Першы класік

4 лютага — 210 год з дня нараджэння заснавальніка нацыянальнай драматургіі і тэатра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч нарадзіўся 4 лютага 1808 г. у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні ў шляхецкай сям’і. 

Род меў свой герб — «Лебедзь», карыстаўся ўсімі шляхецкімі правамі. Але бацькі Вінцэнта ўласнай зямлі ўжо не мелі і арандавалі фальварак Панюшкавічы. 

Пра юнацкія гады Вінцэнта дакументальна пацверджаных дадзеных мала. Ён рана застаўся без бацькі. Лічылася, што ў 1824 г. скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, але ёсць звесткі, што ўжо ў 1819 г. Вінцэнт быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург на папячэнне С. Богуша-Сестранцэвіча, чалавека вельмі адукаванага, вучонага-славіста, літаратара, члена Расійскай акадэміі навук, які сам займаўся яго выхаваннем. 

З сярэдзіны 1820-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч жыў у Мінску, быў на дзяржаўнай службе: памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда, служачым палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у каталіцкай духоўнай кансісторыі, меў пасаду пры дваранскім сходзе.

У 1831 г. узяў шлюб з дачкой адваката Юзэфай Бараноўскай, з якой яны мелі семярых дзяцей. У 1840 г. набыў невялікі маёнтак Люцынка ў Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер вёска Малая Люцінка ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці) і пасяліўся там, пакінуўшы дзяржаўную службу.

Ёсць звесткі, што ў пачатку 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч некаторы час служыў аканомам у маёнтку Шчаўры ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. Пазней паколькі ён меў досвед працы з юрыдычнымі дакументамі, ездзіў па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў якасці даверанай асобы сваіх кліентаў, займаючыся вырашэннем іх спраў. Шмат часу праводзіў у Мінску, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і літаратурным жыцці.

У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Першыя творы напісаны на польскай мове. Ім былі створаны тэксты да аперэт «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», а таксама «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (у 1841 г. пастаўлена ў Мінску аматарскім гуртком), дзе была ўзнята тэма рэкрутчыны, як перашкоды ў шчаслівым уладкаванні жыцця яўрэйскай сям’і. Тэксты і партытуры гэтых твораў да нашага часу не захаваліся (за выключэннем адной арыі з аперэты «Рэкруцкі яўрэйскі набор»). Музыку да іх напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка. Удзел у стварэнні музыкі прымаў і сам пісьменнік, часам пры пастаноўцы п’ес выступаў як акцёр (напрыклад, выканаў ролю старога яўрэя ў аперэце «Рэкруцкі яўрэйскі набор»).

З сярэдзіны 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пачынае супрацоўніцтва з выдаўцамі. У 1846 г. у Вільні асобным выданнем выйшла лібрэта музычна-драматычнага твора — оперы «Сялянка» (пазней з’явілася іншая назва — «Ідылія»). Музыку да яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі з удзелам самога В. Дуніна-Марцінкевіча. Калі паны тут гавораць па-польску, то персанажы-сяляне — упершыню ў літаратурным творы — па-беларуску. Польскі вершаваны тэкст у свой час пераклаў на беларускую мову Янка Купала, празаічны — Язэп Лёсік. У «Ідыліі» В. Дунін-Марцінкевіч высмейваў фанабэрыстасць шляхты, сляпое захапленне ўсім французскім і адначасова ствараў вобраз добрага пана, які праз каханне да сялянскай дзяўчыны (тая ў рэшце рэшт аказалася ўсё ж пераапранутай паненкай) палюбіў сялян і хоча, каб і яны яго любілі. Такая ідэалізацыя рэальнага жыцця тым не менш не перашкодзіла паказаць у п’есе характэрныя народныя тыпажы. 

У 1850-я гг. В. Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Мінску. У 1854 г. памерла жонка пісьменніка. Пазней ён узяў шлюб з Марыяй Грушэўскай. Літаратар часта бываў у Вільні, дзе сустракаўся з многімі дзеячамі культуры і навукі. У 1854 г. ажыццявіў паездку на Палессе. Некалькі разоў наведваў Шчаўры. Меў ён шырокія кантакты і з мінскай інтэлігенцыяй: паэтамі, музыкантамі, мастакамі, выдаўцамі.

У гэты перыяд упершыню ў Мінску выйшлі з друку яго паэтычныя зборнікі: «Гапон» (1855 г.), «Вечарніцы і Апантаны» (1855 г.), «Цікавішся? Прачытай!» (1856 г.), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857 г.). У выданні ўвайшлі прысвечаныя жыццю сялян вершаваныя аповесці і апавяданні, напісаныя не толькі па-польску, але і па-беларуску. 

У 1857 г. В. Дуніным-Марцінкевічам напісаны беларуская балада «Травіца брат-сястрыца», дзе аўтар чарговы раз выкарыстаў фальклорны сюжэт, і «Быліцы, расказы Навума», што складаюцца з вершаваных аповесцяў «Злая жонка», у якой асуджаюцца амаральнасць і распуста, і «Халімон на каранацыі», прысвечанай апісанню святкавання з нагоды ўступлення на царскі пасад Аляксандра II, які абяцаў дараваць народу доўгачаканыя «свабоды». Гэтыя творы былі апублікаваны толькі ў сярэдзіне XX ст. у савецкіх часопісах «Беларусь» і «Полымя».

У другой палове 1850-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму польскага паэта беларускага паходжання Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — эпапею, у якой намалявана шырокая карціна жыцця Беларусі пачатку XIX ст. Гэта быў першы ў свеце пераклад славутага твора на іншую славянскую мову. 

У 1861 г. у Вільні асобным выданнем на польскай мове выйшла вершаванае гістарычнае апавяданне «Люцынка, або Шведы на Літве» (напісана ў 1857 г.), дзе паэтызаваліся мужнасць і гераізм продкаў сучасных беларусаў у барацьбе з захопнікамі. Гэта апошняя кніга В. Дуніна-Марцінкевіча, выдадзеная пры яго жыцці.

В. Дуніну-Марцінкевічу былі блізкія погляды шляхецкіх рэвалюцыянераў пачатку 1860-х гг. У 1861 г. разам з У. Сыракомлем ён ездзіў у Варшаву, па дарозе ў розных населеных пунктах выступаў з патрыятычнымі прамовамі. Дзейнасцю пісьменніка зацікавілася паліцыя, аднойчы паліцэйскія ўлады нават выслалі яго з г. Коўна. У патрыятычным і дэмакратычным духу В. Дунін-Марцінкевіч выхоўваў сваіх дзяцей. Пісьменнік і яго сям’я мелі дачыненне да нацыянальна-вызваленчага руху, падтрымлівалі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Як пазней адзначалася ў заключэнні Часовага палявога аўдытарыята — карнага органа, які здзяйсняў расправу над паўстанцамі, «…Марцинкевич виновен в том, что он воспитывал семейство свое не в духе преданности правительству, вследствие чего и сам не может считаться вполне благонадежным в политическом отношении».

Улады падазравалі В. Дуніна-Марцінкевіча ў аўтарстве антыўрадавых выданняў, у прыватнасці агітацыйнай брашуры «Гутарка старога дзеда», дзе выкрываліся царскія парадкі, гучалі заклікі да сялян падтрымаць вызваленчы рух. У 1864 г. ён быў арыштаваны, больш як год прабыў у мінскім турэмным замку. Хоць галоўных абвінавачванняў даказаць не змаглі, на В. Дуніна-Марцінкевіча і яго сям’ю быў накладзены вялікі штраф, маёмасць часткова секвестравана (абмежавана права карыстання), яму самому прадпісвалася жыць, не выязджаючы з Люцынкі, пад наглядам паліцыі. Дачку пісьменніка Камілу на 10 гадоў выслалі на Урал, у г. Салікамск.

Апошнія дзесяцігоддзі жыцця В. Дуніна-Марцінкевіча (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х гг.) прайшлі ў Люцынцы. Жыў ён у той час адасоблена, толькі зрэдку прыязджаў у Мінск. У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч шмат пісаў, але ўсе спробы пісьменніка надрукаваць свае творы заканчваліся няўдачай. У 1866 г. ім была напісана на беларускай мове камедыя (ці, як вызначаў яе жанр сам пісьменнік, фарс-вадэвіль) «Пінская шляхта». Яна лічыцца лепшым з твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай п’есе высмейваюцца фанабэрыя і адначасова страх перад уладамі дробнай шляхты. 

У 1868 г. В. Дуніным-Марцінкевічам створана польскамоўная паэма «З-над Іслачы, або Лекі на сон» (аўтар назваў яе «апавяданнем Навума Прыгаворкі»), дзе ідылічнаму ладу старасвецкіх шляхецкіх засценкаў, які адыходзіць, супрацьпастаўляецца новая рэчаіснасць з яе цынізмам і прагай нажывы. Упершыню гэты твор быў надрукаваны толькі ў 1984 г., ужо ў перакладзе на беларускую мову. 

Па-беларуску і па-польску гаварылі персанажы сатырычнай камедыі «Залёты», якая выйшла з-пад пяра В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1870 г. У гэтым творы далейшае развіццё атрымала тэма спажывецтва і беспрынцыпнасці, уласцівых надыходзячаму капіталізму. Польскі тэкст на беларускую мову ў пачатку XX ст. пераклаў Янка Купала, у 1915 г. «Залёты» былі пастаўлены ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. А першая публікацыя гэтай п’есы адбылася ў газеце «Вольная Беларусь» у 1918 г.

У 1876 г. быў узноўлены (на гэты раз сакрэтна) нядаўна зняты нагляд паліцыі над пісьменнікам. Падставай паслужыў той факт, што ў сярэдзіне 1870-х гг. у Люцынцы без афіцыйнага дазволу дзейнічала невялікая прыватная школа, дзе навучала навакольных дзяцей дачка пісьменніка Цэзарына.

У гэты час, як успамінаў адзін з колішніх вучняў школы вядомы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., гаспадар фальварка шмат пісаў і захоўваў свае рукапісы ў вялікім куфры. Але большая частка напісанага не захавалася.

Памёр В. Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 г. Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі.

Кумакова В.В.

Кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча чакаюць Вас, паважаныя чытачы, у бібліятэках горада

Крыніцы.

  1. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: асоба і творчасць : [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу : http://archives.gov.by.

  2. Жыве паміж намі дудар наш : літаратурная гадзіна // Роднае слова. – 2008. — № 5. – С. 20.

  3. Першы класік : матэрыял да гутаркі //Беларуская думка. – 2008. — № 2. – С. 70.
  4. Разумнікі і разумніцы : гульня па творчасці Дуніна-Марцінкевіча, К. Каліноўскага і Я. Баршчэўскага // Роднае слова. – 2003. – № 10. – С. 84.

 

Метки: , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий