Доўгая дарога дадому

Літаратурны квэст,

прысвечаны 95-годдзю з дня нараджэння В. Быкава

(Удзельнікаў гульні сустракае супрацоўнік бібліятэкі, апрануты ў ваенную форму ў файе 1-га паверха)

Вяд. 1. Добры дзень, паважаныя сябры! Віншуем вас са святам – з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь! У гэты дзень мы аддаем даніну памяці і схіляемся перад патрыётамі, якія загінулі за свабоду Айчыны і ўшаноўваем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны за іх ратныя і працоўныя подзвігі. І сёння мы ўспомнім пісьменніка, які зведаў усе жахі вайны на сабе.

Васіль Быкаў – адзін з самых цікавых айчынных пісьменнікаў. Асаблівасцю яго твораў з’яўляецца тое, што ў іх намалявана вайна такой, якой яна і была – у пакутах і крыві. У гэтым годзе 19 чэрвеня споўнілася 95 год з дня нараджэння Васіля Быкава. Прапануем вам прайсці жыццёвымі і творчымі сцежкамі пісьменніка і паўдзельнічаць у літаратурным квэсце “Доўгая дарога дадому”. Вас чакае 4 квэст-тэрыторыі, на якіх вы павінны выканаць розныя заданні і атрымаць чырвоную зорку. Квэст-тэрыторыі можна праходзіць у любым парадку. Сабраўшы чатыры зоркі, вяртайцеся назад да мяне. Вас чакаюць прыемныя падарункі! Поспехаў вам!

1 квэст-тэрыторыя “На сцяжыне жыцця”.

(знаходзіцца на 1-ым паверсе на абанеменце)

(удзельнікаў гульні сустракае супрацоўнік бібліятэкі, апрануты ў ваенную форму)

Вяд. 2. Час стагоддзі, як касой, сцінае,

Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў…

Усё мінае — Гонар не мінае,

Бо народжаны адным сумленнем.

 

Калі сонца выб’ецца з туману,

Толькі іх і ўспомніць хор народаў,

Воінаў сваіх, святых і зраненых,

Рыцараў сумлення і свабоды.

                       У. Караткевіч “Васілю Быкаву”

Гэты верш Уладзімір Караткевіч прысвяціў Васілю Быкаву, лічачы яго сапраўдным рыцарам сумлення і свабоды.  І гэта сапраўды так. Васіль Быкаў заўсёды стараўся паступаць па сумленні, нягледзячы на цяжкасці свайго жыццёвага шляху. Зараз мы ўспомнім самыя яскравыя падзеі ў жыцці пісьменніка, якія паўплывалі на яго сталенне. Я буду задаваць пытанне і называць нумар. Калі вы не ведаеце адказ, то пашукайце ў кнізе пад названым нумарам на выставе (вядучая паказвае на выставу, дзе да некаторых кніг прымацаваны нумар).

  1. Дзе нарадзіўся пісьменнік? Нумар 5 (у вёcцы Бычкi Ушацкага раёна Віцебскай вобласці)
  2. Чым захапляўся Васіль Быкаў у дзяцінстве? Нумар 8 (чытaннe кнiг i мaлявaннe).
  3. Куды пасля 9 класаў паступіў Васіль Быкаў? Нумар 2 (нa мacтaкoўcкae aддзялeннe Вiцeбcкaгa мacтaцкaгa вyчылiшчa).
  4. Чаму Васіль Быкаў не закончыў вучылішча і быў вымушаны дaвyчвaццa ў cяpэдняй шкoлe? Нумар 1 (aдмянiлi cтыпeндыi).
  5. Чаму будучы пісьменнік перад caмaй вaйнoй aпынyўcя нa Укpaiнe? Нумар 4 (ён збipaўcя пacтyпaць y iндycтpыяльны iнcтытyт y г. Шocткa Сyмcкaй вoблacцi).
  6. У які батальён быў мaбiлiзaвaны Васіль Быкаў, калі пачалася вайна? Нумар 7 (у iнжынepны).
  7. Якія краіны з дзeючaй apмiяй пpaйшoў Быкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны? Нумар 9 (Рyмынiю, Бaлгapыю, Вeнгpыю, Югacлaвiю, Аўcтpыю).
  8. Кім спачатку пасля заканчэння вайны працаваў Быкаў? Нумар 3 (мacтaкoм y гpoдзeнcкix мaйcтэpняx)
  9. У якім часопісе было надрукавана адно з першых апавяданняў Васіля Быкава “Дапякло”? Нумар 6 ( у чacoпice “Вoжык”).
  10. Якая аповесць прынесла пісьменніку заслужанае прызнанне? Яго, нарэшце, заўважылі. Нумар 10 (аповесць “Жураўліны крык”).

Вось мы і прайшлі разам з вамі па сцяжынках жыцця пісьменніка. Вы добра адказвалі. Трымайце чырвоную зорку (вядучая аддае ўдзельнікам гульні зорку). Спяшайцеся за наступнымі. Лёгкай вам дарогі!

2 квэст-тэрыторыя “Вайна — гэта знак бяды”.

(знаходзіцца ў файе 2-га паверха)

(удзельнікаў гульні сустракае супрацоўнік бібліятэкі, апрануты ў ваенную форму)

Вяд. 3. Вайна — гэта знак бяды,

Яе немагчыма забыць.

А мёртвым не трэба вады,

А мёртвым ужо не баліць.

 

Праз порах і дым вайны,

Праз пасткі

I праз вышыні

Ішлі батальёна сыны

I воўчую зграю крушылі.

 

Абеліскі вітаюць зару,

Жураўліныя крыкі ачнуцца…

Праз Альпы у Беларусь

Пайсці, дажыць і вярнуцца.   С. Чыгрын “Васілю Быкаву”

Адметная рыса твораў Васіля Быкава — праўда жыцця. I якая балючая і шчымлівая яна б ні была , ад яе нікуды не дзенешся. У яго творах заўсёды пaўcтae пepaд чытaчoм пpaўдзiвae aдлюcтpaвaннe вaйны. Зараз мы з вамі ўспомнім самыя яскравыя ваенныя творы пісьменніка. Вам патрэбна пазнаць твор па ўрыўку. Я зачытаю вам урывак і дам тры варыянта адказу. Выберыце правільную назву.

  1. – Сталін карашо?

– Ну, ведаеце… Мы людзі простыя… Каму карашо, каму не надта… — паспрабаваў выкруціцца Пятрок, падумаўшы пры сабе: каб цябе маланка забіла, чаго ты да мяне вяжашся?

Позірку, аднак, ён не адрываў ад афіцэра, апасліва стараючыся зразумець, што будзе далей, якая спасцігне яго кара.

У цёмных вачах афіцэра бліснула гняўлівая строгасць, хоць цвёрды чарнявы твар заставаўся ранейшы — спакойна-няўрымслівы, але рука пацягнулася на жывот, дзе злева ад спражкі грувасцілася тоўстая скураная кабура. Рука гэта з блішчастым вузкім пярсцёнкам на пальцы нетаропка расшпіліла язычок кабуры і ашчаперыла чорную рукаяць пісталета з тонкім даўгаватым ствалом.

«Ну, усё! — паныла падумаў Пятрок. — Як жа недарэчна, аднак… Каб хоць сказаць што Сцепанідзе…»

З ранейшаю неспяшлівасцю немец апусціў руку, другой дужа тузануў пісталет, у якім нешта касцяна шчоўкнула, і рука пачала паднімацца ўгору, паўз Петрака. «Зараз паверне!» — падумаў Пятрок і ўжо склаў пальцы, каб перахрысціцца напаследак, як ствол на секунду знерухомеў і ў хаце грымотна бабахнула.

Петрака аж хіснула ад страху, вакол засмярдзела порахам, і сіні смярдзючы дымок ціха паплыў да акна.

У сцяне на сярэдзіне здымка чарнелася круглая дзірачка…”.

-“Альпійская балада”;

-“Знак бяды”;

-“У тумане”.

  1. “Ён стараўся быць абыякавы да яе; калі б яна адстала зусім, мабыць, уздыхнуў бы з палёгкай, але ўсё ж пакуль яна была тут, паблізу, не мог пакінуць або прагнаць яе і пайсці адзін. Ён толькі думаў: і адкуль яе, на ліха, прыбіла да яго! Глядзі ты – вырвалася з завода, дагнала, ужо нашто ён хутка шыбаваў, а вось не адстала ж. Хоць ён нямала часу патраціў на сабак, добра яшчэ, што прамарудзілі, не наляцелі на той раўчук немцы. Дожджык тым часам усё гусцеў, усё шчыльней ахутваў лясістыя горы цёплы туман – гэта радавала яго, так лягчэй было зашыцца ў лесе, схаваць свой след ад сабак, як мага далей адысці ад горада…”.

-“Ваўчыная яма”;

-“Кар’ер”;

-“Альпійская балада”.

  1. “Так, лютая была вайна. Смяртэльная бітва з найвялікшаю няпраўдай і несправядлівасцю, якія калі-небудзь нараджала зямля. Гэтая барацьба ўзяла ў чалавецтва безліч ахвяр і іхняй крывёю напісала ўрокі, якія немагчыма забыць. Найпершы з іх, мусіць, заключаецца ў тым, што воля і мір – занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям’і. Занядбанне гэтым урокам каштавала б зямной катастрофы…”.

-«Мёртвым не баліць»;

-«Сцюжа»;

-«Пастка».

  1. “Неўпрыцям ён ужо стаў спакайнець, адыходзіць ад крыўды на Вайцяшонка. Можа, і сапраўды той меў рацыю. Невядома, як бы на яго месцы зрабіў Азевіч, але на сваім іншага шляху ён выбраць не мог. Прыстаць да немцаў яму было неяк. Па-першае, не прымуць, усё ж райкомаўскі служачы, бальшавік, па-другое, пабываў ужо ў лесе. У атрадзе Віткоўскага. Пра ўсё тое, напэўна ж, яны ведаюць — перабежчыкі праінфармавалі. Цяпер не дай Бог яму трапіць да паліцаяў ці да немцаў — літасці не будзе. I ў каторы раз ён пачаў думаць, што найлепш было б перабрацца да сваіх, трапіць на фронт.

Толькі дзе той фронт? Як дайсці да яго?..”.

-«У тумане»;

-«Яго батальён»;

-«Сцюжа».

  1. “Сярод ночы Зоська прачнулася, як-колечы прыгрэўшыся ў сене за цёплай мужчынскай спіной, якая адразу напомніла ёй пра ўсё, што з ёй здарылася. Каб не парушыць мернае дыханне Антона, яна кончыкамі пальцаў ціхенька дакранулася да яго крутога пляча і ўсміхнулася сама сабе ў цемры. Гэта ж трэба такому здарыцца! Выпраўлялася адна, перажывала, баялася розных прывідаў у балоце і не марыла спаткаць тут таго самага, хто, здаецца, ужо запаліў у ёй маленькую іскрынку дзявочай цікаўнасці да сябе. Чамусьці ёй дужа спадабалася нечаканае яго прызнанне, што ён затрывожыўся пра яе, як дазнаўся, што яна ідзе на заданне. Усё ж гэта прыемна, калі за цябе нехта трывожыцца, перажывае і нават гатовы памагчы. Тут, напэўна, ужо не проста таварыскасць і не сяброўства нават, а, мабыць, і нешта большае. Можа, нават каханне… Усё ж ён слаўны, гэты Антон Галубін, а яна ўжо і кінула думаць аб ім, клопаты з гэтым заданнем выціснулі ўсе іншыя думкі, і яна гатова была пагадзіцца з тым, што болей яго не ўбачыць. I вось ён з’явіўся ў цяжкую для яе хвіліну і прынёс з сабой радасць…”.

-«Аблава»;

-«Пайсці і не вярнуцца»;

-«Пакахай мяне, салдацік».

Малайцы! Творы Васіля Быкава ведаеце. Трымайце зорку (вядучая аддае ўдзельнікам гульні чырвоную зорку). Нескладаных заданняў вам!

3 квэст-тэрыторыя “Салдацкі лёс”.

(знаходзіцца на 2-гім паверсе ў чытальнай зале)

(удзельнікаў гульні сустракае супрацоўнік бібліятэкі, апрануты ў ваенную форму)

Вяд. 4. Злосна сказаў: “Уставай, пяхота!

Мы не на пляжы, а на вайне”.

І лёг на змяіныя скруткі дроту.

І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў

Прайшлі па яго спіне.

 

Не ён, а другія ішлі ў атаку,

Гранаты кідалі ў бліндажы,

Калолі фрыцаў, палілі танкі

І сцяг перамогі ўзнімалі ранкам

На заваёваным рубяжы.

 

А ён свае косці з іржавых калючак

Сваімі рукамі без стогну аддзёр,

Зваліўся на травы, і стала балюча

І травам, і росам, і ветрам гаючым,

Што прыляцелі з валдайскіх азёр.

                          П. Панчанка “Герой”

Васіля Быкава заўсёды вабіла чалавечае высакародства. Людская подласць ашаламляла яго, шакіравала, бо ён добра разумеў яе згубнасць.

Пытанне выбару заўсёды стаяла і стаіць перад чалавекам, нават у яго штодзённым жыцці, а тым больш у часы лёсавызначальныя, у гады вайны, калі яно яднаецца з праблемай адказнасці чалавека за ўласныя ўчынкі перад самім сабой і перад грамадствам.

Які ж выбар робяць героі твораў Васіля Быкава? Вам трэба ўспомніць ці здагадацца, паглядзеўшы ўрыўкі з фільмаў.

  1. Урывак з фільма “Восхождение” (Сотнікаў на допыце)

Зараз вы ўбачылі ўрывак з фільма “Восхождение” — экранізацыя аповесці Васіля Быкава “Сотнікаў”. Так што адказаў партызан Сотнікаў нямецкаму следчаму? Здрадзіў ці не? (удзельнікі гульнікі адказваюць) Пабачым, правы вы ці не.

/ урывак з фільма “Восхождение” (адказ Сотнікава) /

  1. Урывак з фільма “Восхождение” (следчы прапануе Рыбаку стаць паліцаем)

Другі герой аповесці “Сотнікаў” Рыбак таксама быў схоплены паліцаямі разам з Сотнікавым. Што ён адказвае на прапанову следчага? (удзельнікі гульнікі адказваюць) Пабачым.

/ урывак з фільма “Восхождение” (адказ Рыбака) /

  1. Наступны ўрывак з фільма па аповесці “Жураўліны крык”, у якой паказана, як невялікая група байцоў цаною ўласнага жыцця забяспечвае адыход нашых войскаў. Гэты адказны момант дапамог з розных бакоў раскрыцца кожнаму з іх.

 / урывак з фільма “Долгие вёрсты войны” (1 серыя: “Журавлиный крик”) (Аўсееў прапаноўвае Глечыку бегчы разам) /

Алік Аўсееў не вытрымаў выпрабавання боем і вырашыў уцячы. Ці згаджаецца Глечык бегчы з ім? (удзельнікі гульнікі адказваюць)

Глечык адмовіўся. Тады Аўсееў выcкaчыў з aкoпa i pвaнyў пpaз пoлe. Глeчык нe мoг дaзвoлiць ямy гэтaгa і cтpэлiў.

  1. Склaдaны лёc чaлaвeкa вa ўмoвax фaшыcцкaй aкyпaцыi дacлeдyeццa пicьмeннiкaм у aпoвecцi “У тyмaнe”. Пacля aвapыi нa чыгyнцы нeмцы apыштaвaлi пyцeйцaў, якiя paзвiнцiлi pэйкi. І аднаму з іх, Сушчэні, прапаноўваюць супрацоўнічаць.

/ урывак з фільма “В тумане” (2012 г.) (Сушчэні немецкі афіцэр прапаноўвае супрацоўнічаць) /

Што адказвае Сушчэня? (удзельнікі гульнікі адказваюць) Паглядзім.

/ урывак з фільма “В тумане” (2012 г.) (Сушчэня адмаўляецца) /

Сyшчэню, якi нe зaxaцeў cyпpaцoўнiчaць з вopaгaм, aдпycцiлi. Адпycцiлi, yзвёўшы пaклёп, быццaм тoй выдaў cвaix cябpoў. Жыццё для яго cтpaчвae cэнc, бo плямa клaдзeццa нa cям’ю i paдню. У канцы аповесці ён гіне.

  1. У аповесці “Пастка” роце аўтаматчыкаў пастаўлена задача ўзяць вышыню. Камандзір аднаго з узводаў, малады лейтэнант Клімчанка, паранены падчас атакі і трапляе ў палон. Чарноў, які працуе на немцаў, беспаспяхова спрабуе схіліць яго да здрады — звярнуцца да байцоў свайго ўзвода праз гучнагаварыцель з заклікам здавацца ў палон. Клімчанка адмаўляецца, тады Чарноў распрацоўвае план правакацыі. Узяўшы спіс байцоў з палявой сумкі лейтэнанта, Чарноў звяртаецца да іх ад яго імя і затым адпускае яго да сваіх.

/ урывак з фільма “Западня” (Клімчанка вяртаецца да сваіх) /

Як вы лічыце, паверыў у невінаватасць Клімчанкі яго камандзір? (удзельнікі гульнікі адказваюць)

Камандзір роты, паверыўшы лейтэнанту, не дае асабісту арыштаваць яго і адпраўляе да свайго ўзвода камандаваць новай атакай.

На гэтым ваша выпрабаванне завершана, трымайце зорку (вядучая аддае ўдзельнікам гульні чырвоную зорку). Рухайцеся толькі наперад!

4 квэст-тэрыторыя “Пакахай мяне, салдацік”.

(знаходзіцца на лесвічным пралёце)

(удзельнікаў гульні сустракае супрацоўнік бібліятэкі, апрануты ў ваенную форму)

Вяд. 5. Начное неба ў задуменні

Ўладанні ціха аглядае,

А месячык-пляткар

Зямны аповед яму бае:

— Там, на зямлі,

Ужо многа год

Дзяўчына-краля

У гэты час

Святочную сукенку апранае,

Выходзіць, зноў цябе вітае.

Зноў зорачку сваю шукае,

Каханага свайго чакае…

Няма нідзе… Усё маўчыць…

І ветрык затаіў дыханне.

Зямля не спіць — і ёй баліць…

Зноў вайна нясе расстанне…

                            Валянціна Грыб “Начное неба ў задуменні…”

Васіль Быкаў – пісьменнік, шматгранная творчасць якога не пазбаўлена рамантычнай плыні. У напісаных у розныя гады аповесцях “Альпійская балада”, “Пайсці і не вярнуцца”, “Пакахай мяне, салдацік”, “Трэцяя ракета” выявілася няспынная моц кахання, кахання рознага, часам – узнёслага, стваральнага, часам – нізкага і руйнуючага.

Зараз паспрабуйце ўспомніць гэтыя аповесці і адгадаць крыжаванку.

(удзельнікі гульні адгадваюць крыжаванку)

  1. Як звалі галоўнага героя аповесці “Альпійская балада”? (Іван) 
  2. Як звалі галоўнага героя аповесці “Пайсці і не вярнуцца”? (Антон)
  3. Якое вучонае званне было ў гаспадара Франі з аповесці “Пакахай мяне, салдацік”? (прафесар)
  4. Кім служыла Люся з аповесці “Трэцяя ракета”? (санітарка)
  5. Як звалі галоўную гераіню аповесці “Альпійская балада”? (Джулія)
  6. Якой нацыянальнасці была галоўная гераіня аповесці “Альпійская балада”? (італьянка)
  7. Назавіце прозвішча галоўнага героя аповесці “Пакахай мяне, салдацік”? (Барэйка)
  8. Куды заганяюць уцекачоў з аповесці “Альпійская балада” немцы? (абрыў)
  9. Кім была Зося Нарэйка з аповесці “Пайсці і не вярнуцца”? (партызанка)
  10. Як звалі галоўную гераіню аповесці “Пакахай мяне, салдацік”? (Франя)
  11. У якой краіне адбываецца дзеянне аповесці “Альпійская балада”? (Аўстрыя)

Добра, разгадалі вы нашу крыжаванку. Ваша ўзнагарода (вядучая аддае ўдзельнікам гульні чырвоную зорку). Прыемнай дарогі!

(Сабраўшы ўсе чатыры зоркі, удзельнікі гульні вяртаюцца да вядучай 1 і атрымліваюць прыемныя падарункі)

Вяд. 1. Вось і завяршылася ваша доўгая дарога дадому! Дзякуй вам за ўдзел! Чытайце кнігі Васіля Быкава – рыцара сумлення і свабоды! У сваіх творах ён заўсёды імкнуўся, каб чытачы ярка ўявілі трагізм ваенных падзей, сведкам якіх ён быў, адчулі боль стратаў, бязлітаснасць і тугу смерці.

I ява iсная, i цуд!..

Ён недзе тут. Ну так, ён недзе тут.

Ён побач, поплеч ён,

ён з намi —

знаёмымi, сябрамi i сынамi.

З Iрынаю сваёй, сваёй краiнай,

па-летняму то светлай, то журлiвай.

 

Вы кажаце пра той апошнi шлях,

пра тыя смутак, роспач, боль i жах.

Вы кажаце: вяртаўся ён дадому,

дадому нёс свае любоў i стому.

Ды, кажаце, сустрэў яго не дом,

а дол яго прыняў, халодны дол.

 

Вы кажаце: вяртаюцца здалёку,

ды не вяртаюцца зглыбоку-змроку.

Ды ён не там, дзе змрок, дзе тлен i тло.

Ён тут, дзе дух жывы, дзе рух i дзе святло.

 

Не, ён не там, ён недзе тут, ён з намi.

Такi, якiм яго мы зналi,

якiм яго мы бачылi i чулi,

якога не ўзялi асколкi, кулi,

агонь пякельны i сыры акоп.

А потым — шальмаваннi i паклёп.

 

Ён тут. Хаця яшчэ ў сорак чацвёртым

яго ўжо абвяшчалi мёртвым.

Ды ён ажыў. I ўваскрашаў другiх

вадою жыватворнай сваiх кнiг.

 

Не, ён не там, ён тут,

ён з намi.

Такi ж, якiм яго мы зналi, —

суровы i прыветны, ветлы,

пахмурны, змрочны ды i светлы,

ласкавы i патрабавальны,

зацяты i ўседаравальны…

 

Не, ён не там, ён тут,

ён недзе тут.

Як — адначасна — з’явiшча i цуд.

Я вам кажу, што тут ён недзе,

на гэтым свеце i ў гэтым леце,

на беразе жывой ракi…

Цяпер, заўсёды i на ўсе вякi.

 

Ён недзе тут…

I хай свяцiцца iмя яго!

Анатоль Вярцінскі “Ён недзе тут…”

Складальнік: намеснік дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.

Крыніцы.

  1. Быкаў, Васіль Аповесці. Апавяданні : для старэйшага школьнага ўзросту / Васіль Быкаў ; прадм. Дз. Бугаёва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 285 с. – (Бібліятэка школьніка).
  2. Быкаў, Васіль Пайсці і не вярнуцца : аповесці / Васіль Быкаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. – 264 с.
  3. Быкаў, Васіль Салдацкі лёс : аповесці, апавяданні / Васіль Быкаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2014. – 304 с. : іл.
  4. Вaciль Быкaў : [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://karotkizmest.by.
  5. Васіль Быкаў : [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://be-tarask.wikipedia.org.
  6. Вярцінскі, Анатоль Ён недзе тут… : верш : [Электронны рэсурс] / Анатоль Вярцінскі. — Рэжым доступу : http://www.bykau.info.
  7. Грыб, Валянціна Начное неба ў задуменні… : верш : [Электронный рэсурс] / Валянціна Грыб. – Рэжым доступу : http://sledvainy.ru.
  8. Кулікоўская, Т.І. Мужнасць таленту : сцэнарый школьнай вечарыны, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава : [Электронны рэсурс] / Т.І. Кулікоўская. – Рэжым доступу : http://xn--80azkbz6b.xn--80ahe1ag.xn--90ais.
  9. Панчанка, Пімен Герой : верш : [Электронны рэсурс] / Пімен Панчанка. – Рэжым доступу : http://sledvainy.ru.
  10. Сустрэліся мы… : ваеннае каханне вачамі Васіля Быкава : [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу : http://www.vlib.by.
  11. Томашева, О.А. Право выбора на войне : литературный час к 45-летию выхода в свет книги Василия Быкова “Сотников” / О.А. Томашева // И у книг бывают юбилеи / ред.-сост. О.А. Томашева. – Минск : Красико-Принт, 2014. – С. 107 – 110. – (Библиотека предлагает).

Метки: , , , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий

Войти с помощью: