая эпоха беларускага музычнага мастацтва.

Рыгор Шырма выдатна занатаваў багацейшую ў славянскім свеце песеннасць беларусаў, збярог яе ад забыцця і перадаў у мастацкую практыку. Па справядлівай  ацэнцы Н. Гілевіча, лепшым выданнем беларускіх народных песень з нотамі за ўсю гісторыю беларускай фалькларыстыкі стаў чатырохтомнік Шырмы “Беларускія народныя песні”. Гэта вынік амаль 70-гадовай збіральніцкай і творчай дзейнасці Шырмы.

Рыгор Раманавіч Шырма ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, балгарскім ордэнам Кірылы і Мяфодзія II ступені, медалямі.

Склад.: Кумакова В.В.

Літаратура:

  1. Кетрык, І.А. “Песня на ўсё жыццё” : да 125-годдзя з дня нараджэння Р. Шырмы : сцэнарый / І.А. Кетрык. — Пружаны, 2017. — 7 с.
  2. Шырма Рыгор Раманавіч [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://grodnolib2.by/html/Shyrma_Rygor_Ramanavich.html.php.

 

Метки: , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий