Інтэлектуальна-пазнавальная гульня
/ відэазастаўка “Пружанскі край” /
Вяд. Пружанская зямля… Узнімаюцца над ёй стройныя сосны, іх вяршыні купаюцца ў залатых промнях сонца, кукуе старадаўняя зязюля, напамінаючы аб вечнасці жыцця і неўміручнасці зямлі, аб сувязі часоў і пакаленняў. Гістарычнае мінулае нашай пружанскай зямлі багата і невычэрпна. І сёння мы ўспомнім некаторыя старонкі з гэтага мінулага. Мы правядзем інтэлектуальна-пазнавальную гульню, якая называецца “Мінуўшчына ў госці прыходзіць…”. За званне лепшага знаўца роднага краю будуць спаборнічаць дзве каманды (прадстаўленне каманд). Судзіць сёння нашу гульню будзе журы ў складзе (прадстаўленне журы). У канцы гульні наша журы дапаможа нам падвесці вынік, і каманда-пераможца атрымае ўзнагароду. Але пераможаных не застанецца, бо кожны з нас узновіць ці атрымае новыя веды па гісторыі Пружаншчыны.
Першы конкурс “Растлумач назву”. Вы павінны растлумачыць назву сваёй каманды. Максімальная адзнака 5 балаў. Улічваецца паўната адказу і творчы падыход.
А зараз паспрабуем адказаць на “Пытанні за хвіліну”. Кожнай камандзе даецца хвіліна, за якую патрэбна адказаць на дзесяць пытанняў. Кожны адказ ацэньваецца адным балам.
Пытанні першай камандзе:
- Назавіце другую назву горада Пружаны (Дабучын).
- Апішыце герб Пружан, уручаны гораду ў 1589 г. (на сярэбраным полі шчыта звілістая блакітная вужака паглынае малое дзіця).
- Вытворчасцю якога глінянага посуду праславілісь Пружаны ў XVII ст.? (чорна-задымленага)
- Якому шляхецкаму роду належыла гарадская сядзіба XIX ст. у Пружанах? (Швыкоўскіх)
- Якая царква раней знаходзілась на месцы ўнівермага па вуліцы Савецкай? (Прачысценская царква)
- Як па іншаму называюць пружанскія гандлёвыя рады? (Белыя лаўкі)
- Калі горад Пружаны быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі? (22 чэрвеня 1941 года)
- Успомніце за які подзвіг у Пружанах ўсталяваны помнік Сцяпану Гудзімаву? (У час Вялікай Айчыннай вайны С. Гудзімаў у паветраным баі збіў адзін варожы самалёт, другі — тараніў. Яго самалёт быў пашкоджаны. Лётчык выкінуўся з парашутам, але стропы парашута зачапіліся за абломкі нямецкага самалёта і Гудзімаў загінуў)
- Якая скульптура знаходзіцца на месцы зліцця дзвюх невялікіх рэчак Мухі і Вец? (скульптура “Нараджэнне Мухаўца” (аўтар А. Паўлючук)
- У якім годзе ў Пружанах адбылася рэспубліканская выстава-кірмаш “Дажынкі”? (у 2003 г.)
Пытанні другой камандзе:
- Адкуль пайшла назва горада Пружаны? (Існуе некалькі паданняў, звязаных з паходжаннем назвы. Адно з іх сцвярджае, што Пружаны — ад слова «проса», якое было ў далёкім мінулым асноўнай сельскагаспадарчай культурай у гэтай мясцовасці. У адпаведнасці з іншымі крыніцамі паселішча на месцы цяперашніх Пружанаў ў канцы 13 — пачатку 14 ст. займалі балцкія плямёны прусаў. Адсюль і назва Прусы, Пруссаны, Пружаны)
- Якое права было падаравана Пружанам у 1589 годзе? (магдэбургскае)
- Які новы герб з’явіўся ў горада Пружаны ў 1845 годзе? (на жоўтым полі зялёная елка з паляўнічым ражком на адной з верхніх галін)
- Які сабор быў пабудаваны ў Пружанах у канцы XIX ст.? (сабор Аляксандра Неўскага)
- Назавіце адну са славутасцей сабора Аляксандра Неўскага (цудатворная ікона Божай Маці)
- Які касцёл быў узведзены дзякуючы намаганням В. Швыкоўскага? (Міхайлаўскі касцёл (касцёл Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі)
- Які помнік устаноўлены ў Пружанах у 2005 г., каб увекавечыць у памяці нашчадкаў гады Вялікай Айчыннай вайны, падчас якой у раёне было спалена 58 вёсак? (помнік спаленым вёскам (аўтар А. Паўлючук)
- У памяць аб якім подзвігу каля Пружанскага возера ўстаноўлены помнік-самалёт? (22 чэрвеня 1941 г. на пружанскі аэрадром наляцела 29 фашысцкіх бамбардзіроўшчыкаў і некалькі знішчальнікаў. У гэтым паветраным баі лётчыкі 33-га авіяцыйнага палка збілі 5 варожых самалётаў. У 1971 г. у памяцъ аб гэтым подзвігу ўстаноўлены помнік)
- У якім годзе ў Пружанах быў адкрыты Лядовы палац? (у 2007 г.)
- Які палац з’явіўся ў горадзе ў 2010 годзе? (водны палац з аквапаркам)
Наступны наш конкурс называецца “Пазнай асобу”. Кожная каманда павінна адгадаць знакамітага пружанца па сямі падказках. Калі каманда адгадае асобу з першай падказкі, атрымлівае 7 балаў, з другой — 6 балаў і г. д. Усё зразумела? Пачнем з першай каманды.
Першая асоба (Рыгор Раманавіч Шырма):
- Ён нарадзіўся ў 1892 годзе ў в. Шакуны ў сялянскай сям’і.
- Пад час вучобы ў гарадскім вучылішчы іграў ў аркестру на мандаліне.
- У 1907 годзе адправіўся ў сваю першую фальклорную вандроўку.
- У 1922 годзе стварыў у Пружанах народны хор.
- З 1957 года кіраўнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларускай ССР.
- Пасля смерці яго імя было прысвоена Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэле.
- Яго імя прысвоена музычнай школе ў Пружанах.
Для другой каманды.
Другая асоба (Мікалай Арцёмавіч Засім):
- Ён нарадзіўся ў 1908 годзе ў в. Шані.
- З 1925 года пачаў пісаць вершы.
- Уваходзіў у Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі, за што быў арыштаваны.
- У гады Вялікай Айчыннай вайны быў актыўным удзельнікам партызанскага руху.
- Змог адлюстраваць у сваіх вершах партызанскую эпапею.
- Працаваў у абласной газеце “Заря”.
- Пружанскай цэнтральнай бібліятэцы прысвоена яго імя.
Для першай каманды.
Трэцяя асоба (Алена Георгіеўна Лось):
- Нарадзілась у 1933 годзе ў г. Вільні, але дзяцінства яе прайшло на Пружаншчыне.
- Скончыла мастацкі факультэт аддзялення графікі Віленскага ўніверсітэта.
- Супрацоўнічала з часопісам “Вясёлка”, для якога намалявала шмат вокладак.
- Аўтар кнігі “Дзесяць дзён у Барку”.
- Пісала нацюрморты з кветкамі.
- Ілюстравала беларускія дзіцячыя кнігі.
- Пружанскай раённай дзіцячай бібліятэцы прысвоена яе імя.
Для другой каманды.
Чацвёртая асоба (Алена Васільеўна Аладава):
- Нарадзілась у 1907 годзе ў Пружанах.
- Адначасова з вучобай у Беларускім дзяржаўным універсітэце на педагагічным факультэце працавала ілюстратарам у Беларускім дзяржаўным музеі, а па вечарах наведвала рабочую студыю пры Доме мастака.
- У 1925 годзе ўпершыню паспрабавала сябе ў якасці экскурсавода.
- Пасля вайны назначана дырэктарам Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР.
- За гады працы ў музеі арганізавала некалькі навуковых экспедыцый па выяўленні помнікаў старажытнага беларускага мастацтва.
- Дзякуючы ёй Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь атрымаў новы будынак.
- У 2007 годзе на будынку музея-сядзібы “Пружанскі Палацык” устаноўлена памятная дошка нашай славутай зямлячцы.
А зараз я прапаную вам адгадаць “Важныя даты” у гісторыі Пружанскага края. Вы павінны суаднесці даты і падзеі, напісаныя на картках (вядучая аддае карткі камандам).
1433 г. |
Устаноўлены ў горадзе Пружаны помнік спаленым вёскам |
15 студзеня 1940 г. |
Пружаны становяцца цэнтрам павета ў складзе Палескага ваяводства Другой Рэчы Паспалітай |
1921 г. |
Горад Пружаны быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў |
1589 г. |
Прушанская воласць упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах |
2010 г. |
Пружаны становяцца раённым цэнтрам Брэсцкай вобласці |
2005 г. |
У горада Пружаны новы герб — на жоўтым полі зялёная елка з паляўнічым ражком на адной з верхніх галін |
17 ліпеня 1944 г. |
Адкрыўся водны палац |
1845 г. |
Назва Пружаны замацавана за горадам пры выдачы яму каралевай Ганнай магдэбургскага права |
(Адказы: 1433 г. — Прушанская воласць упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах, 1589 г. — назва Пружаны замацавана за горадам пры выдачы яму каралевай Ганнай магдэбургскага права, 1845 г. — у горада Пружаны новы герб — на жоўтым полі зялёная елка з паляўнічым ражком на адной з верхніх галін, 1921 г. — Пружаны становяцца цэнтрам павета ў складзе Палескага ваяводства Другой Рэчы Паспалітай, 15 студзеня 1940 г. — Пружаны становяцца раённым цэнтрам Брэсцкай вобласці, 17 ліпеня 1944 г. — горад Пружаны быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў)
Заданні для каманд аднолькавыя. Улічваецца хуткасць выканання і правільнасць. Кожная правільная дата – адзін бал. Пачалі. А пакуль вы думаеце, прагучыць цудоўная песня аб Пружанах.
/ відэакліп “Мой старый город Пружаны” (аўтар Алена Кот) /
Вяд. Скончылі. Падпішыце вашыя карткі і аддайце журы. А мы працягнем.
Гюстаў Флабер гаварыў: “Мінулае — гэта тое, чаго ўжо няма; будучае — тое, чаго яшчэ няма, цяперашняе абсалютна мімалётна, яно бесперапынна рухаецца, а мастацтва вымае з гэтага струменя тую ці іншую з’яву і робіць яе вечнай”. Нельга пераацаніць ролю кіно ў фарміраванні гонару за край, у якім чалавек нарадзіўся і вырас. Таму наш наступны конкурс “Архітэктурныя помнікі ў кіно”. Кожная каманда ўбычыць урывак з фільма, у якім будзе архітэктурны помнік Пружанскага раёна. Адгадаеце помнік – 3 бала, назавеце яшчэ і фільм – 5 балаў. Увага, урывак для першай каманды.
/ урывак з фільма “Я родом из детства” (1966 г.) /
Вяд. Правільна. Ружанскі замак ці поўная назва Ружанскі палацавы комплекс роду Сапег. Выхад фільма “Я родом из детства” у свой час стаў значнай падзеяй у гісторыі беларускага кіно. Ён знімаўся ў Ружанах у 1966 годзе. У аснове сюжэту — апошнія дні Вялікай Айчыннай вайны. Гэта лірычная карціна пра дзяцінства тых, хто падчас вайны ўпершыню зведаў цяжар страты блізкіх і набыў жаданне помсціць ворагу. Героі фільма — хлопчыкі Ігар і Жэнька, якія жывуць у прыфрантавым горадзе, вайна вырвала іх з мірнага жыцця.
Здымкі фільма “Я родом из детства” ішлі на працягу дзевяці месяцаў. Ролі выканалі Ніна Ургант, Барыс Руднеў, Алена Дабранравава, Валерый Зубараў, Уладзімір Высоцкі.
Урывак для другой каманды.
/ урывак з фільма “Талаш” (2011 г.) /
Вяд. Так, Пружанскі палацык. Беларускі серыял “Талаш” распавядае гісторыю Палесся 1919 года. Тут з’явіліся войскі польскіх інтэрвентаў. Усе салдаты — розныя людзі, з рознымі мэтамі і задачамі. Як асабістымі, так і пастаўленымі ваенным начальствам. Жыхары Палесся таксама аказваюцца па два бакі барыкад. Хтосьці з іх дапамагае палякам, іншыя выступаюць рэзка супраць інтэрвенцыі. А трэція аддаюць перавагу ваяваць з усімі адразу. Сумны вір грамадзянскай вайны ў выніку ўцягвае ў кровапраліцце ўсіх.
Галоўны герой серыяла сямідзесяцігадовы Васіль Талаш. Для таго, каб выратаваць свайго сына, старому прыходзіцца ўзяць зброю. Ён ідзе прасіць дапамогі ў бальшавікоў. Але якая сустрэча чакае Талаша у Чырвонай арміі? Ці змогуць яны ці захочуць дапамагчы старому? Магчыма, прыйдзецца яму ў адзіночку наладзіць асабістую вайну.
Урывак для першай каманды.
/ урывак з фільма “Брестская крепость” (2010 г.) /
Вяд. Правільна. Пружанскі палацык. Фільм “Брестская крепость” 2010 года пераносіць гледача ў самыя першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта гарнізон, размешчаны ў крэпасці, прыняў на сябе першы магутны ўдар. Ужо праз суткі насельнікі крэпасці, у тым ліку сем’і салдат і пацыенты шпіталя, апынуліся адрэзанымі войскамі праціўніка. Любыя спробы прарыву перарываліся чэргамі нямецкай артылерыі. Салдаты былі дрэнна ўзброеныя, часта здабываючы вінтоўкі ў рукапашным баі з фашыстамі. Акрамя недахопу рыштунку, вельмі хутка скончылася вада. Немцы ладзілі абстрэлы па ўсіх стратэгічных пазіцыях, прымушаючы чырвонаармейцаў адступаць да цытадэлі, а ў давяршэнні скінулі туды бомбу. Але абаронцы крэпасці не здаваліся, спадзеючыся затрымаць ворага, нанесці яму адчувальныя страты і захаваць баявы сцяг.
Урывак для другой каманды.
/ урывак з фільма “Годен к нестроевой” (1968 г.) /
Вяд. Так, Ружанскі палацавы комплекс роду Сапег. Фільм “Годен к нестроевой” 1968 года. Навабранец Уладзімір Данілін з атэстацыяй “прыдатны да нестраявой” трапляе да старшыны сувязі Качура і вызначаецца ў ездавыя. Не маючы вопыту зносін з конямі, Данілін часта трапляе ў камічныя сітуацыі. Але вайна ёсць вайна — і неўзабаве Уладзімір становіцца сапраўдным салдатам.
Вось такія па-сапраўднаму якасныя фільмы знімалісь на Пружанскай зямлі. Але не толькі кіно дапамагае вам убачыць прыгажосць родных мясцін. Самыя пранікнёныя словы пра Пружаны вы знойдзіце ў вершах мясцовых паэтаў, якіх вы павінны добра ведаць. І апошні конкурс “Хто аўтар?”, прысвечаны менавіта ім. Задача кожнай каманды адгадаць аўтара прачытаннага верша. Кожны адказ ацэньваецца адным балам.
Верш для першай каманды.
Іду я Пружанай ў задуме глыбокай.
Ўсё чыста знаёмае мне тут навокал:
І кожны завулак, і кожная хатка
З пары той, як быў я маленькім дзіцяткам.
Тут бацька мне першыя ў жыцці цукеркі
Купіў у старога свайго сябра Бэркі.
І першую ў жыцці купіў мне тут булку,
Якую я еў у Пружанскім завулку…
(Мікола Засім “Верш аб Пружане”)
Верш для другой каманды.
Добры дзень табе, мой бор стазвонны,
Векавы і юны прыгажун!
Я прыходжу пад сівыя кроны,
Каб раскрыць перад тобой душу.
Я прыходжу чысціні напіцца,
Навучыцца ў сосен дабраце…
Быццам лёгка-светлая ігліца,
Дабрата ў душы маёй расце.
(Мікола Антаноўскі “Мой бор”)
Верш для першай каманды.
Ішоў па зямлі чалавек.
Расцвітала вясна на зямлі.
Ішоў па палях, каля рэк.
І там,
дзе вочы яго прайшлі,
дзе добрае сэрца яго прайшло,
пахлі хлебам палі,
маладыя сады цвілі
і неба спакойна плыло.
(Мікола Купрэеў)
Верш для другой каманды.
За лесам палавее жыта,
За жытам – зноў шумяць лясы.
Бяды багата перажыта,
Не раз гарэлі каласы.
Але мы ўпарта жыта сеем
І садзім хвойкі і дубкі.
На лёс свой скардзіцца не ўмеем,
Надзея – на цяпло рукі.
І як бы нас ні церла доля,
Каб адракліся ад высноў, —
Змахнеш слязу на родным полі
І ў жыццё паверыш зноў.
(Мікола Антаноўскі)
Верш для першай каманды.
Мая пружанская зямліца!
Твае палі і сінь нябёс
Мне будуць бачыцца і сніцца,
Куды б мяне не кінуў лёс.
(Мікола Засім “Родная зямліца”)
Верш для другой каманды.
Спачатку сцежка мяне вяла.
Сярод хмызнякоў густых праз балота.
Ішлося лёгка,
Таму што сцежка грунтоўна зроблена –
Маім дзедам пракладзена,
Бацькам прытоптана.
Сюдой хадзілі яны
на працу,
на паляванне,
на войны,
у госці.
Ляжаць на сцежцы
іх мазалі,
іх любоў
і нянавісць,
пялёсткі пяшчотнасці іх
і грудкі злосці.
Таму мне ішлося лёгка.
Ды раптам сцежка звярнула ўправа.
А мне трэба – прама.
І я пакланіўся сцежцы бацькоў.
Ідзецца цяжка.
(Мікола Купрэеў “Сцежка”)
Верш для першай каманды.
Без прыхарош ідзе, без грыму
Палессе даўняе маё –
Бабулька, горбячы кіёк,
Дзядок знямоглым пілігрымам…
Яны не знаюць, чым жыву я
І на якой узрос бядзе,
Але заўсёды “добры дзень”
Я са старэчых вуснаў чую.
Прызнанняў лішніх мне не трэба,
Каб адказаць, чаго жылі, —
Няслі “дзень добры” па зямлі
І, быццам сонца, бохан хлеба.
(Мікола Антаноўскі)
Верш для другой каманды.
Выйду за вёску і гляну, —
Колькі было хараства,
А зараз на сэрцы – туманы,
А зараз на сэрцы – жарства.
Бабка ідзе, я пытаю:
-Дзе твой, бабулька, сынок?
-Немцы забралі, чакаю
Сына ўжо хутка гадок.
(Мікола Засім “Сляды вайны”)
Малайцы! Наша гульня заканчваецца. І пакуль журы падводзіць вынікі, мне хочацца нагадаць вам яшчэ адні радкі з верша:
Пружаны, Пружаны, любіма мясціна!
Мяне ты вітаешь, як роднага сына,
І дзе не жыву, я табой ганаруся —
Дужэйшым раблюся, табой як прайдуся.
Радзіму той любіць, хто любіць свой кут,
Ў якім перажыта шмат светлых мінут.
(М. Засім)
/ відэакліп “Небольшой любительский ролик про наш город Пружаны” /
Вяд. А зараз слова журы. (Падвядзенне вынікаў, узнагароджванне пераможцаў)
Дзякуй усім хто ўдзельнічаў у нашай сённяшняй гульне. Спадзяемся, што вы ўсе ўпэўніліся ў тым, што трэба ведаць, любіць і шанаваць сваю малую радзіму, і што гэта цікава!
Склад.: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.
Крыніцы.
- Алена Лось : жывапіс, графіка / уклад. Уладзімір Ягоўдзік. – Мінск : Выдавец М. Ягоўдзік, 2009. – 80 с.
- Антаноўскі, Мікола. Падсочаны бор : вершы / Мікола Антаноўскі. – Пружаны : “Раённыя будні”, 1997. – 128 с.
- Годен к нестроевой (1968) : фильм : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.kino-teatr.ru.
- Елена Аладова. Музей — ее судьба : воспоминания, документы, исследования / [ред. Борис Крепак]. — Минск : Мастацкая лiтаратура, 2006. – 318 с. : ил. — (Беларусь мастацкая).
- Засім, М. А за намі Белавежа : вершы і паэма / М. Засім. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 126 с.: іл.
- Киношное прошлое г.п. Ружаны : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.budni.by.
- Купрэеў, Мікола. “Мяне – яшчэ нямала” : вершы : [Электронны рэсурс] / Мікола Купрэеў. – Рэжым доступу : http://dziejaslou.by.
- Машкала, І. І ўзнёсся над Пружанамі храм / І. Машкала // Раённыя будні. – 1991. – 17 верасня. – С. 3.
- Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. – Мінск : БЕЛТА, 2002. – 334 с.
- Памятники города Пружаны : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://pomniki.by.
- Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна / пад рэд. І. П. Шамякін ; маст. А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭ, 1992. – 455 с.: іл.
- Пружанский район : история нашего времени. – Брест : ОАО “Брестская типографич”, 2014. – 59 с.
- Свая гульня “БелаВеды” : інтэлектуальнае спаборніцтва паміж 5 класамі : [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : http://lit-dety.ru.
- Сериал “Талаш” : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://tfilm.cc.
- Фильм “Брестская крепость” : [Электронный ресурс]. – Режим доступа : http://www.online-life.club.