Пружанскай дзіцячай бібліятэцы прысвоена імя Алены Лось

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага выканаўчага камітэта 18 снежня мінулага года прыняў пастанову “Аб прысваенні Пружанскай дзіцячай бібліятэцы імя Алены Лось”.

Алена Георгіеўна Лось – старэйшы беларускі графік, найбольш вядома як мастак-ілюстратар дзіцячай кнігі. Яна прымала ўдзел больш як у 50-ці рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставах кніжнай графікі і тэматычных выставах, якія ладзіліся ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Японіі, Егіпце і іншых краінах. Узнагароджана дыпломамі і медалём Францыска Скарыны (1974, 1984, 2003), медалём імя Васіля Віткі часопіса “Вясёлка” (1988), медалём Беларускага Саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (2000), дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў за лепшае афармленне кнігі.

Яе творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (г. Мінск), літаратурных музеях Я. Купалы і Я. Коласа (г. Мінск), Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі (г. Масква), мемарыяльным музеі А. Пушкіна (г. Масква), у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” (г. Пружаны), у фондах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, а таксама ў прыватных калекцыях.

Дзіцячыя і юнацкія гады Алены Лось прайшлі на Пружаншчыне: у вёсках Лыскава, Магілёўцы і пасёлку Ружаны.

Дзімітруковіч Вольга Фёдараўна (загадчыца Раённай дзіцячай бібліятэцы)

Метки: , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий