“Кветкі-партрэты Алены Лось”

гадзіна мастацтва

/ прэзентацыя карцін з кветкамі А. Лось пад музыку /

Вяд. 1. У яе майстэрні паўсюль стаялі кветкі. Зімой яны былі сухія, але, сабраныя ў вялікія букеты, не гублялі сваёй нягучнай прыгажосці, якая так захапляла гаспадыню – мастачку Алену Георгіеўну Лось.

Вяд. 2. Алена Лось чалавек дзівоснага творчага лёсу, які ўнёс вялікі ўклад у скарбніцу беларускага выяўленчага мастацтва. У гэтым годзе мы адзначае 85 год з дня яе нараджэння. Яе творам характэрна сувязь з народнымі традыцыямі, задушэўнасць і цеплыня. А калі бліжэй пазнаёміцца з яе жыццём і творчасцю, то можна адразу заўважыць, што ў іх назаўсёды захаваліся вобразы роднай ёй Пружаншчыны.

Чытач. “Я да гэтага часу ўдзячная лёсу за тое, што з першых дзён свядомага жыцця была сярод цудоўнай беларускай прыроды, сярод простых людзей. Напэўна, яны і абудзілі ва мне мастака” – прызнавалася ў адным з інтэрв’ю Алена Георгіеўна.

Вяд. 1. Алена Лось нарадзілась 22 студзеня 1933 года ў г. Вільні. Калі Алена была яшчэ зусім маленькая, сям’я пераехала ў вёску Лыскава Пружанскага раёна. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта бацька Алены працаваў у гэтай вёсцы доктарам. Да сямі гадоў дзяўчынка разам з бацькамі жыла ў Лыскава.

Вяд. 2. Тут ёй запамяталіся снежныя зімы, сані, на якіх яны ездзілі па наваколлі. Жылі яны ў вялікім доме. Побач раслі векавыя ліпы.У гэтай вёсцы дзяўчынка пайшла ў школу. Праўда, у Лыскаве яна спасцігала навуку нядоўга, бо бацьку перавялі на працу ў суседнюю вёску Магілёўцы, дзе адкрылася новая бальніца.

Вяд. 1. Менавіта прырода ў Магілёўцах зачаравала яе на ўсё жыццё. Там было вельмі прыгожа! Стары панскі парк, сажалка, вялікае возера, дзе зімою ў вольную хвіліну бацька катаўся на каньках, а дзяўчынка стаяла і назірала за ім.

Вяд. 2. Потым сям’я пераехала ў Ружаны. Гэта для дзяўчынкі было самае дзівоснае мястэчка. Сталіца магутных князёў Сапегаў. Касцёл, царква, даўнішнія пабудовы, дамы і маўклівыя руіны велічнага палаца.

Вяд. 1. У Ружанах яны перажылі вайну. Школа, вядома, у час вайны не працавала. І мама з Аленай займалася дома. Таму пасля вайны яна адразу з другога класа перайшла ў шосты клас. Хапіла ўсяго – і холаду, і голаду. Але школьныя гады самыя светлыя і незабыўныя. Алена разам з дзяўчатамі заставаліся пасля ўрокаў у класе і спявалі песні — часцей за ўсё беларускія народныя. У вольную хвіліну дзяўчынка брала ў рукі аловак і малявала.

Вяд. 2. Аднойчы бацька  падарыў Алене добрыя акварэльныя фарбы. Ён таксама любіў у вольную хвіліну патрымаць у руцэ пэндзлік. Акрамя таго выпісваў шыкоўны ілюстраваны французскі часопіс па мастацтву. Юная мастачка магла разглядаць яго нумары бясконца і старанна захоўвала гэты часопіс.

Вяд. 1. У школе, дзе вучылася Алена Лось, не было нават настаўніка малявання. Затое бацька адной з яе сябровак лічыўся мясцовым мастаком. Людзі куплялі ў яго карціны, і дзяўчынка з асаблівай цікавасцю і задавальненнем хадзіла да іх дамоў і не адводзіла вачэй ад нядаўна напісаных нацюрмортаў і пейзажаў. І пасля гэтага ёй хацелася маляваць, маляваць ілюстрацыі да прачытаных кніг.

Вяд. 2. У гады вайны не было паперы, не было на чым маляваць. Але дапамог Алене ў гэтым адзін выпадак. Яны з мамай пасяліліся ў старадаўнім драўляным доме. Да вайны тут жыла яўрэйская сям’я. У гэтым доме знаходзілася многа кладовак. Дык вось, у адной з іх Алена знайшла вялікія яўрэйскія кнігі-талмуды з вокладкамі, абцягнутымі тонкай цялячай скурай. Кнігі мелі надта шырокія палі. Юная мастачка выразала чыстыя палоскі паперы і кожную вольную хвіліну малявала і малявала. Яна больш ніколі не карысталася такой каштоўнай паперай.

Вяд. 1. Адступаючы, немцы спалілі гэты дом. Разам з ім згарэлі ўсе работы Алены, парыжскія часопісы па мастацтву і яўрэйскія кнігі-талмуды. Дзяўчынцы было балюча глядзець на тое папялішча, што засталося ад кніг і ад яе малюнкаў. Гэта была вялікая страта. Але  ўжо тады Алена была ўпэўнена, што будзе маляваць усё сваё далейшае жыццё.

Вяд. 2. У Ружанах яна закончыла дзесяцігодку і разам з мамай і бабуляй пераехалі ў Вільню. Там яна паступіла ў апошні клас гімназіі. Сваім гарадскім аднакласнікам Алена не саступала ў ведах. Яна штодня бегала ў бібліятэку і пазнаёмілася там з бібляітэкарам, якому расказала пра жаданне стаць мастаком. Бібліятэкар у гэты час сам вучыўся на мастацкім факультэце Віленскага універсітэта. Чалавек гэты яе падахвоціў, пачаў даваць неабходную літаратуру, паказваў, як самастойна рыхтавацца да паступлення ў інстытут.

Вяд. 1. У той час на першы курс мастацкага факультэта аддзялення графікі Віленскага ўніверсітэта прымалі нават без неабходнай адукацыі, даючы шанс за год спасцігнуць складаную навуку жывапісу і малюнка. Алена аказалася ў ліку шчасліўчыкаў. Складаным для яе было толькі адно – вывучэнне літоўскай мовы, на якой выкладаліся амаль усе прадметы. Студэнцкія гады дзяўчыне прынеслі неабходную прафесійную падрыхтоўку і глыбокія веды ў графічных тэхніках.

Вяд. 2. На факультэце працавалі выкладчыкі еўрапейскага ўзроўню, выдатныя педагогі яшчэ старой школы, што атрымалі адукацыю ў Парыжы. Яны распавядалі пра сусветныя шэдэўры, вучылі раскаванасці думкі, свабодзе самавыяўлення, адчуванню колеру і формы. Яны бачылі ў студэнтах роўных сабе ў будучым майстроў, вучыць якіх неабходна было на ўласным прыкладзе.

 Вяд. 1. У сярэдзіне 1950-х гадоў, яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце, Алена Георгіеўна Лось пазнаёмілася ў Маскве з мастаком Гары Якубенем, беларусам па крыві, які ніколі не быў у бацькоўскім краі. Цікавасць да роднай зямлі, да яе культуры, гісторыі цягнула хлопца да родных мясцін. Сустрэўшы Алену, ён сустрэў каханую жонку і аднадумца.

Вяд. 2. Да вывучэння беларускай спадчыны маладых мастакоў падштурхнула вандроўка на параходзе па Волзе, якая адбылася ў 1959 годзе. Ад уражанняў, здаецца, выраслі за плячыма крылы. Вярнуўшыся з Масквы ў Мінск, яны адразу трапілі на персанальную выставу Таццяны Маўрынай, вядомай рускай мастачкі, якая ілюстравала дзіцячыя кнігі. Яны пайшлі па залах і быццам зноў апынуліся ў тых мясцінах, адкуль толькі-толькі прыехалі. Гары і Алена пазнаёміліся з Маўрынай і з таго шчаслівага дня доўга цягнулася іх дружба, дружба не толькі жыццёвая, але і творчая.

Вяд. 1. Вярнуўшыся ў Беларусь, яны неадкладна ўзяліся за вывучэнне народнай спадчыны. Збіраючы матэрыял для будучых твораў, мастакі адпраўляюцца ў вандроўку па Палессі.

Чытач. “Мы з Гары ездзілі па вёсках. Малявалі ў хатах традыцыйныя рэчы. А ўсё занатаванае ў падарожжах, арнаменты і вышыванкі, формы збанкоў, прыладаў працы, сцэны штодзённага вясковага жыцця выкарыстоўвалі ў ілюстрацыях і станковых работах” – успамінала Алена Лось.

Вяд. 2. Першай сумесна ілюстраванай кніжкай Алены Лось і Гары Якубені была беларуская народная казка “Каза-манюка”, выдадзеная ў 1961 годзе. Яшчэ мацней багаты назапашаны матэрыял загучаў у кніжцы-казцы “Залатая яблынька” і ў кніжцы Васіля Віткі “Дударык”. Кожнага звера ці птушку яны імкнуліся надзяліць адметным чалавечым характарам.        

Вяд. 1. У 60-ыя гады Алена Лось актыўна супрацоўнічала з беларускімі выдавецтвамі. Мастачка працавала не толькі над асобнымі казкамі, але і над зборнікамі казак. А гэта значна складаней, паколькі ў зборніку звычайна сабраны разнастайныя па зместу казкі: бытавыя, чароўныя, пра жывёл.

Вяд. 2. Разам з поспехамі вырасла і любоў да кнігі, любоў да народных казак, якія Алена Георгіеўна вельмі любіла ілюстраваць. Менавіта казка прывяла мастачку да глыбокага разумення беларускага мастацтва і яго традыцый, дапамагла ёй палюбіць цудоўныя творы народных умельцаў.

Вяд. 1. За кніжку В. Віткі “Ладачкі-ладкі” Алена Лось атрымала дыплом імя Францыска Скарыны на рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі”. Паглядзіце, на вокладцы кот з гармонікам быццам толькі што выбег з вясковай хаты пад яблыні і запрашае ўсіх у казачны свет маленства. Увогуле кот-буркатун, пра якога так хораша спяваюць жанчыны над люлькай немаўляці, трывала пасяліўся на літаграфіях Алены Георгіеўны.

Вяд. 2. Алена Лось была не толькі выдатнай мастачкай, але і таленавітай пісьменніцай. У 1984 годзе выйшла яе кніга “Дзесяць дзён у Барку” з ілюстрацыямі аўтара.

Вяд. 1. У канцы 70-х гадоў Алена Георгіеўна кожнае лета ездзіла ў невялічкую вёску Млынок, што стаіць на беразе Прыпяці. Сабраны матэрыял у час вандровак і лёг у аснову кнігі. Толькі вёска Млынок ператварылася ў вёску Барок.

Вяд. 2. Самая галоўная каштоўнасць кнігі “Дзесяць дзён у Барку” – яе праўдзівасць у паказе жыцця палескай вёскі. І не сухая дакументальная праўдзівасць, а паэтычная, узнёслая, падобная на свята. Кніга мастачкі пра многае распавядае нешматлікімі словамі, на доўгі час прыцягвае ўвагу. Яна напоўнена незвычайным хараством і цеплынёй.

Вяд. 1. Як вядома, народны характар мастацтва з яго маляўнічасцю і святочнасцю блізкі дзіцячаму ўспрыманню. Таму выданні, аформленыя Аленай Лось, зразумелыя дзецям і любімыя імі. У даступнай форме яны даюць маленькаму чытачу шырокае ўяўленне аб самым блізкім – аб сваёй Радзіме, аб сваіх каранях.

Вяд. 2. Асаблівае месца ў творчасці Алены Лось займае кніга-казка “Залатая яблынька”. Да яе яна звярталася аж тры разы. У пачатку свайго творчага шляху, затым паўторна аформіла праз 10 гадоў. А ў 1991 годзе мастачка зрабіла для дзіцячых садоў серыю літаграфій па казках “Разумная дачка” і “Залатая яблынька”. Калейдаскоп колераў, вобразаў і – мудрасці, чалавечнасці, дабрыні.

 Вяд. 1. Усё гэта сведчыць аб сур’ёзных і беражлівых адносінах да дзіцячай кнігі, аб творчым росце мастачкі. На прыкладзе кнігі “Залатая яблынька” можна пераканацца, што Алена Лось – з тых мастакоў, хто, валодаючы рамяством і тэмай, пастаянна імкнецца да самараскрыцця.

Чытач. “Вядома, далёка не заўсёды напісанае задавальняе. Часам раблю па некалькі варыянтаў, спрабуючы выказаць тое невыказнае, што ўсё роўна застаецца ў душы. Галоўнае, каб душа не маўчала, а радавалася і сумавала”.

Вяд. 2. За дзесяцігоддзі творчага служэння беларускай кнізе Алена Лось аздобіла цэлую бібліятэчку самых розных выданняў, адзначаных ганаровымі дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. А першую яна беражліва захоўвала ўсё жыццё – Генадзь Шмаль “С добрым утром”.

/ прэзентацыя ілюстрацый да дзіцячых кніг А. Лось пад музыку /

Вяд. 1. Алена Лось таксама супрацоўнічала з часопісам “Вясёлка”, для якога намалявала шмат вокладак. І кожная з іх – уваходзіны ў казачны свет.

Вяд. 2. У далейшым адкрываецца яшчэ адна грань у творчасці Алены Георгіеўны  — мастацтва станковай графікі. Серыя работ да казкі Змітрака Бядулі “Скарб” пабывала на выстаўках у Канадзе, Японіі, Даніі, Швецыі.

Вяд. 1. Алена Лось шмат падарожнічала па Беларусі. Не проста адпачывала сам-насам з прыродай, а працавала: пісала маляўнічыя краявіды роднай зямлі, партрэты людзей, якія чым-небудзь уразілі яе.

Вяд. 2. З творчых вандровак яна прывезла цэлыя серыі карцін: “Людзі на Прыпяці”, “Кветкі Полаччыны”, “Пад палескімі дубамі”, “Радасць працы”, “Дзеці Белавежы”.

Вяд. 1. Паказваючы дзяцей, Алена Лось ніколі не змяняла свайго почырку. У яе малюнках дзеці заўсёды сярод прыроды. Здзіўляе назіральнасць мастачкі, калі яна ў пейзажны фон дадавала тую расліннасць, якая найбольш прыгожая ў дадзеную пару года. І танальнасць колеру ў гравюрах гарманіруе з колерам кожнай пары года.

Вяд. 2. Адна з самых запамінальных работ з серыі “Людзі на Прыпяці” — “Матуля”. На першым плане – беларуская сялянка, якая пражыла доўгае, нялёгкае жыццё.  Яна сядзіць на фоне сцяны, увешанай шматлікімі фотаздымкамі ў рамках. Па гэтых фотаздымках можна расказаць усё аб адзінокай жанчыне.

Вяд. 1. У апошнія гады свайго жыцця, не пакідаючы без увагі сваіх маленькіх чытачоў, Алена Лось пісала нацюрморты. Галоўныя іх героі – кветкі, асабліва прывезеныя з палескіх вандровак У гэтых нацюрмортах прысутнічае жывое дыханне сонечнай раніцы ці ціхі вечар. Кветкі напісаны часцей на фоне неба або сярод палявых ці лясных краявідаў.

Вяд. 2. Мастачка сцвярджала, што кветкі, сарваныя і перанесеныя ў чужое для іх асяроддзе, страчваюць сваю прыгажосць. Бо яны і колерам, і формай звязаны з той мясцовасцю, дзе іх збіраюць. На фоне пейзажу, сцвярджала Алена Лось, яны яскрава свецяцца.

Чытач. “З маладосці люблю пісаць менавіта звычайныя лугавыя і палявыя краскі. Гляджу на іх і быццам прамываю вочы і душу. Купленыя, садовыя, хоць бы і элітных гатункаў, так мяне не кранаюць. А наогул, краса прыроды — вельмі гаючыя лекі ад горкіх думак і ўсялякіх злыбедаў” — казала мастачка.

/ прэзентацыя карцін з кветкамі А. Лось пад музыку /

Вяд. 1. Народны мастак Беларусі Арлен Кашкурэвіч, яшчэ пры жыцці Алены Лось, наведаўшы яе майстэрню прызнаўся: “Ты мяне ўразіла сваім цяперашнім жывапісам. Ён такі нязвыклы і нечаканы… Нацюрморт у маім уяўленні – звычайна штосьці сумнае. А ў цябе такое буйства колераў, што проста дзіву даешся. І што цікава: ты не імкнешся да новых кампазіцыйных рашэнняў, а знайшоўшы менавіта сваё, зрабіла яго святым канонам, нібы ў іконе”.

Вяд. 2. Інакш і не магло быць, бо творчасць Алены Лось – жывыя кветкі нашага дзяцінства.

Чытач. Мастачка чаруе…     

У свеце яе 

Святочнае сонца 

З-за лесу ўстае.  

Вясёлка над рэчкай

Развешвае стужкі

Спяваюць суладна

Крыніцы і птушкі.

 

Мастачка чаруе

І ў сонечным свеце

Цалуюць бацькоў,

Усміхаюцца дзеці,

Бо ён без гармат

І крылатых ракет

Любоўю і талентам

Створаны свет.

Складальнік: намеснік дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.

 

Крыніцы.

  1. Алена Лось : жывапіс, графіка / уклад. Уладзімір Ягоўдзік. – Мінск : Выдавец М. Ягоўдзік, 2009. – 80 с.
  2. Грышкова, І. Казкі на мальберце… : 75 гадоў з дня нараджэння Алены Лось, беларускай мастачкі / І. Грышкова // Бібліятэка прапануе. – 2008. — № 1. – С. 30 – 32.
  3. Дранько-Майсюк, Васіль. Алена Лось : [Электронны рэсурс] / Васіль Дранько-Майсюк. – Рэжым доступу : http://www.veselka.by.
  4. Латун, З.І. Алена Лось / З.І. Латун. – Мінск : Беларусь, 1977. – 48 с.
  5. Мастак Алена Лось : літаратурна-краязнаўчае выданне / склад. В.Я. Матысюк. – Пружаны, 2008. – С. 16.
  6. Назімава, Ірына. Яе героі – людзі і прырода : да 75-годдзя Алены Лось / Ірына Назімава // Культура. – 2008. – 19 студзеня (№ 3). – С. 7.
  7. Шаранговіч, Наталля. Кветкі-партрэты Алены Лось / Наталля Шаранговіч // Роднае слова. – 2011. — № 9. – С. 89 – 92.
  8. Ягоўдзік, Уладзімір. “Каб не маўчала душа..” : [Электронны рэсурс] / Уладзімір Ягоўдзік. – Рэжым доступу : http://media.catholic.by

Метки: , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий