15 лютага ў Шарашоўскай гарпасялковай бібліятэцы прайшла праваслаўная краязнаўчая гадзіна «Святар мястэчка Шарашова». Адна з вуліц пасёлка носіць імя Міхаіла Баброўскага. А што ведаюць нашы жыхары пра слаўнага сына Беларусі? Святар, тэолаг, вучоны-славіст (дасканала ведаў 17 моў), арыенталіст, філосаф, прафесар Віленскага ўніверсітэта — гэта далёка не ўвесь пералік званняў Баброўскага. У многім Баброўскі быў першапраходцам: ён першы пачаў вывучаць творчасць Скарыны, першы адкрыў Супрасльскі рукапіс (які сведчыў аб існаванні ў Беларусі летапісання яшчэ ў XI ст.), першым паспрабаваў сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю.
Адны прадказвалі яму кар’еру біскупа, іншыя — акадэміка, але ён выбраў служэнне свайму народу. Апошнія 15 год свайго жыцця Баброўскі служыў у Шарашоўскім прыходзе — самым вялікім і багатым у той час. Памёр раптоўна ад халеры на 64-м годзе жыцця. Пахаваны ў Шарашове на праваслаўных могілках справа ад алтара капліцы.
Фасевіч Вольга Уладзіміраўна (бібліятэкар Шарашоўскай ГпБ)