Пружанская зямля – зямля легендаў

літаратурны фанфікшен

/ урывак з буктрэйлера да кнігі “Міфы і легенды Беларусі” /

Чытач. Легенды, сказы і паданні –

народныя апавяданні –

дайшлі з далёкай даўніны

ад нашых прашчураў яны.

Не зніклі памяці крыніцы

з гаючай чыстаю вадзіцай.

Не зніклі мудрасці сады, –

там з вечным водарам плады.

Самой гісторыі дыханне

ў легендах, сказах і паданнях.

Адухаўляюць нас яны,

няма й не будзе ім цаны.

Вядучая 1. Народная творчасць няпісаная і нікім да канца не прачытаная чароўная, мудрая кніга. Пяшчотныя яе старонкі разгарнулі перад намі ў дзяцінстве нашы матулі і бабулі мілагучнай мелодыяй калыханкі. Пасля нас захаплялі дзівосныя цікавыя казкі. Мудрасці вучаць прыказкі і прымаўкі. З паданняў і легенд паўстае перад намі гісторыя нашага народа, нашай роднай Беларусі.

Вядучая 2. Народ уклаў у легенды невычарпальную фантазію, адвечныя думкі і мары. Яны прасякнуты пяшчотнай любоўю да роднага краю. Акунемся ж у прыгажосць гукаў, слоў і пачуццяў – успомнім легенды і паданні Пружаншчыны.

Вядучая 1. Першыя гістарычныя ўпамінанні пра “Прушанскую воласць” адносяцца да 1433 года. У 1487 — 1589 гг. Пружаны былі вядомы пад назвай Дабучын. Існуе некалькі версій паходжання назвы горада. Адна з іх сцвярджае, што назва Пружаны паходзіць ад слова “проса”, якое ў далёкім мінулым было асноўнай сельскагаспадарчай культурай гэтай мясцовасці.

Вядучая 2. А вось знакаміты гісторык і пісьменнік Юзаф Крашэўскі лічыў, што ў канцы 13-га — пачатку 14-га ст., ратуючыся ад крыжаносцаў, на гэтыя землі праніклі балцкія плямёны прусаў. Паселішча, якое яны заснавалі, атрымала назву Прусаны ці Прусіяны.

Вядучая 1. Існуе і легенда аб паходжанні герба горада. На ім малюнак змея, які трымае ў зубах дзіця. Давайце паглядзім.

/ урывак з мультфільма “Аповесць мінулых гадоў” (легенда аб паходжанні герба г. Пружаны) /

Вядучая 2. Да нашай сённяшняй сустрэчы некаторыя з вас падрыхтавалі свой варыянт легенды аб паходжанні герба горада Пружаны. Калі ласка, вам слова (выступаюць удзельнікі праекта).

Вядучая 1. Вада ў паданнях далёкіх продкаў беларусаў была асяроддзем таямнічым. Вада – мяжа паміж “гэтым” і “тым” светам, шлях у іншасвет, месцазнаходжанне душ памерлых і нячыстай сілы. Таму большасць беларускіх азёр і рэк могуць пахваліцца сваімі легендамі і паданнямі.

Чытач. Зямля зялёнаю красою

Агорнута з тых дзён, калі

Вада ўзбудзіла ўсё жывое, —

Вада няйначай кроў зямлі.

 

Яна — нязмернае багацце.

Хто знае, што ёй за цана!

Ну, як расінка птушаняці

Ці зерню кропелька адна.

                       (Пятрусь Броўка “Вада”)

Вядучая 2. Шмат паданняў складзена і пра рэкі і азёры Пружаншчыны. Вось што расказваюць людзі пра раку Баба.

Пакахаў гусь хатні дзікую шэрую качку. Пасватаўся хлопец багаты да беднай сіраты. Заплакала-заенчыла свякроў, як ступіла на ганак хаты яе нявестка-беспасажніца, і не стала жыцця харошанькай Анеі побач з мужавай маці. Цэлымі днямі, забыўшыся пра адпачынак, працуе маладая жонка. Але хіба дагодзіш сварлівай свекрыві? Лае яна няветску, гультайкай называе, перад людзьмі ганіць. Толькі і ёсць радасць у жыцці Анеіным – каханне яе Пятра. Ён адзін шкадуе сірату, ён адзін суцяшае няшчасную і ўступаецца за жонку, і дакарае маці.

Вядучая 1. Затаіла злосць свякроў на нявестку. Вырашыла разлучыць мужа з жонкай. Вось збірае яна сына ў чужыя землі:

— Едзь, Пятро, паглядзі свету. Надакучылі мабыць, табе, маладому, нашы Пружаны. Кажуць, няма горада прыгажэй Варшавы. У Варшаве родзічы нашы жывуць – ім прывітанне ад мяне перадай. Ды заадно ўжо і тавараў з сабой вазьмі. У Польшчы выгадны гандаль. Пара ўжо табе, сыне, сапраўднай справай заняцца.

Хіба станеш пярэчыць маці? Развітаўся Пятро з Анеяй, пакланіўся суседзям, ды і пакінуў родныя мясціны.

Вядучая 2. Змяніла восень дажджлівую зіма сцюдзёная. Прыйшоў ліст ад Пятра.

— Прачытайце, маці, аб чым муж мой піша, — просіць Анея, — а то ж я не ведаю грамату, сама не разбяруся.

Зазірнула свякроў у ліст ды і кажа:

— Піша Пятро пра тое, як весела яму ў Варшаве, як шмат там прыгожых паненак. “Шкадую я, маці, гледзячы на іх, аб тым, што паспяшаўся ажаніцца! Хіба ж мая баба можа зраўняцца з тутэйшымі кабетамі?”

Засумавала нявестка, на твары ж свекрыві з’явілася ўсмешка.

Вядучая 1. Рушыўся лёд на рацэ, зазвінелі ручаі. Зноў прыйшла вестка ад Пятра. Услых прачытала яе Анеі старая: “Пасябраваў я, маці, з багатым польскім купцом. І так палюбіў ён мяне, што прапанаваў мне ажаніцца на яго дачцэ. Паненка – кветачка, гарэзівая ды смяшлівая, не тое, што мая баба, сумная ды нудная”.

Заблішчалі слёзы на Анеіных вачах, а на твары маці Пятровай выступіў вясёлы румянец.

Вядучая 2. Зеленню адзеліся дрэвы, кветкамі ўзышла зямля. Заспяшаўся ў родныя мясціны Пятро. А наперад паслаў пісьмо.

Прачытала яго старая свякроў ды і кажа нявестцы:

— Ну, вось што, мілая. Збірайся хутчэй. Ідзі з маёй хаты куды хочаш. Пятро вяртаецца не адзін. Вязе ён з сабою прыгожую багатую паненку. “А бабу маю, абрыдлую, — піша, гані прэч!”

Нічога не ўзяла з сабою Анея. Як прыйшла ў гэтую хату ў адной беднай сукенцы, так і пайшла. У самае сэрца ўдарыла маладзіцу чорная вестка аб мужавай здрадзе. І мукаю падалося жыццё Анеі, і суцяшэннем – смерць…

Вядучая 1. У той час уехаў на двор родны доўгачаканы госць. Кінулася да Пятра маці. Цалуе яго, абдымае, пра землі чужыя распытвае. Радуецца і Пятро. Толькі дзіўна яму, што не сустракае яго маладая жонка.

— Што з Анеяй, маці? – пытаецца вандроўнік. – Хіба захварэла мая ладачка?

— Вой, не ўспамінай пра змяю, што на сэрцы ты прыгрэў! – адказвае старая. – Як пакінуў ты нас, дык пайшла твая Анея з хаты. Аб’явіўся ў яе каханак, з ім і збегла.

Падкасіліся ногі ў Пятра, пацямнела ў вачах. Ледзь дайшоў ён да лавы, апусціў галаву:

— Анея… Анея… Што зрабіла ты са мною? Хіба не кахаў цябе? Хіба не шкадаваў!

Вядучая 2. Бядуе Пятро, няўцям яму, што здрадніцаю аказалася не жонка – родная маці. А тая ўжо святкуе перамогу: што пажадала, тое і зрабіла. Не быць Пятру з Анеяй разам! Забылася нават пра тое, што не адна яна з сынам у хаце, што ўжо глядзяць на маладога мужа са шкадобаю вочы ціхмянай нахлебніцы, добрай Пятровай нянькі Хадоры, якая чула ўсю іх размову.

— Пятро! Не вер маці сваёй, — раптам пачуўся Хадорын голас. – Перад прыездам тваім выгнала свякроў нявестку з хаты. Як табе пра здраду яе схлусіла, так і ёй пра тваю паведаміла. Пайшла тая, гаротная, не разбіраючы дарогі, прэч з горада, праз поле да рэкі.

Вядучая 1. Замерла сэрца ў грудзях у Пятра. Адчула яно небяспеку смяротную. Кінуўся малады муж за жонкай сваёй каханай. Па прымятай траве след яе шукаў, па бліскучых, быццам раса, слязінках на каласах шлях пазнае. Скончылася поле. Выбег Пятро на луг ля ракі. Толькі край сукенкі Анеінай мільгануў далёка перад ім і знік у хвалях.

Кінуўся Пятро за сваім каханнем, а вада глыбокая, плынь хуткая. Да дна не дастаць, на плыву не ўтрымацца. І зразумеў тады ён, што страчвае самае дарагое, што мае. І ў тузе незвычайнай закрычаў, застагнаў Пятро:

-Ці ёсць на свеце справядлівасць? Спыні вірлівую хаду сваю, рака! Высушы злую ваду да дна, сонейка! Апусціцеся крутыя берагі! Вярніце мне маю ладачку!

Вядучая 2. І здарылася дзіва. Абмялела раптам паўнаводная рака. І выйшла з яе насустрач Пятру жывая Анея. У радасці вялікай прыціснуў муж жонку да грудзей, і ледзь чутна прагаварыла яна:

— Ты даруй мне, любы муж, што паверыла злым нагаворам на цябе, што не пажадала жыць нялюбай жонкай, “абрыдлай бабай” і прыйшла тапіць сюды сваё гора ў хвалях рачных…

Вядучая 1. Узняў каханую на рукі Пятро і панёс яе праз луг і праз брамы гарадскія, праз увесь горад. Цалуючы, шаптаў ён Анеі самыя прыгожыя словы:

— Любая мая, галубка ціхая. Не ты ў мяне, я ў цябе даравання павінен прасіць за ўсе слёзы, што давялося табе выплакаць, стаўшы маёй жонкай. Але гора праходзіць, і на змену яму да людзей ідзе шчасце. Даведайся ж, каханая, твой муж быў удалым купцом. У Варшаве ён пабудаваў  прыгожы светлы дом на трыццаць пакояў. Усё ў ім належыць толькі табе, кожная рэч чакае тваіх гаспадарлівых рук. Мая Анея, я ж прыехаў толькі, каб забраць цябе адсюль. Забудзься ж пра крыўду і злы падман, пра “нялюбую жонку” і “абрыдлую бабу”. Іх больш няма. Ёсць толькі наша каханне.

Вядучая 2. У той жа вечар Анея і Пётр пакінулі родныя мясціны назаўсёды. Рака ж, у якой ледзь не знайшла свой канец маладая жанчына, так і не стала зноў паўнаводнай. Пераходзяць яе ўброд гусі. А імя ёй з тых часін – Баба.

/ відэакліп “Рэчанька” (вык. Надзея Мікуліч) /

Вядучая 1. На тэрыторыі нашага раёна шмат азёр з дзіўнымі назвамі: Дзікае, Гута, Паперня і інш. Хтосьці з вас паспрабаваў растлумачыць назвы некаторых азёр і склаў сваё паданне. Калі ласка (выступаюць удзельнікі праекта).

Чытач. Сонца ціха скацілася з горкі;

Месяц белы заплаканы свеціць,

Аглядае бахматыя зоркі,

Цягне з возера срэбныя сеці.

 

Ў іх русалкі заблуталі косы, —

Рвуць і блутаюць срэбныя ніці;

Ноч плыве над зямлёй, сее росы,

Ноч шапоча русалкам: “Засніце”. (М. Багдановіч “Над возерам”)

Вядучая 2. Нашыя продкі заўсёды верылі ў розных духаў. Духі — пасярэднікі паміж багамі і людзьмі. Гэта міфалагічныя істоты, падпарадкаваныя багам, звычайна звязаныя з жыццёвым асяроддзем чалавека або прыродай. Яны ўвесь час знаходзяцца ва ўзаемадзеянні з чалавекам. Духі па загадзе багоў дапамагаюць ці шкодзяць чалавеку. У іх свая іерархія, ёсць галоўныя, якім падпарадкоўваюцца астатнія.

Вядучая 1. У нашай мясцовасці  існуе цікавая легенда пра лясны дух – Балотную княгіню.

Раз у год, у той час, калі снег яшчэ толькі пачынае сыходзіць з палёў, а абуджаныя вясною дрэвы яшчэ стаяць голыя, уздрыгваючы пад халодным ветрам, паміж дзвюма высокімі хваінамі, што знаходзяцца на шляху ад Пружан да Ражковічаў, з’яўляецца Балотная Княгіня, і, як узнятая з бярлогі ранняй вясной галодная мядзведзіца, пачынае шукаць сваю ахвяру. І менавіта ў гэты час у тыя мясціны трапляе мужчына, які за жыццё сваё ўчыніў шмат грахоў у адносінах да жанчын. Яго чакае Балотная княгіня на справядлівы суд.

Вядучая 2. Так гаворыць старое паданне. Зараз мала хто верыць у яго, але да гэтых часоў іншы раз можна пачуць у нашых мясцінах дзіўную гісторыю, якая, па сцвярджэнню некаторых старажылаў, адбылася не так ужо і даўно – у мінулым стагоддзі.

Вядучая 1. Язэп быў прыгожым, станістым, маладым чалавекам. Такія падабаліся дзяўчатам. І, адчуваючы гэта, высока трымаў галаву Язэп у час святаў ды гулянак, калі абступалі яго з усіх бакоў мясцовыя красуні.

Аднойчы вечарам вяртаўся Язэп з горада дадому. Стомленая кабылка ледзь цягнула даверху нагружаны пакупкамі воз. Хутка цямнела, заставалася яшчэ праехаць значны кавалак шляху. Раптам кабылка рванулася ў страху і заіржала. Усяго ў трох кроках ад яе на шляху ўзнікла чалавечая постаць.

Вядучая 2. Уздрыгнуў і Язэп, але амаль адразу супакоіўся. Гэта была ўсяго толькі маладзенькая дзяўчынка ў вясковым кажусе і квяцістай хустцы.

— Дзядзечка! Падкіньце да Ражковічаў, – тоненькім галаском папрасіла яна.

— Які я табе дзядзечка! — буркліва адказаў Язэп і прыспыніў кабылу, каб нечаканая папутчыца ўзабралася на воз.

Пэўны час яны ехалі моўчкі. Потым разгаварыліся. Дзяўчына паведаміла, што яе клічуць Любкай, і што бацька яе – каваль з Ражковічаў. Затрымалася яна ў гасцях у замужняй сястры, забылася зусім, што строгія бацькі наказалі ёй быць дома яшчэ да прыцемкаў. Весела смяялася румяная, бы яблык, Любка, і заўважыў Язэп, што вельмі прыгожая кавалёва дачка. Страх жа яго начны зусім прайшоў, бо недалёка цяпер былі Ражковічы. І Язэп нечакана спыніў кабылу, сціснуў у абдымках харошанькую папутчыцу і паваліў яе прама на вузлы з набытым у горадзе дабром. Далёка разнёсся крык спалоху і адчаю. Здалося, што ўскалыхнуў ён нават абыякавае да ўсяго лясное балота.

Вядучая 1. І тады нечая халодная вільготная рука апусцілася на плячо Язэпа. Ён узняў галаву і моўчкі адпусціў сваю ахвяру. Нібыта ўсё цела яго прашыла наскрозь нервовая сутарга. Прама над ім схіліўся чыйсці белы, бы маска, страшэнны твар з бяскроўнымі вуснамі і велічэзнымі зялёнымі вачыма. Доўгія белыя валасы пасмамі падалі на плечы. Адзенне было таксама белым і доўгім. Язэп не мог адвесці вачэй ад здані. Ён нават не заўважыў, як дачка каваля выбралася з воза і, размазваючы па шчаках слёзы крыўды, кінулася бегчы ў бок сяла. Ён быццам бы аслупянеў.

Вядучая 2. — Няўжо табе мала таго зла, што ты ўжо зрабіў, Язэп? – пачуўся рыпучы гук, так непадобны на голас жывога чалавека, — Навошта ты хацеў пакрыўдзіць гэтае дзяўчо? – спытала здань, і Язэп не змог знайсці ў сабе сілы, каб што-небудзь адказаць.

 Тады прывід стаў расці, пакуль галава яго не аказалася на ўзроўні вершалін дзвюх высокіх магутных хваін.

— Ідзі за мною, Язэп, бо я – Балотная Княгіня, — прагрымела, нібы гром з неба, — цябе чакае справядлівы суд!

Вядучая 1. Ногі самі панеслі злашчаснага Язэпа ў самы гушчар лесу. Ён ужо стаміўся ісці, калі яго страшэнная спадарожніца раптам спынілася на ўтульнай лясной палянцы, якая, нягледзячы на яшчэ халодную пару года, была падобна на яркі дыван з жывых кветак.

— Ты —  вялікі грэшнік, — казала Балотная Княгіня, якая зноў паменшылася да чалавечага памеру. – Але не мне судзіць цябе. Хай гэта робяць тыя, хто мае на гэта больш правоў.

Вядучая 2. І толькі тут заўважыў малады мужчына, што вакол яго, амаль нябачныя, быццам сатканыя з туману, мітусяцца няясныя постаці. Яго здзівіла, што ўсе яны – жаночыя. Але ён не паспеў нават нічога сказаць у сваім здзіўленні, бо наперад выйшла адна з іх, у рысах якой ён убачыў дзіўнае падабенства з нябожчыцай Марылькай – вясёлай сяброўкай яго дзяцінства. Яны раслі разам, разам гулялі ў свае дзіцячыя гульні, і не было ні дня, калі б не ўспаміналі адно аб адным. Аднойчы, роўна дзесяць год назад, яны пабеглі на возера катацца на каньках. Лёд быў слабы, Марылька раптам правалілася і пачала тануць. Была хвіліна, калі Язэп мог падаць ёй руку, але ён спалохоўся, што дзяўчына ўцягне яго за сабой у ваду, і пабег прэч, з крыкамі аб дапамозе.

Вядучая 1. Марылька патанула. Назаўсёды запамятаваў Язэп яе мёртвы тварык з застылым на ім выразам страху і дакору, калі вясковыя мужыкі выцягнулі маленькую тапельніцу з-пад вады. Зараз твар Марылькі з гэтым жа страшэнным выразам узнік перад ім.

Марылька ледзь чутна прашаптала:

—    Я абвінавачваю цябе ў злачыннай баязлівасці, Язэп. Ты заслугоўваеш смерці.

Прамовіла і адышла. На яе месцы з’явіўся другі цень.

Вядучая 2. Язэп адразу пазнаў сваю сястру Зосю, якую пахаваў два гады назад. Зосі не пашанцавала з мужам, бо ім аказаўся стары раўнівец. Язэп аддаў за яго сястру на правах адзінага мужчыны ў сям’і, паквапіўшыся на яго вялікае багацце. На вяселлі нявеста горка плакала. Але ці варта звяртаць увагу на капрызы шаснаццацігадовай дзяўчыны? Гэтай жа думкі прытрымліваўся Язэп і тады, калі аднойчы ноччу Зося ў адной сарочцы прыбегла да брата з мальбой выратаваць яе, схаваць ад раз’юшанага мужа. Язэп не толькі не схаваў сястру, але і сам перадаў у рукі мужа, які той жа ноччу забіў Зосю, прыраўнаваўшы да кагосьці з вясковых хлопцаў.

Зося цвёрда вымавіла, гледзячы з нянавісцю прама ў вочы Язэпа:

— Я абвінавачваю цябе ў чорствасці і асуджаю на смерць.

І ад слоў гэтых пахаладзела ўсё ўнутры Язэпа.

Вядучая 1. За спіной Зосевай цені з’явілася яшчэ адна, надзвычай худзенькая, з хваравітым тварам.

— Янка… – аднымі вуснамі прашаптаў Язэп. 

Янка была звычайнай вясковай дзяўчынай, не вельмі прыгожай, не вельмі разумнай, але ласкавай і добрай. Не аднойчы Язэп лавіў на сабе яе захоплены погляд, і гэта спадабалася яму. У іх было шмат агульных начэй і ранкаў. Аднойчы Янка прызналася свайму каханаму, што марыць быць яго жонкай і мець ад яго шмат дзяцей. І, можа, Язэп не кінуў бы гэтую сціплую працавітую дзяўчыну, калі б на шляху яго не ўзнікла Вераніка… Казалі потым, што Янка ў адчаі пайшла да вясковай знахаркі, каб пазбавіцца ад Язэпавага дзіцяці, якое хутка павінна было нарадзіцца, і ад гэтага памерла…

Вядучая 2. Нават не чуючы яе прысуду, Язэп ужо здагадаўся, што ён такі ж, як Марылін і Зосін. Янка вінаваціць яго ў абыякавасці, а ён ужо глядзіць у другі бок, адкуль набліжаецца да яго, як лес, цень Веранікі.

Ах, Вераніка-Вераніка. Што зрабіла ты з хлопцам! Навошта былі ў цябе такія сінія вочы, такія доўгія хвалістыя валасы? Навошта ўся ты была, як духмяная лугавая кветка?

Язэп вельмі кахаў яе, мабыць таму ніяк не мог прызнацца ў сваіх пачуццях красуні. Баяўся, што яна адмовіць, і не хацеў заўважаць, як успыхвае нечаканай радасцю твар Веранікі пры сустрэчы з ім… Ён спазніўся са сваім прызнаннем. Вераніка стала жонкай другога, і муж завёз яе ў чужую вёску. Там яна, ціхая, гаротная, і памерла праз год, хаця, казалі, кахаў яе муж і ніколі не крыўдзіў. Памерла ад суму па таму адзінаму, які не паспеў сказаць самыя важныя словы…

З надзеяй углядаецца Язэп у твар Веранікі. Няўжо яна не абароніць яго? Але самотны твар у каханай:

— Я абвінавачваю цябе ў нерашучасці. Ты павінен памерці…

Вядучая 1. І калі ў пятым цені пазнае Язэп маці, рукі і ногі яго так слабеюць, што ён ледзь не падае. Сваю віну перад маці ён так добра ведае, што іншага прысуду, чым смерць, яму не варта і чакаць.

Але маці, доўга гледзячы на сына, раптам кажа:

— Ты ні ў чым не вінаваты.

Тут узнімаецца вялікі крык нязгоды.

— Хіба быў ён паслухмяным сынам табе, старая? – пытаецца Балотная Княгіня. – Хіба не зносіў у шынок апошнія твае грошы?

— Але тады ён яшчэ не зарабляў сам і не ведаў кошт грошам, — адказала маці.

— Хіба ў той дзень, калі ты памірала, не весяліўся твой сын у карчме з сябрамі?

— Ён не ведаў, што я паміраю.

— Але нават калі даведаўся, што маці перад смерцю кліча яго, каб даць апошняе благаславенне, ён не прыйшоў да цябе.

— Тады ён ужо не трымаўся на нагах ад выпітага. Маё ж благаславенне я даслала яму з апошнім уздыхам, і яно павінна было знайсці яго, дзе б ён ні быў у той час.

Кожнае слова маці нібы ўваскрашала Язэпа з нежывых.

Вядучая 2. Але Балотная Княгіня, як сякерай па галаве, абрубіла:

— Ну, усё роўна. Большасць суддзяў патрабавала яго смерці. Ён – памрэ.

Язэп адчувае, як ён некуды павольна падае, і ў твар яму заглядаюць няўмольныя зялёныя вочы Балотнай Княгіні. І раптам цень маці робіць амаль няўлоўны рух, і нешта вялікае, яркае вылятае ў яе з-пад падола.

— Певень! Певень! – у жаху паўтараюць начныя прывіды. – Яна выпусціла пеўня, чый крык будзіць раніцу! Знікаем сёстры, наш час скончыўся. Яна выратавала яго!

У перадранішнім холадзе звонка прагучаў крык пеўня, і ўсё паплыло перад вачыма Язэпа.

Вядучая 1. Яго выпадкова знайшлі вяскоўцы ляжачым амаль на краю балотнага акна. Кабылка ж Язэпава сама прыйшла дамоў і прывезла ўсе пакупкі – нічога не знікла. Але з таго часу сумным, маўклівым стаў Язэп. Доўга не казаў ён нікому аб сваіх начных прыгодах. І толькі ў глыбокай старасці, перад самай смерцю, прызнаўся ва ўсім людзям, павініўся перад імі.

Вядучая 2. Многія, можа, думаюць, што ўсё было зусім не так, і Балотную Княгіню Язэп проста прысніў, калі п’яны, не даехаўшы дамоў, зваліўся ноччу з воза. Хто яго ведае, што тут праўда, а што хлусня. Але ўсім вядома, што паданні проста так, без падстаў, не ўзнікаюць у народзе.

Вядучая 1. А каго ж судзіла Балотная княгіня ў вашых легендах? Давайце паслухаем (выступаюць удзельнікі праекта).

/ відэакліп “Васільковае неба” (вык. Алена Ланская) /

Вядучая 2. А вось гэтае паданне добра ведаюць у Польшчы, любяць у Латвіі, выдаюць і перавыдаюць у фальклорных зборніках Літвы. Вужыная гаспадыня, пані Вужака, Каралева вужоў – па рознаму называе кожны народ галоўную гераіню падання, лічачы яго сваім, сапраўдным.

Вядучая 1. Але нарадзілася яно менавіта ў нашых мясцінах. Бо нідзе больш няма такіх магутных дубоў, светлых бяроз, трапяткіх асінак і самотных ялін, бо сімвалам беларускага Палесся з’яўляецца каранаваны вуж – Вужыны кароль, бо, слухаючы паданне гэтае, у кожным апісанні ўгадваюцца да болю знаёмыя родныя пейзажы, бо на думку спецыялістаў па фальклору, той варыянт падання, які і да гэтых часоў яшчэ расказваюць мясцовыя бабулькі ўнукам сваім, — самы старажытны з усіх вядомых і, дарэчы, самы прыгожы.

Вядучая 2. Устала сонейка раненька, зямлю асвяціла, ваду азёрную нагрэла. Пайшлі купацца тры маладзіцы, тры сяброўкі, тры красуні. Жывыя вочкі – у Паланеі, ружовы шчочкі – у Луцэі, доўгія косы – у Еглеі. Выкупаліся, удосталь пацешылі маладое цела, а як выйшлі з вады – бачаць, а на кашулі Еглеінай вуж сядзіць, вялікі, важны. Сядзіць ды і не думае знікаць. Пачалі зганяць лясную істоту сяброўкі: крычаць на вужа, нагамі тупаюць, рукамі пляскаюць, — не кранаецца з месца вуж. А ў тыя часы людзі яшчэ вельмі баяліся крыўдзіць гаспадароў лесу – няшчасце гэта магло прынесці. Што ж рабіць? Не ісці ж дамоў Еглеі без адзення?

Вядучая 1. Пачалі сяброўкі вучыць дзяўчыну:

— Ты паабяцай яму стужку з касы сваёй за тое, каб вярнуў кашулю.

Прапануе Еглея стужку – не аддае вуж адзення.

— Ты паабяцай яму паясок свой скураны, — раяць сяброўкі.

Абяцае Еглея паясок – не ўпаўзае вуж.

— Ты паабяцай яму пярсцёнак з пальца, — падгаворваюць Еглею дзяўчаты.

Працягнула Еглея пярсцёнак вужу, той прасунуў у яго кончык хваста і знік.

Вядучая 2. Прайшоў дзень, за ім – другі. Не можа Еглея забыць свайго пярсцёнка. А Луцэя з Паланеяй не вытрымалі, усім разбалбаталі пра выпадак ля возера:

— Заручылася наша Еглея з вужом.

І пачалі ўсе дражніць Еглею вужынай нявестай. Праходу ў вёсцы не давалі ёй дзеці, з цікаўнасцю разглядалі дзяўчыну маладыя людзі, са спачуваннем пагойдвалі сівымі голавамі старыя.  І не вытрымала Еглея, збегла з хаты. У лес глухі зайшла, упала на траву ды і залілася горкімі слязамі.

Вядучая 1. — Гэй, красуня, чаго плачаш? Ці пакрыўдзіў хто? – раздаўся раптам чыйсці добры голас.

Узняла Еглея вочы, бачыць – стаіць перад ёй гожы юнак і усміхаецца. Забыла дзяўчына пра крыўду сваю, пра слёзы, глядзіць толькі на прыгожага хлопца, погляду адвесці не можа. І раптам заўважыла бліснуў на пальцы ў незнаёмца яе пярсцёнак.

— Адкуль у цябе мой пярсцёнак? – пытаецца Еглея, — дзе знайшоў маю страту?

Вядучая 2. — Сама ж і падаравала, — гаворыць юнак. – Бо я той вуж, што бачыла ты ля возера. Не прымушаў я цябе, сама маёй нявестай назвалася. Ды я яшчэ хацеў пакінуць цябе сярод людзей, але бачу, няма табе там жыцця, таму са мной пойдзеш. Жонкай маёй будзеш. У возеры на дне маё жытло, там і будзем жыць. Не палохайся ж, Еглея, за мною ні ў чым нястачы ведаць не будзеш, бо сярод братоў маіх лясных я – найгалоўнейшы. Я – кароль вужыны, ты ж будзеш каралевай.

/ урывак з мультфільма “Казка пра Вужыную каралеву” /

Вядучая 1. Шэсць гадоў мінула з тых часін, як знікла Еглея. Бацькі ўжо вырашылі, што загінула, адсумавалі, адплакалі па дачцэ. Але цёплым летнім ранкам ступіла Еглея на родны ганак, ды не адна. Трое цудоўных ільнавалосых дзяцей ішло з ёю. Узрадаваліся бацькі, сталі цалаваць любімую дачку. І на дзетак Еглеіных налюбавацца не могуць! Моцны, крэпкі, сур’ёзны старэйшы сынок – Дубок, светлы ўсмешлівы другі – Бяроза, тоненькая, ціхая меншая дачка – Асінка. Пытаюцца старыя, як жыла іх дачка, дзе прападала, але маўчыць, не адказвае на пытанні іх Еглея. Толькі і вымавіла, што на тры ўсяго дзянькі дазволіў ёй муж да бацькоў у госці завітаць.

Вядучая 2. Пачулі аб нечаканым вяртанні старэйшыя браты Еглеі, сышліся ў бацькаў дом, паспелі ажаніцца яны. Адзін на Паланеі, другі – Луцэі. Жонкі іх таксама прыбеглі на сяброўку былую зазірнуць. Як зірнулі, так і ахнулі: зялёна-залацістая сукенка на Еглеі, уся каменнямі каштоўнымі прыбраная, у косах – атласныя зялёныя стужкі, у вушах – бурштынавыя завушніцы, а на галаве – незвычайнай прыгажосці вянец. І зайздрасць увайшла ў сэрцы іх.

— Не інакш, муж Еглеі – багаты і шчодры чалавек, — казалі яны адна адной, і за што ёй толькі такое шчасце? Ці ж мы не прыгажэй за яе? Але як жылі ў працы ды беднасці, так і жывём.

Вядучая 1. І замыслілі зайздросніцы нядобрае. Сталі падгаворваць яны мужоў:

— Чаму Еглея не называе імя бацькі дзяцей сваіх? Чаму толькі на тры дні вярнулася да нас? Чаму раней не было ад яе ніякай весткі? Няйначай, муж яе – страшыдла лясное, якое прыняло аблічча вужа, каб падмануць вашу даверлівую сястру. Мабыць, трымае яе недзе ў зняволенні, не дазваляючы нават на сонейка зірнуць. Адпусціўшы ж да нас – зачараваў яе, каб вярнулася ў ягоную бярлогу. Хіба ж не павінны мы выратаваць нашу Еглею?

Паслухаліся каварных жонак браты Еглеі, вырашылі яны даведацца праз пляменнікаў, дзе шукаць свайго зяця, ды і забіць яго.

Вядучая 2. На другі дзень ласкавымі былі браты да Еглеі, увесь дзень весялілі сястру, а вечарам прапанавалі адпусціць з імі ў начное старэйшага пляменніка. Пайшоў з імі хлопчык. Ноччу ж пачалі дзядзькі пытацца ў яго пра бацьку. Спачатку ўгаворвалі, а калі не дапамагло, дык і за бізун узяліся. Моўчкі стрымаў усё Дубок, нічога не дазналіся Еглеіны браты.

Раніцай усхваляваная Еглея пыталася:

— Чаму, сыне, невясёлы ты, чаму маўчыш, ні слова не скажаш маці? Ці не пакрыўдзілі цябе?

— Не, — адказаў хлопчык, усю ноч не спаў я, слухаў конікаў, лягушак ды глядзеў на месяц, стаміўся і хачу спаць.

Вядучая 1. Сонца кланілася да вечара, пачалі браты Еглеі выпрошваць дазволу, каб на гэты раз з другім пляменнікам у лугі пайсці. Згадзілася Еглея. І вось ужо задаюць свае пытанні дзядзькі другому пляменніку. Толькі смяецца маленькі Бяроза ў адказ. Раз’юшаныя браты Еглеі накалілі жалеза на агні ды падступіліся да хлопчыка. Заплакаў тады ён горка, але і тут нічога не сказаў.

Раніцай кінулася да сына Еглея:

— Чаму вочкі твае чырвоныя, сыне. Ці ж не плакаў ты?

— Не, маці, — адказаў з усмешкай Бяроза, — усю ноч мы палілі вогнішчы і пры святле іх любаваліся, як ходзяць коні па расе. Запарушыла мне вочы попелам.

Вядучая 2. На трэцюю ноч, ужо не пытаючыся дазволу ў сястры, звялі з сабою браты малодшую дзяўчынку. Як убачыла Асінка злыя твары сваіх дзядзькоў, як пачула іх нядобрыя словы, затрэслася ўся, зайшлася ад плачу ды выдала ім таямніцу:

— Дом наш у возеры, на самым дне. І шмат у ім багаццяў, але самае прыгожае што ёсць, — вялікая алмазная карона, якую бацька носіць на галаве. Увесь дзень бацька і маці сядзяць на вялікіх ракавінах жамчужніц, і ім з паклонамі прыслужваюць вужы, што ў возеры прымаюць абліччы людскія. І называюць яны бацьку Ял, бо на вужынай мове гэта значыць “кароль”, а маці – Яліна, бо гэта значыць “каралева”. А адпускаць да людзей нас бацька вельмі не хацеў, але маці так прасіла, што ён згадзіўся. Адпусціў толькі на тры дні і загадаў нікому не расказваць аб ім і нашым жыцці ў возеры. Калі ж спатрэбіцца маці вярнуцца, то павінна прыйсці яна на бераг возера і сказаць: “Ял, прымі Яліну”. Тады закіпіць белая пена на возеры і выйдзе з вады бацька.

Вядучая 1. Узрадаваліся браты Еглеі, схапілі косы свае ды кінуліся на бераг возера. Клікнулі яны караля вужоў з глыбіні, і ён даверліва ўсплыў ім насустрач.

Чытач. Цёмнай ноччу страшна у жальбе

Паміраць. Шуміць трава,

Глуха дзяцел ў дрэва б’е,

Гучна гукае сава.

 

А памрэш – прыціснуць грудзь пласты

Гліны. Ўстану ж на яру,

Падыму галоўку праз кусты,

Гляну ў неба і памру.

 

Скоціцца карона, пабяжыць

Залатая ў шэры мох.

Чорны кот магілу прыдзе рыць.

Дрогне вецер на кустох,

 

Месяц брызне хваляй серабра,

Расой блісне ў нізіне…

Разгарысь, вячэрняя зара,

У туманнай вышыне.

                      (М. Багдановіч “Змяіны цар”)

Вядучая 2. Адчула сэрца Еглеі бяду. Сядзіць яна ў бацькоўскім доме, не есць, не п’е. Луцэя з Паланеяй весяляць яе – не ўсміхаецца, браты загаворваюць – не чуе. Схапілася яна раптам, і, не казаўшы нікому ні слова, кінулася да возера. Дзеці ж за маці пабеглі. Устала на беразе Еглея, закрычала: “Ял, прымі Яліну!”. Але не ўсплыў  насустрач ёй любімы муж, і толькі закіпела на вадзе чырвоная, крывавая пена. Зразумела тады усё Еглея, плакаць пачала, галасіць:

Вядучая 1. — Муж мой любы, адзіны! Загубілі наша шчасце злыя людзі. Няма цяпер у мяне кахання, няма чаго вяртацца ў возера. Але і з людзьмі нядобрымі, зайздроснымі не застануся! Стане Яліна твая дрэвам змрочным, самотным. Няхай будзе яно і ўзімку і ўлетку аднаго колеру – колеру тугі маёй. Да скону мне аплакваць цябе, мой каханы, слязьмі смалістымі, пякучымі.

Вядучая 2. Потым абярнулася яна да дзяцей сваіх:

— Хто з вас выдаў бацьку? – спытала.

Сумна прамаўчалі сыны, затрослася ад страху дзяўчынка.

— Вы таксама станеце дрэвамі, — вымавіла няшчасная маці. – Ты, Дубок, магутным і моцным. Як мужна ахоўваў ты шчасце маці сваёй, так жа будзеш ахоўваць тых, хто зробіць з цябе шчыты для бойкі. Ты, Бяроза, светлым і добрым: як імкнуўся ты супакоіць мяне, развесяліць, будзеш супакойваць людзей светлым, гаючым сокам, весяліць ігрою дудачкі, зробленай з галін тваіх. Ты ж дачка баязлівая, сэрцам нямоцная, усё жыццё будзеш згінацца пад ветрам ды дрыжэць кожным лістом сваім, палохаючыся нават самога жыцця.

Вядучая 1. І як толькі дагаварыла гэта Еглея, усе чацвёра абярнуліся дрэвамі. З тых часоў і з’явіліся ў нашых мясцінах яліны ды дубы, бярозы ды асіны. А ад нас разбегліся, разнесліся яны і па ўсёй зямлі.

/ відэакліп “Вы шуміце бярозы” (вык. “Сябры”) /

Вядучая 2. Вось мы і пазнаёміліся з самымі яскравымі легендамі і паданнямі нашай роднай Пружаншчыны. Але сёння мы толькі дакрануліся да дзіўнага мінулага нашых продкаў. Калі ў вас узнікненне жаданне больш падрабязней пазнаёміцца з легендамі роднага краю, то прапаю вашай увазе шэраг кніг, якія вы знойдзеце ў бібліятэках нашага горада: “Беларуская міфалогія” (энцыклапедычны слоўнік), “Белая Русь” (гісторыя Беларусі ў легендах і паданнях), “Беларускі фальклор” (энцыклапедыя), “Бяздоннае багацце” (легенды, паданні, сказы), “Дрэва кахання” (легенды, паданні, сказы) і “Легенды і паданні Пружанскага краю” (літаратурна-краязнаўчы зборнік).

Вядучая 1. Мяркуем, што кожны з нас павінен ведаць свой край, гісторыю, легенды і паданні  свайго народа, бо яны – частка яго культуры. Творы вуснай народнай творчасці ніколі не старэюць. Яны будуць жыць, узбагачаць нашы розум і сэрцы, вучыць нас дабру і справядлівасці, самаадданай любві да роднай краіны. Дзякуй вам за ўдзел і увагу.

Складальнік: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.

 

Крыніцы.

  1. Багдановіч, Максім. Поўны збор твораў. У 3 т. Т. 1. Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды / Максім Багдановіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1991. – 752 с.: іл.
  2. Беларуская міфалогія : энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. – Мінск : Беларусь, 2004. – 592 с.
  3. Броўка, Пятрусь. Вада : верш : [Электронны рэсурс] / Пятрусь Броўка. – Рэжым дуступу : http://brouka.ru.
  4. Древняя мифология белорусов : [Электронный ресурс]. – Режим дуступа : https://savitridevi.livejournal.com.
  5. Легенды і паданні Пружанскага краю : літаратурна-краязнаўчы зборнік / уклад. Н. К. Шабуня. – Пружаны, 2008. – 84 с.
  6. Самой гісторыі дыханне ў легендах, казках і паданнях : сцэнарый школьнага свята для вучняў 4-6 класаў : [Электронны рэсурс]. – Рэжым дуступу : http://uchitelu.net.
  7. Топ-5 легенд о белорусских озёрах : [Электронный ресурс]. – Режим дуступа : https://np.by.

Метки: , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , , . Закладка Постоянная ссылка.

Добавить комментарий